7 чэрвеня ў Мінску арганізатары першага фестывалю беларускамоўнай рэкламы “Adnak!” разважалі аб месцы нацыянальнай мовы ў рэкламных камунікацыях Беларусі.
Па словах дырэктара агенцтва Adventa Initiative Media Алега Сташэўскага, якасных даследаванняў аб эфектыўнасці рэкламы на той ці іншай мове няма.
Дырэктар па развіцці інтэрактыўнага агенства Red Graphic (Беларусь-Расія) Надзея Зелянкова адзначыла, што любы брэнд імкнецца размаўляць са сваім спажыўцом на яго мове, а так як большасць беларусаў размаўляе на рускай, адпаведна, і рэклама брэнда, які імкнецца быць бліжэй і больш зразумелым спажыўцу , робіцца на гэтай мове.
“Сэнс фестывалю “Adnak!” у тым, каб не сароміць тых, хто не робіць беларускамоўную рэкламу, а наадварот падтрымліваць тых, хто гэта робіць ці тых, хто хаця б раз у тыдзень гаворыць на беларускай мове”, – сказала яна.
Каб пераканаць прадаўца ў патрэбе беларускамоўнай рэкламнай кампаніі для яго тавару, неабходна прадаставіць заказчыку вялікую колькасць аргументаў, падкрэсліў кіраўнік агенства Yanka di Ullka Ян Карпаў. “А дакументальных або пацверджаных доказаў эфектыўнасці рэкламы на беларускай мове ў нас няма. Таму і рэкламнаму агенству проста лянотна нешта даказваць заказчыку”, – дадаў ён.
Па словах каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алены Макоўскай, у мінулым годзе сумесна з аксіяметрычнай лабараторыяй “Новак” і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (Літва) кампанія правяла сацыялагічнае апытанне на тэму “Хто такі сучасны беларус?”. Вельмі пацешыла, сказала Макоўская, што па выніках, 70% апытаных гатовыя і хацелі б бачыць беларускаарыентаваную рэкламу.
“Але так атрымліваецца, што беларускія рэкламісты занадта кансерватыўныя, і замест прапановы прагрэсу і адпаведнасці патрабаванням грамадства, яны кіруюцца ў дадзеным выпадку стэрэатыпамі”, – лічыць яна.
Алесь Пушкін (пасярэдзіне)
Мастак Алесь Пушкін і дырэктар рэкламнага агенцтва Publicis Hepta Belarus Аляксандр Васілевіч ўпэўненыя, што імідж беларускай мовы трэба падымаць, прадстаўляючы мову як прыкмету элітарнасці.
Аляксандр Васілевіч
“У некаторых выпадках мова можа павышаць імідж брэнда, калі выступае ад асобы нейкага элітарнага кола, таго, што не выкарыстоўваецца большасцю насельніцтва, – адзначыў Васілевіч. – Калі мы будзем прытрымлівацца менавіта гэтага напрамку, усё атрымаецца”.
Тодар Кашкурэвіч
Вядучы Сяргей Скараход