Быць беларусам: Віталь Сіліцкі

slickifota

Цягам траўня трывае сумесны праект budzma.orgtut.by “Быць беларусам – што гэта значыць?”. Вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Адказы падаюцца на мове арыгіналу. Сёння на пытанні анкеты “Быць беларусам – што гэта значыць?” адказвае Віталь Сіліцкі, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, кандыдат паліталагічных навук

– Быць  беларусам – што гэта значыць? Якое значэнне вы ўкладаеце ў  слова беларус/беларуска?

– Жыць у Беларусі, размаўляць па-беларуску, дбаць пра  Беларусь, любіць Беларусь.

– Якія  ўнікальныя беларускія рысы характару і  светагляду ўласцівыя  беларусам?

– Ніякіх. Мы такія ж  людзі як усе. Можа, беларусам уласціва якраз самазамілаванне ад сваёй  «выключнай» працавітасці, гасціннасці, талерантнасці. Не вераць яны што немец можа гасцінна адчыніць дзверы, а казах – прыняць вас такім, якім вы ёсць. Але гэта ад слабага ведання свету.

– Назавіце  тры/пяць асноўных падзеяў  з гісторыі Беларусі, без ведання якіх – беларус не беларус.

– З «уявімай» гісторыі Беларусі:

1. Крэўская вунія

2. Выданне скарынаўскай  бібліі

3. Стварэнне літоўскіх  статутаў

4. Берасцейская і  люблінская вуніі.

5. Патоп 1654-1667 гг.

З найноўшай гісторыі Беларусі:

1. Паўстанне 1863 года.

2. Выданне «Дудкі  беларускай» Багушэвічам

3. Абвяшчэнне БНР

4. Рэпрэсіі 1930-х гг.

5. Другая сусветная  вайна

6. Чарнобыль.

– Якія  традыцыі павінен  ведаць і захоўваць  беларус?

– Тыя, якія ён здолее найперш  адрадзіць. Традыцыі 8 сакавіка і 23 лютага добра было б «падладзіць» пад  Дзень Маці і Дзень Айца як хрысціяне  калісьці падладжваліся пад паганскія  святы. А традыцыі ў кожнага народа аднолькавыя – шанаваць Божае  нараджэнне і ўваскрашэнне, продкаў, сваю свабоду і незалежнасць.

– Беларус без ведання мовы ці беларус?

– Так, калі ён лічыць сябе беларусам, калі яму неабыякавы лёс  Беларусі і яго суродзічаў. Для  мяне размаўляць па-беларуску –  прынцыпова, але я паважаю тых, каму не.

– Чым беларускім вы ганарыцеся?

– Нарачанскім хлебам і  дранікамі, скарынаўскай бібліяй і  літоўскімі статутамі, гандболам і  гімнастыкай, БелАЗамі і СУ, Песнярамі  і“Троіцай”,  Крамбамбуляй і белавежскай, беларускім балетам і віленскім  барока, Быкавым і Караткевічам, ARCHE i Нашай Нівай,  карацей, ёсць чым.

– Што робіць нас беларусаў  адметнымі сярод  суседзяў?

– Своеасаблівыя афіцыйныя  герб і сцяг

– Што робіць беларусаў  адметнымі ва ўсім свеце?

– Дастаткова, каб яны  самі ў свеце называліся беларусамі, а не from Russia.

– Як вы бачыце будучыню Беларусі?

– Светлай і прыўкраснай.

На фота: Віталь Сіліцкі, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, кандыдат паліталагічных навук

Усе гісторыі

Пра праект “Быць беларусам”

budzma.orgtut.by