Неба і зямля Віргініі Венцкунене

Выстава твораў сучаснай літоўскай скульптаркі Віргініі Венцкунене адкрылася у гродзенскай выставачнай залі Саюза Мастакоў 2-га сакавіка. Спадарыня Венцкунене тлумачыць, што дасягнула такога ўзросту, калі чалавек адчувае, што знаходзіцца не зусім на зямлі, а як бы адарваным ад зямлі. Далей »

Шалом распачаў свой шлях з Гародні

Прэзентацыя ваеннага рамана Артура Клінава “Шалом” і адкрыццё фотавыставы “Горад Сонца” адбылася 24 лютага ў гарадзенскай галерэі “Крыга”. Гэта была першая афіцыйная прэзентацыя рамана ў Беларусі. 28 студзеня ў дзень выхаду ў Мінску адбыўся толькі эксклюзіўны продаж самой кнігі. Па словах Артура, “у гэтай кнізе шмат аўтабіяграфічнага. Усе падзеі ўзятыя з жыцця. Да Прыкладу, мастак, што малюе мандавошак, — гэта Зміцер Вішнёў”. “Гэтай прэзентацыяй, — кажа Артур Клінаў, — я хачу адкрыць шлях драйву новай беларускай літаратуры. З яе трэба зрабіць модны брэнд, таму мы распачалі агрэсіўны маркетынг гэтай кнігі. Тур прэзентацый па краіне пройдзе пры ўдзеле кампаніі “Будзьма беларусамі”. “У гэтым туры мы плануем праехаць вялікія гарады — Віцебск, Мінск, Берасце і, канечне ж, Магілёў, адкуль паходзіць галоўны герой кніжкі. Апроч самой прэзентацыі мы павінныя прынесці “Шалом” у кожны дом — гэта значыць, беларуская літаратура мусіць пашыраць сваю аўдыторыю. Цікавасць да літаратуры расце, і нам трэба толькі прыспешваць гэтую цікавасць. Беларуская літаратура мусіць стаць літаратурай буры і эмоцый”. “Цяпер асноўны акцэнт кампаніі — інтэрнэт, кажа Артур Клінаў. — Па першых выніках ужо бачна, што патэнцыял будзе расці . Аднак ужо ёсць першыя пакрыўджаныя”. Аўтар кажа, што апошнім часам натхняўся творчасцю Яна Баршчэўскага, таму што ў мінулым годзе пачаў працу над сцэнаром да экранізацыі кнігі "Шляхціц Завальня". Сам Баршчэўскі, па словах Клінава, “вельмі цікавы, але надта змрочны. А музыку слухаю для натхнення розную пазітыўную. Цяпер слухаю “Тату”, раней улюбёным гуртом быў “Ленінград”. На выставе была гарадзенская моладзь, вядомыя ў горадзе мастакі і архітэктары. Апроч “Шалома” Артур паказаў гарадзенцам і іншыя свае выданні. Увечары 24-га Клінаў з’ехаў у Мінск. Яго фотавыстава “Горад Сонца” будзе адкрытая для наведнікаў “Крыгі” да 2 сакавіка. Далей »

“Шалом у кожны дом!” стартуе ў Горадні

Грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” пачынае прэзентацыйны тур новага рамана Артура Клінава “Шалом”. Тур пройдзе па Беларусі пад назвай “Шалом у кожны дом!” Што такое беларуская літаратура сёння? Абавязковая школьная праграма? Аўтары, мала вядомыя шырокаму грамадству? Наклады 500-1000 асобнікаў? Кола людзей, гатовых чытаць па-беларуску, — сотня тысяч чалавек? Мы кажам: не! Беларуская літаратура сёння — гэта бура і націск! Яркія аўтары! Агрэсіўны маркетынг! Тэксты, у якіх адказы на актуаліі нашага часу! Беларуская літаратура заўтра — гэта наклады на дзясяткі тысяч асобнікаў! Аўтары, якіх ведае ўся краіна! Аўдыторыя чытачоў — 10 мільёнаў, уся Беларусь! Будзьма чытаць па-беларуску! Першая прэзентацыя рамана Артура Клінава “Шалом” адбудзецца заўтра, 24 лютага, у Горадні ў галерэі “Крыга” (вул. Савецкая, 3). Пачатак а 17-й гадзіне. Будзьма беларусамі! Горадня! Шалом! Далей »

Зміцер Вайцюшкевіч: далей, гучней, часцей

Зміцер Вайцюшкевіч працягвае бурную гастрольную актыўнасць у межах кампаніі "Будзьма беларусамі!". Найбліжэйшым часам чакаюцца чатыры канцэрты артыста. Халоднымі лютаўскімі днямі вакаліста, аўтара музыкі, аранжыроўшчыка і музыкі Змітра Вайцюшкевіча можна будзе ўбачыць і пачуць на сцэнах Зялёнага Бору, Гародні, Лагойску і Бярозаўкі, радзімы аўтара. Былы ўдзельнік гуртоў “Палац” і “Kriwi”, а цяпер лідар і ідэйны натхняльнік “WZ-Orkiestra” выканае як даўнія песні, так і новыя, эксклюзіўныя кампазіцыі. 19 лютага пасёлак Зялёны Бор, Смалявіцкі раён, Мінская вобласць Дом культуры 19.00 22 лютага Гародня Тэатр лялек, вул. Дзяржынскага, 1/1 19.00 Квіткі 10 000 і 15 000 Даведкі: + 375 (152) 74-59-30, + 375 (152) 74-59-27 24 лютага Лагойск, Мінская вобл. Дом Адпачынку састарэлых і інвалідаў 12.00 Уваход вольны 25 лютага Бярозаўка, Дом культуры Гарадзенская вобл., Лідскі р-н., г. Бярозаўка Пачатак – 18.00 Уваход – 4000 Далей »

“Песні філаматаў і філарэтаў” у Гародні

12 лютага 2011 года ў Гародні пры падтрымцы МГА “Гісторыка” і грамадскай ініцыятывы “Будзьма беларусамі!” адбыліся дзве імпрэзы ў межах гістарычна-музычнага асветніцкага праекту “Песні філаматаў і філарэтаў”. Гэты праект існуе з траўня 2009 года і скіраваны на папулярызацыю творчай спадчыны сяброў студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў, увядзенне яе ў сучасны кантэкст беларускай літаратуры і культуры, узбагачэнне традыцый беларускага студэнцтва, узнаўленне ідэалаў і каштоўнасцяў выбітных прадстаўнікоў беларускай/ліцвінскай шляхты першай паловы ХІХ стагоддзя. У аснове праекту ляжаць арыгінальныя песні філаматаў і філарэтаў з рукапіснага зборніка, складзенага жонкай аднаго з заснавальнікаў Таварыства філаматаў Тамаша Зана Брыгідай Свентажэцкай у 1855 годзе і нядаўна знойдзенага ў віленскім архіве музыказнаўцам, супрацоўнікам Беларускай акадэміі музыкі і творчага калектыву “Беларуская капэла” Святленай Немагай. Песні на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, А. Э. Адынца прагучалі для студэнтаў аддзяленняў польскай і беларускай філалогіі Гродненскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы ў форме своеасаблівага канцэрту-лекцыі і пазней для шырокай грамадскасці ў Гродненскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі. Выканаўцы з Мінска — А. Жбанаў, З. Занеўскі і Ц. Акудовіч — дапамаглі публіцы перанесціся на 200 гадоў назад і ўявіць сябе ўдзельнікамі сяброўскіх сходак філаматаў і філарэтаў, што адбываліся ў Вільні і яе ваколіцах, а таксама на Наваградчыне — найперш каля легендарнага каменя філарэтаў недалёка ад сядзібы Туганавічы. Падарожжу ў мінулае спрыялі адмысловыя зборнікі, падрыхтаваныя МГА “Гісторыка”, з тэкстамі песняў, якія выконваюцца ў межах праграмы, — яны былі раздадзеныя ўсім прысутным, а таксама традыцыйныя кубачкі свежага малака, што былі адным з яркіх сімвалаў філамацкага і філарэцкага жыцця. Увогуле, гледачы, сярод якіх пераважала моладзь, актыўна ўцягваліся ў дзеянне. Так, знакамітую “Песню Марылі” (яе, па ўспамінах сучаснікаў, часта напявала каханая А.Міцкевіча Марыля Верашчака) выканалі дзве гарадзенскія дзяўчыны — кожная ў сваёй арыгінальнай манеры, а санет Міцкевіча “Да Лаўры” ўпершыню чытаўся не толькі ў перакладзе на беларускую мову, але і ў арыгінале. На абедзвюх сустрэчах — ва ўніверсітэце і ў музеі — дэманстраваліся камп'ютарныя прэзентацыі з партрэтамі філаматаў і філарэтаў, гістарычнымі і сучаснымі відамі Вільні і іншых мясцін, звязаных з іх жыццём і дзейнасцю, што стварала адпаведную атмасферу. На імпрэзе ў Музеі гісторыі рэлігіі прысутнічалі паважаныя гарадзенскія краязнаўцы, гісторыкі, выкладчыкі і студэнты ВНУ горада — агулам больш за 40 чалавек. Пры канцы выступу ў музеі слова пра філаматаў і філарэтаў сказаў прафесар Гродненскага дзяржаўнага ўніверсітэта, вядомы філолаг Аляксей Пяткевіч, які падкрэсліў моцныя сувязі іх творчасці і поглядаў з беларускай мовай і культурай, высока ацаніў ролю студэнцкіх таемных таварыстваў першай чвэрці ХІХ стагоддзя ў далейшым фармаванні і развіцці беларускай ідэі. Падчас выступу асабліва адзначалася, што мэты праекту “Песні філаматаў і філарэтаў” адпавядаюць задачам кампаніі “Будзьма беларусамі!” — абуджаць гонар грамадзян Беларусі за сваю гісторыю і культуру, з'ядноўваць беларусаў у прасторы і часе. Выступ з “Песнямі філаматаў і філарэтаў” быў шырока анансаваны ў інтэрнэт-СМІ Гародні і на радыё “Твой стыль”. Інфармацыя пра мерапрыемства з фотаздымкамі з імпрэзы хутка з'явілася на некалькіх вэб-старонках (партал “Музыка Гродна” і інш.). Далей »

Сяброўскае падарожжа «Магдэбурская Горадня. Развітанне з Каложай»

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і Антон Астаповіч запрашаюць у сяброўскае падарожжа «Магдэбурская Горадня. Развітанне з Каложай» у межах агульнанацыянальнай кампаніі «Будзьма беларусамі!» Далей »

Старонка 5 з 16« Першая...34567...Апошняя »