Ці магчымы поп-арт у цяперашняй Беларусі?
З нагоды куратарскага праекту Сяргея Шабохіна "Філасофія мас. Беларускі нэа-поп-арт" (галерэя Ў ).
Надзвычай смелая, правакацыйная, насычаная, разняволеная, але паслядоўна падпарадкаваная куратарскай ідэі выстава – насуперак шматгадовым высілкам Акадэміі мастацтваў і Саюзу мастакоў – сцвярджае наяўнасць ў беларускім мастацтве поп-арту і нават спрабуе ўкараніць яго, прыстаўкай "нэа-" намякаючы, што ў нашага поп-арту можа быць свая гісторыя.
Аднак мне яна цікавая найперш магчымасцю падумаць пра тое, як мастак выяўляе філасофію цяперашніх мас і ад якой філасофіі ён сам ідзе. Цалкам падтрымліваючы ідэю пра тое, што мастаку можна ўсё, я хачу тым не менш заўважыць, што гэтае "ўсё" мае досыць вызначанае аблічча. Якое?
Аглядаючы экспазіцыю, з трывогай фіксавала ўнутры ўсе стадыі абвастрэння рэфлектыўнай маніі вышукваць цвяток радзімы васілька ў кожным аб’екце.
Прадстаўленыя працы натуральна спажываюць масавыя вобразы амерыканскага, савецкага і нават нова-расійскага паходжання. Можна асобна разважаць, чаму менавіта гэтыя, аднак хоць якія-небудзь сімвалы нашага беларускага часу адсутнічаюць з зайздроснай упартасцю. Прычым масавая свядомасць ёсць, і, здавалася б, такая, што ніякага мастацкага перастварэння не трэба – можна браць жыўцом, пра што надзвычай эфектна сведчыць серыя фотаздымкаў Андрэя Лянкевіча ("Беларускае партфоліа"). Аднак аўтары яе ігнаруюць, і настолькі пераканаўча, што тут жа знайшліся гатовыя бязлітасна асудзіць за непатрыятычнасць, заклеймаваць як ухілістаў і эскапістаў і ў выніку прызнаць выставу рэтра-хламам.
Цяперашняя лукашэнкаўская рэчаіснасць дае вялізны матэрыял для канцэптуальных праектаў рознай ступені мастацкай і грамадскай вартасці: ад Белжабы да "Майго прэзідэнта" Марыны Напрушкінай. Аднак поп-арт патрабуе свядомага адасаблення мастака ад вобразаў маскультуры, і ў пэўным сэнсе гэты кірунак ёсць маркерам свабоды і фертыльнасці масавай свядомасці. Пры капіталізме, канечне, лягчэй: не падабаецца Макдональдс – іду ў Бургеркінг; выбар паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі хоць і невялікі, але ёсць, а калі яго недастаткова – адрас найбліжэйшай да твайго дому крамы зброі знайсці вельмі проста.
А нашыя мастакі пазбягаюць выкарыстоўваць сімвалы багатага на кіч і побытавую нікчэмнасць палітычнага жыцця. Так, нават вобразы савецкай рэчаіснасці трапілі ў шырокае спажыванне ў прадстаўнікоў поп-арту толькі ў перыяд перабудовы, калі адлегласць паміж творцам і сімвалам масавай культуры, бадай, ужо сфармавалася гістарычна. Савецкі побыт натхняе і дагэтуль (Артур Клінаў "Партызанскі буцік", Руслан Вашкевіч "Кінадзівы"), але абавязковы складнік поп-арту як праявы сацыяльнай крытыкі губляецца незваротна – хворы ўжо даўно спіць спакойна.
Найбольш радыкальна і свежа выглядаюць працы, дзе чуллівая душа ўгледзіць фемінісцкі пафас (Антаніна Слабодчыкава "Маці-гераіня", Алена Шычко "Добры дзень, гэта я" і інш). Відавочна, аўтаркам ёсць з чаго зыходзіць, і гэта не можа не цешыць.
Брэнды нашыя ўжываць таксама неяк не выпадае. Лозунг "Купляйце беларускае" не проста выяўляе клопат ідэолагаў па розныя бакі барыкады пра тое, каб грошы заставаліся "ў сям’і", але і накладае на кожнага з нас маральны абавязак і вызначае межы нашых побытавых практык. Купляючы якія калготкі Sanpellegrino замест прадукцыі Брэсцкага панчошнага камбіната, пачуваешся ўтрыманкай Берлусконі, а не дай жа божа купіць нешта расійскай вытворчасці. Дык як жа наважышся кінуць камень у Ірыну Дарафееву ці пакпіць з крэатыўных высілкаў аўтараў рэкламы Бабруйскага мясакамбіната, калі, убачыўшы такое, вушы пачынаюць гарэць ад сораму, і разумееш, што гэта зрабіў ты сам і лепш адразу збегчы, пакуль нехта не заўважыў. Такая ўключанасць мастака ў массвядомасць, маральная знітаванасць з кожнай з’явай, эканамічнай ці палітычнай, паспяхова пераадольваецца ў праекце самога Шабохіна "Art-brending", які адзіны не фіксуе гэтую філасофію і нават не столькі разбурае, колькі стварае прынцыпова новую прастору.
Ідэалагічны слуп не горш за атмасферны цісне на кожнага з нас, самыя дужыя творцы шукаюць прытулку пад страхой іншых welfare-соцыюмаў. Таму мы бездакорна і бліскуча засвоілі поп-арт як метад, а вось смеласці выявіць яго філасофію як крытыку грамадства спажывання (калі яно ёсць), пакуль не стае.
Смялейма разам!
Скарыстаныя фотаздымкі Еўрапейскага радыё для Беларусі.
Глядзі па тэме:
Апублікаваць у LiveJournal
Апублікаваць у FaceBook
Каментароў няма »
Каментароў пакуль няма.










