Свята альтэрнатыўнай музыкі — “Жывы гук online” прагучала ў межах фэсту “Fun House” ад разважліва-філасофскіх акордаў да надрыўнага вакалу ў брутальнай мелодыцы драйву у экспазіцыйнай залі мінскага Палацу мастацтваў 2-га красавіка.
The Blackmail
Ангарападобная экспазіцыйная прастора неабцяжараная выставай выглядала нефарматна і экзатычна. Праз якасць гуку і неабсяжнасць абшараў канцэртнай залі мімаволі ствараўся антураж андэрграунднай тусоўкі слынных і бязлітасных дзевяностых, што грала вечару на карысць і надавала своеасаблівую атмасфернасць.
Наведвальніца:
– Першае, што кідаецца ў вушы – не вельмі добры гук. Але, пэўна, гэта акалічнасць уласцівая месцу. Аднак у цэлым даволі цікава, прыемна, што ў Мінску такое адбываецца і справа рухаецца.
Веснавы канцэртны сезон фэсту “Жывы гук online” адкрылі сваім першым публічным выступам брутальныя “Глебстеры”.
Піт Паўлаў
Удзельнікі праекту “Жывы гук online” — маладыя музыкі, што адчуваюць дэфіцыт сцэны. Падрабязней пра фэст распавёў яго ініцыятар Піт Паўлаў:
– “Жывы гук online” з’явіўся тры гады таму. Першыя серыі канцэртаў адбываліся ў кавярні “Саюз- online” — адсюль такая назва. Потым ініцыятыва, пасля правядзення канцэртаў з зоркамі, такімі як “НРМ”, “Нейра Дзюбель”, “Ляпісы” і г.д., па незалежных ад нас прычынах была спынена. Улетку мінулага году традыцыя адрадзілася. Крышку змянілася ідэя. Зараз мы непрывязаныя да месца. Плануем рабіць фестывалі ў лесе, полі, альтанцы. Нашымі удзельнікамі зараз з’яўляюцца маладыя гурты, якія ўжо адпавядаюць пэўнаму ўзроўню.
Другімі з інструментаў і ўласнага голасу жывы гук здабывалі “The Blackmail”. На думку, выказаную на сайце Ultra-Music.com, гурт з’яўляецца адкрыццём 2009 году. Зараз музыкі працуюць над сваім дэбютным паўнафарматным альбомам. Выступ “The Blackmail” поўніўся жанравымі эксперыментамі, а сваімі ўражаннямі падзяліўся вакаліст гурта — Максім Кульша:
– Такія канцэрты даюць шанец маладым музыкам заявіць аб сваім існаванні. Сёння прыйшло шмат людзей, якія нас дагэтуль ня ведалі.
The Blackmail
Эстафета рытму і гітарных партый перайшла далей да музычнай філасофіі і шаманска-рокавых запеваў “Re1ikta”.Разважліва – натхнёны і часам загонны выступ пераможцаў «Бардаўскай восені» справакаваў першыя зачаткі глабальнага руху каля сцэны.
Бубнач гурта “Re1ikt” Аляксандр Дземідзенка:
— Цікавы фармат фэсту. Прыемна, што маладыя і не вельмі знаёмыя для публікі гурты маюць магчымасць выступіць. Мне вельмі падабаецца гэтае памяшканне, яно вельмі атмасфернае.
Re1ikt
Завяршаць веснавы “Жывы гук” прыпала на долю гурта “Мутнаевока”. Брудна-меладычнае гучанне і эмацыйны вакал музыкаў развеялі сярод шэрагаў танцполу промні бурнай энергіі.
Вакаліст гурта “Мутнаевока” Яўген Змушка:
— Гэтая песня — алкагалічная лірыка, якая называецца “Заўсёды-ніколі”.
Мутнаевока
Канцэрт прайшоў у межах фэсту “Fun House”, пры падтрымцы Еўрарадыё для Беларусі, фонду “Развіццё”, і варшаўскай галерэі “ZOYA”.