
— Быць беларусам на Беларусі вельмі цяжка. Яшчэ цяжэй ім стаць, бо ў нашай краіне беларускасць не вітаецца, лічыцца непатрэбным элементам. Я сам калісьці зневажаў усё беларускае. У той час я вучыўся ў 5-м класе. На ўроках беларускай мовы я выступаў і на ўвесь клас выказваў свае абурэнне тым, што мы вывучаем беларускую мову.
Спачатку нешта беларускае ўва мне праявілася ў адным выпадку. Я штогод едзіў да бабулі ў горад Марыупаль (Данецкая вобласць). Адпачываў я там некалькі тыдняў і нешта так засумаваў па радзіме, што пачаў успамінаць беларускую мову, спрабаваў на ёй размаўляць. Потым, калі мы былі ў горадзе, я гучна размаўляў на беларускай мове, каб усе чулі. Людзі вакол, вядома, не разумелі, прымалі мову за ўкраінска-польскую. Гэты выпадак вельмі на мяне паўплываў. Ужо бліжэй да 7 класу я пачынаў набываць свядомасць, адчуваць сябе беларусам. Гэты працэс ішоў марудна і паскорыўся падзеямі 2006 году. Шмат людзей пасля выбараў пачалі цікавіцца беларушчынай, размаўляць на беларускай мове. Я часам параўноўваю сваю любоў да роднай мовы з любоўю да дзяўчыны, бо яна прыгожая, мілагучная, родная. У радасці і суме яна разам з табою, неад’емная частка твайго “Я”.
Для мяне беларус – гэта чалавек, які любіць сваю краіну. Калі дзесьці чуеш беларускую мову, то ведаеш, што гэты чалавек размаўляе на роднай мове не проста так. У кожнае слова ён укладае патаемны сэнс, частку самога сябе, сваёй беларускай душы. Нашая мова жыла, жыве і будзе жыць, яна неад’емная частка нашага народа.