Прэзентацыя новай кнігі філосафа Валянціна Акудовіча «Архіпелаг Беларусь» адбылася 29 верасня ў кнігарні «Логвінаў».
– Спадар Валянцін, ваша новая кніга змяшчае ўрыўкі з інтэрвію, якія даваліся цягам апошніх 15 гадоў. Ці лёгка было звесці ўадно думкі чалавека, які змяняецца і ўдасканальваецца ўвесь час?
– Канечне, працуючы над укладаннем кнігі, я заўважыў, што цяпер маю іншае вока, іншы стыль мыслення, пагатоў, што ўсё прамаўлялася не ў часы Савецкага саюзу, а цяпер, калі ўсё змяняецца ўвесь час, не кажучы ўжо пра маю асобу. Нейкія моманты, якія трапна гучалі ў час прамаўлення, сёння не выглядаюць такімі трапнымі, але ў кнізе змешчаныя не цэлыя інтэрвію, а найбольш важныя фрагменты.
– Новая кніга – гэта запісы на бачынах напісаных раней эсэяў, альбо дадатковае знаёмства з асобай, вобразам філосафа Валянціна Акудовіча?
– Так, гэта запісах на бачынах. Тое, што не сфармулявалася ў эсэях, тое, што ўдакладняе пэўныя моманты ў іх, тое, што, ведаючы сябе, я не ўкладу ў эсэй, але ў асноўным – гэта арыгінальныя матэрыялы.
фота – Сяргей Кандраценка