Таямніцы лічбаў
Замалёўкі гарадской прасторы ў лічбах на дзвярах – выстава мінскага фотамастака Ігара Корзуна пад назвай "Numbers&Doors", адкрыццё якой сабрала аншлаг у галерэі "Ў" 8 лютага.

Аўтар праекту мастак Ігар Корзун – удзельнік фота-рок-асацыяцыі "Беларускі Клімат", на глебе якой яшчэ ў 80-я спрабавалі вынайсці новыя формы мастацтва. У сваім праекце "Numbers&Doors" Ігар Корзун размаўляе на універсальнай мове лічбаў, спрабуе зазірнуць у патаемнасць свету, што хаваюць знакі.
Ігар Корзун:
– Я даўно хацеў падзяліцца сваімі асабістымі адчуваннямі, якія ахопліваюць мяне, калі я бачу гэты свет. Усе ілюстрацыі гэтага свету прадстаўленыя на ваш суд.
Праект фатаграфій лічбаў паўстаў яшчэ ў 2004 годзе з рассылання Ігарам Корзунам сваіх прац на скрыні сяброў. Сёлетняя выстава – першая спроба выхаду прац у шырокі свет. Тапалогія гораду паўстае на пано з фотазамалёвак у сваім свеце лічбавай эстэтыкі, прастаты і арыгінальнасці. Таксама выстава ўтрымлівае некалькі асобных арт-аб’ектаў.
Музычную падтрымку свайму сябру зладзілі на адкрыцці выставы Піт Паўлаў і Глеб Галушка, а сам віноўнік урачыстасці межаваў ігру на бас-гітары з аўтарскім чытаннем сваіх тэкстаў пад музыку.
Выстава будзе доўжыцца да 28 лютага, а ў яе межах пройдуць лекцыі, дыскусіі, тэматычныя паказы фільмаў, майстар-клас па "спантанай фатаграфіі" ды інш.
Анонс мерапрыемстваў выставы тут.
На фота - Ігар Корзун
Мартын Ветра
Апублікаваць у LiveJournal
Апублікаваць у FaceBook
Каментароў няма »
Каментароў пакуль няма.






