Гурт Akute на мінскай прэзентацыі свайго дэбютнага альбома “Дзевачкі і космас” сабраў паўнюткі клуб “Графіці”. Паўнюткі настолькі, што давялося прыбіраць сталы. Паўнюткі настолькі, што ўпершыню ў гэтым клубе самыя смелыя заняліся стэйдждайвінгам. На “біс” магілёўскім музыкам давялося выйсці ажно чатыры разы.
Стас Мытнік
Раман Жыгараў
Akute — галоўная надзея беларускамоўнага року апошніх гадоў. Каманда паўстала на абломках, пэўна, самага вядомага магілёўскага гурта “Глюкі”, які ў час запісу новага альбома нечакана для ўсіх распаўся, акурат пасля лаўрэацтва на “Басовішчы-2008”. Адзін з заснавальнікаў “Глюкаў”, бас-гітарыст Рома Жыгараў чагосьці не падзяліў з вакалістам Лёшам Паронкіным і вырашыў разам з гітарыстам Стасам Мытнікам заснаваць новую каманду. Рома неяк прызнаўся, што ў той час знаходзіўся ў жудаснай дэпрэсіі, бо страціў тое, дзеля чаго жыў апошнія дзесяць гадоў. Ён сышоў з дому, каб пажыць адзін, амаль месяц нікуды не выходзіў і не адказваў на тэлефанаванні. Якраз тады ў яго напісалася песня “Адзіноцтва” — першы інтэрнэт-сінгл Akute і, безумоўна, галоўны хіт гурта на сёння. У “Графіці” яго спявалі хорам.
У што бы ні ўвязваліся Akute, усё ў іх атрымліваецца. Яны сталі фіналістамі Open Graffiti Music Fest, атрымалі Гран-пры на фэсце “Вертифест-2010” ва Украіне, перамаглі на “Басовішчы-2010” у Польшчы, апярэдзілі ўсіх у беларускім адборы на Be2gether-2010 у Літве. Іх “Адзіноцтва” трапіла ў лік найлепшых песняў 2010 года на “Тузіне Гітоў”, а гурт быў прызнаны “Адкрыццём года” паводле версіі адразу двух інтэрнэт-парталаў — “Тузін Гітоў” і Ultra Music. Іх дэбютны альбом “Дзевачкі і космас”, які выйшаў у пачатку чэрвеня, прывіталі настолькі горача, што афіцыйны сайт каманды проста лёг на час пад ціскам шматлікіх наведнікаў. Інтэрнэт-сінгл з альбома пад дзіўнаватай і грувасткай назвай «Прамяні pt.2 (Sviaci)» у тым жа “Тузіне Гітоў” пасунуў з першай прыступкі “Грай” ад “Ляпіса Трубяцкога”.
Практычна без рэкламы Akute сабралі на мінскую прэзентацыю аншлаг. А як па мерках клуба “Графіці”, дык двайны аншлаг (гэта калі частка сталоў прыбіраецца і практычна няма як прайсці ад вялікай шчыльнасці людзей). Гурт выканаў нямала новых песняў: як высветлілася, хлопцы хоць цяпер гатовыя запісваць другі альбом, справа толькі за грашыма. Рома, Стас і бубнач Павел Філатаў выглядалі ўпэўнена і гучалі проста здорава. Толькі вось з публікай практычна не размаўлялі. Разгаварыцца і адказаць на ўсе пытанні музыкі паабяцалі падчас наступнага свайго прыезду ў Мінск на канцэрт у межах праекту “Тузін.Unplugged” у жніўні.
Альбом “Дзевачкі і космас” можна спампаваць тут
Сяргей Будкін, Аляксандар Ждановіч