"Тузін. Перазагрузка". Naka

У межах праекту "Тузін. Перазагрузка" інтэрнэт-парталу "Тузін Гітоў" і грамадскай кампаніі "Будзьма беларусамі!" бярэ ўдзел гурт Naka. Па-беларуску загучыць іх песня, якая так прыйшлася даспадобы заўсёднікам расійскіх рок-фэстаў, – "Дорога".
Гурт Naka вылучаецца з айчынных камандаў экспрэсіўнасцю, шчырасцю і… нахабнасцю. За пяць гадоў свайго існавання гурт паспеў выступіць на адной сцэне з многімі зоркамі – ад "Чижа" да Bloodhound Gang. Яны – сталыя ўдзельнікі расійскіх піўных фэстаў ("Крылья", "Окна открой") і складанак тамтэйшага року ("Охота", "Даёшь рок"). На другі год свайго існавання гурт ужо меў кантракт з расійскай кампаніяй "Пролог-мьюзик (RDM)", ратацыі на радыёстанцыях і аншлагавыя сольныя канцэрты.
Нягледзячы на тое, што ў Расіі (ды Украіне) музыкі пачуваюцца больш упэўнена, яны лічаць сябе беларусамі. "Гэта сапраўдны беларускі рок", - такім чынам прадстаўляюцца песні на афіцыйнай старонцы гурта з уласнымі MP3. Вакалістка Naka (і па сумяшчальніцтве акторка Рускага драматычнага тэатра) Наста Шпакоўская спявае па-расійску, але беларуская мова для яе – самая-самая: "Нашая мова пявучая, прыгожая і мае ў сваёй гэтай пявучасці шмат нюансаў, якіх няма ў мове расійскай", - кажа сьпявачка.
Наста заўжды мае свой погляд на тое, што адбываецца наўкол. Падчас падзеяў увесну 2006 году яна публічна выказалася ад імя ўсяго гурта ў падтрымку затрыманых на Кастрычніцкай плошчы, а потым выступіла ў абарону касьцёлу святога Язэпа ў Мінску, замест якога планаваўся гатэль.
Першы дыск каманды пад назвай "Тебе" з’явіўся ў 2005 годзе і цалкам выкладзены на іх сайце. Цяпер гурт актыўна працуе над сваім другім альбомам пад назвай "Пора", але з задавальненнем прыняў прапанову ўзяць удзел у праекце "Тузін. Перазагрузка". "Было б глупствам яе не прыняць, бо сёння рок-музыкі маюць не так шмат магчымасьцяў выхаду да слухачоў, - кажа Наста Шпакоўская. - Да ўсяго, для мяне самой вялікая інтрыга ў тым, як загучыць нашая песня па-беларуску". Для пераасэнсаваньня гурт абраў адзін са сваіх галоўных хітоў – песню "Дорога". За яе пераклад возьмецца Глеб Лабадзенка.
Наступны ўдзельнік "Перазагрузкі" будзе прадстаўлены 5 чэрвеня.
Даведка: У праекце "Тузін. Перазагрузка" інтэрнэт-парталу "Тузін Гітоў" і грамадскай кампаніі "Будзьма беларусамі!" бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў, якіх лучыць арыгінальнасць матэрыялу, прафесійнасць у музычным падыходзе і жаданне эксперыментаваць. Кожны з іх перазапіша адзін са сваіх хітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафесійным перакладчыкам. Усе песні будуць прэзентаваныя на старонках music.fromby.net і www.budzma.org/
Інфармацыйныя партнёры акцыі "ТУЗІН. ПЕРАЗАГРУЗКА":
Інтэрнэт-партал TUT.BY
Першая прафесійная радыёстанцыя байнэту – Netradio.by
Першая беларуская газета – "Наша Ніва"
Першая беларуская транспамежная FM-станцыя – Радыё Рацыя (98,1 FM у Гродне і Беластоку)
Праграма "Proдвижение" (штонядзелю апоўначы, штосераду апоўдні на тэлеканале "Лад")
Праграма "Новая зямля" (шточацвер а 23-й гадзіне на Радыё Unistar (99,5 FM у Мінску, 102,3 FM у Брэсце).
Апублікаваць у LiveJournal
Апублікаваць у FaceBook
Каментароў няма »
Каментароў пакуль няма.






