Бярозаўскі гурт :B:N: і магілёўскі Akute прыехалі ў Мінск, каб паказаць, як трэба граць рок. Каманды далі шыкоўны канцэрт на дваіх у клубе Re:public. Ахвочых паслухаць і пабачыць каманды, якія ўваходзяць у шэраг лідараў беларускага року, сабралася нямала. Нават пачатак канцэрту давялося адсунуць на паўгадзіны, каб у вузкія дзверы вялікага клуба ўціснуліся ўсе.
“Мы сапраўды гурт Akute”, — пераконваў са сцэны Раман Жыгараў тую частку публікі, якая яшчэ не дала веры факту іх з’яўлення. Вакаліст каманды Стас быў нешматслоўным, так што з публікай у асноўным размаўляў Рома. “А цяпер песня пра каханне і смерць”, — з наўмысным пафасам прадставіў ён адзін з галоўных хітоў “Свяці”. Найвялікшае ж захапленне выклікала песня “Непазбежна”, прадстаўленая, як “шос-ты нумар”, вельмі добра былі прынятыя “Шчасце” і, вядома ж, галоўны хіт пры канцы — “Адзіноцтва”. “Мы рады грэць хлопцаў з :B:N:”, — прызналіся на развітанне магілёўскія музыкі ды саступілі месца сваім калегам.
На сцэну выйшаў Алесь Лютыч, выставіў “казу”, узяўся за гітару — і панеслася… Вельмі часта яму і спяваць не даводзілася – за яго гэта рабілі гледачы. Перад прэзентацыяй зусім новай песні “Выраю няма” Алесь прызнаўся, што вельмі хвалюецца, але нумар быў прыняты на ўра.
“Мяса давай!”, — прасілі першыя шэрагі, а :B:N: у адказ сыгралі сваю фірмовую рок-баладу “Будзь сабой”. “Ну што, фраеры?” — перапыніў крыкі Лютыч ды зарадзіў “Моднікаў”. Далей Алесь запрасіў на сцэну чароўную радыстку Кэт, каб выканаць разам песню, якую звычайна гледачы здымаюць на відэа. Так яно было і гэтым разам: як толькі загучалі першыя акорды “Дажджамі”, усе дасталі свае фоцікі ці мабільнікі, каб пакінуць успамін пра цудоўную песню. “Мяса” :B:N: таксама далі, калі загучала, пэўна, самая “стэйндждайвінгавая” іх песня – дзясяткі людзей пачалі караскацца на сцэну, каб потым паляцець па-над натоўпам. На выкананні “Ляці” прыхільнікі нават разгарнулі на сцэне сцяг. Алесь іх перапыніў: “Няўжо вы хочаце, каб канцэрт скончыўся заўчасна?” Усе хацелі слухаць далей, таму сцяг прыбралі ўмомант.
Скончыўся вялікі сэт :B:N: харавым выкананнем кавера на песню гурта “Палац” “Як пайду я ў новую канюшню”.
Мікалай Дубавіцкі, фота – Аляксандар Ждановіч