– Шлях мой да беларушчыны ёсць неад’емным ад майго жыццёвага шляху. Усе мае продкі цягам прынамсі ста пяцідзесяці гадоў жылі на гэтых землях, і быць кімсьці іншым, не беларусам, для мяне значыць здрадзіць ім, тым, хто жыў да мяне, тым, хто даў мне жыццё. З самага дзяцінства, дзякуючы непарыўнай сувязі з вёскай, сакавітым прымаўкам, прыказкам, песням ды звычаям, якія, нягледзячы на русіфікацыю ды саветызацыю, усё адно заставаліся ў нашай сям’і, я дробнымі крокамі набліжаўся да свайго збеларушвання.
Нельга забывацца й на важкі ўплыў “Калыханкі” й яе гуру Дзеда-барадзеда. Героі гэтае перадачы й сёння нагадваюць дзецям пра іхныя карані. Ды што дзеці!? – дзякуючы “Калыханцы” па-беларуску зарохкаў нават парсюк Хвунцік! Але пасля прыйшоў 95-ы… Хутка знік барадзед, беларускамоўныя мульцяшкі, а я, тады маленькі сямігадовы хлопчык, ніяк не мог зразумець прычыну знікнення ўжо дарагое мне Пагоні. На доўгі час для Беларусі знік і я…
Чарговае маё нацыянальнае адраджэнне наступіла дзякуючы зацікаўленасці гісторыяй. Захапленне мінуўшчынай спрычынілася да непрыняцця сучаснасці, таго стану, у якім апынулася Беларусь. “Старажытная Беларусь” Ермаловіча ды асабісты прыклад сябра Арцёма паказалі, што яшчэ не ўсё страчанае, ёсць шанец, ёсць патрэба. У выніку пачаліся першыя нясмелыя спробы размаўляць па-беларуску, першае неразуменне з боку знаёмых і сваякоў. І ўрэшце, у пятнаццаць з паловай гадоў, пасля сваркі з дзядзькам я пачаў размаўляць, я стаў Беларусам.