15.11.2011 | Музыка

“Зімачка” ў дзень першага снегу ад этна-трыа “Троіца” (фотарэпартаж)

Этна-трыа “Троіца” дала ў Малой зале КЗ “Мінск” экслюзіўны канцэрт, дзе зайгралі песні з новай праграмы “Зімачка” ды іншыя творы з папярэдніх альбомаў. “Гэта, мусіць, мы выклікалі першы снег”, – з усмешкай хваліўся Іван Кірчук. Музыкам было чаму радавацца – перапоўненая зала купала іх у авацыях.


Іван Кірчук

Канцэрт этна-трыа “Троіца” 14 лістапада быў названы “эксклюзіўным”. Музыкі нічога новага публіцы ў гэты вечар не прадстаўлялі, але кожны выхад на сцэну Кірчука напраўду можна лічыць унікальным.


Юры Паўлоўскі


Юры Дзмітрыеў

Пакуль зала запаўнялася, Іван Іванавіч з хваляваннем выглядаў з грымёркі, але цалкам супакоіўся, калі ўсе месцы запоўніліся. Арганізатарам давялося дастаўляць яшчэ дадатковыя крэслы – на “Троіцы”, як заўжды, перааншлаг. У час канцэрту Кірчук пацешыўся гэтаму: “Як добра, што беларускія музыкі збіраюць поўныя залы, няхай пакуль і не вельмі вялікія”.

Пачалі музыкі з выканання песні “Сонца коціцца”. Так супала, што кампанія “Сонца” выступіла спонсарам гэтага канцэрту, і дзякуючы ёй гэтая кампазіцыя была запісаная. Кірчук, Дзмітрыеў і Паўлоўскі выглядалі на чараўнікоў, якім на сцэне падуладна ўсё магчымае і немагчымае. Вельмі дарэчы прагучала “Зімачка” ў дзень, калі выпаў першы снег. Лідар “Троіцы” нават пажартаваў з гэтай нагоды: гэта мы яго, маўляў, выклікалі, а потым расказаў, дзе яны сёлета прадставілі сваю праграму. Музыкі паездзілі па гарадах Беларусі і Польшчы, заехалі ў Падмаскоўе, дзе выступілі на фестывалі духоўнай музыкі, што ладзілі святары з царквы Св. Тройцы.

Слухачы захапляліся музыкай і голасам Кірчука, а той у сваю чаргу выказваў павагу да палескай манеры спеваў. “Няма ў свеце нічога прыгажэйшага за народны спеў”, – прызнаўся выканаўца.

Канцэрт быў умоўна падзелены на дзве часткі, у другой граліся песні з ранейшых альбомаў этна-трыа: “Тры янгалы”, “Борам” са збору Генадзя Цітовіча, “Шэльма” з архіву Таццяны Песнякевіч. Перад яе выкананнем Кірчук выклікаў усмешку ў гледачоў заўвагай: “Вось старыя людзі кажуць, што ў іх часы ніхто не здраджваў, а мы знайшлі песню, дзе вядзецца зусім пра адваротнае”. Скончылі свой сэт музыкі творам “Ажаніла”, але, вядома ж, без выхаду на біс іх не адпусцілі. Таму дадаткова прагучала “Яблынь”, а на развітанне “Журавы” з пажаданнем ад Івана Іванавіча заўжды мець шчасце.

25 студзеня 2012 этна-трыа “Троіца” пакажа “Зімачку” ў зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Зладзіць тут канцэрт было даўняй марай музыкаў.

 

Мікалай Дубавіцкі, Аляксандр Ждановіч (фота)


Адзін каментар у ““Зімачка” ў дзень першага снегу ад этна-трыа “Троіца” (фотарэпартаж)”

  1. Іna says:

    Ой! як добра, што ёсць такія вось канцэрты! І шкода, што да Палесся група не даехала…

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика