Упершыню я ўбачыла цябе праз кішэннае люстэрка.
Я тады фарбавала вусны чырвонай памадай.
А потым ты дэкламаваў свае вершы,
а я дэкадавала твой погляд.
У вачах я прачытала жаданне:
занняцца сэксам са мной,
пасля запаліць,
потым,
калі пашанцуе,
яшчэ раз заняцца,
і яшчэ запаліць…
Пасля патушыць недапалак і закахацца ў мяне,
ажанніца са мной, пабудаваць дом і выгадаваць сына…
Далібог, я бачыла гэта ў тваім позірку…
Адзіную белую ружу, якую трымаў у руках,
ты падараваў нейкай малалетцы,
А я ў прыбіральні пакідала сваю чырвоную памаду
на плячы ў сяброўкі, не разумеючы,
а як жа сэкс, дом і сын?..
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Ася Волкава нарадзілася 19 красавіка 1988 г. ў Мінску. Студэнтка 5 курса філфака БДУ. Перакладае з чэшскай мовы. Фіналістка конкурсу Беларуску ПЭН-Цэнтра да стагоддзя Ларысы Геніюш.