Чарговы канцэрт “Тузін.Unplugged” быў поўны сюрпрызаў. Гурт Dali падрыхтаваў нумар са скрыпачкамі і віяланчэлісткай з Прэзідэнцкага аркестра, а Vinsent упершыню сыграў у акустыку і запаліў усіх песняй “Бог. Радзіма. Воля”, а таксама дуэтам з пекнай вакалісткай Сашай Захарык.
Гурт Dali
Гурт Dali прадставіў абсалютна новую праграму, якую музыкі падрыхтавалі адмыслова да канцэрту. Вакаліст Віктар Рудэнка спяваў на трох мовах адразу, пачаўшы з ангельскай. “Усё будзе эратычна”, — паабяцаў выканаўца слухачам. Музыканты з Dali вызначаюць свой стыль як софт-рок, а сваю музыку наогул называюць “парнаграфічна-філасофскай”. Віктар нават апытанне рабіў сярод прысутных: маўляў, каму больш падабаецца займацца сэксам, дзяўчатам ці хлопцам. Да яго вялікай радасці, атрымалася 50 на 50. Наведнікі “Тузін.Unplugged” пабачылі праграму, якую Dali будуць прадстаўляць неўзабаве на канцэрце ў Міжнародным доме музыкі ў Маскве. Дзеля гэтай прэм’еры ў Мінск прыехаў маскоўскі прадусар гурта (а разам з тым і праекту “У нескладовае”) Дзмітрый Вайтэнка. Сам па сабе выступ Dali быў прыемнай нечаканасцю, бо гурт паказаўся ўпершыню ў такім фармаце. Але галоўны сюрпрыз чакаў усіх пры канцы. Да чатырох музыкаў каманды далучыліся яшчэ чацвёра. На невялічкай сцэне клуба “Графіці” яны папросту не здолелі змясціцца, таму палова складу гурта — тры скрыпачкі і віяланчэлістка з Прэзідэнцкага аркестра занялі месцы сярод гледачоў. Сам Віктар забраўся на стойку, адкуль пад практычна аркестравы акампанемент пранікнёна спяваў свой галоўны хіт “Неба шэрае”.
Алег Хаменка
Дзяніс Тарасенка
Вецер Механічны
“Урэшце ў “Графіці” пабачылі скрыпкі”, — жартаўліва перахапіў ініцыятыву вядоўца вечарыны Алег Хаменка і разыграў падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Камплект дыскаў разам з фірмовымі торбамі атрымалі той, хто ведаў, дзе нарадзіўся Віктар Рудэнка (у Віцебску), хто замыкае тройку лідараў на “Тузіне Гітоў” (гурт “Рокаш”) і хто быў у змозе назваць трэцяга вядомага ў свеце Вінсэнта. Адказ на трэцяе пытанне для самога Хаменкі быў нечаканым: “Я меркаваў, што пасля Вінсэнта ван Гога і ўласна нашага Вінсэнта, які збіраўся выступаць, людзі назавуць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, але яго назвалі толькі чацвертым. Перамог той, хто хутчэй за ўсё зрэагаваў і назваў прозвішча актора Венсана Касэля”.
Vinsent
“Сёння на нашай сцэне Сальвадор Dali і Vinsent ван Гог”, — так прадставіў вядоўца выступоўцаў. Гурт на чале з рэперам Вінсэнтам даваў усяго толькі свой другі канцэрт. На першым сольніку 29 красавіка ў клубе “Рэактар” яны паказалі, на што здольныя, а цяпер засведчылі, што могуць падаць сваю музыку і ў акустычным фармаце. Музыкі з гэтай нагоды апрануліся ўрачыста, у кожнага нават гальштук быў, а сам Вінсэнт у шэрым пінжаку ды цёмных акулярах нагадваў у нечым Марка Энтані. Гучала каманда надзвычай прыгожа, відавочна, яны знайшлі свой стыль. Слухачы падхоплівалі ўжо вядомыя песні, такія як “Восеньскі вальс”, “Бог. Радзіма. Воля” і, канечне ж, “Слава героям”.
гітарыст Аляксандар Грыгор’еў
Музыкі з вялікім задавальненнем імправізавалі. Акустычнай праграмы як такой у Вінсэнта не было, і песні ствараліся проста на вачах прысутных. У адной з іх разам з спеваком саліравала надзвычай прыгожая дзяўчына і выдатная вакалістка Саша Захарык. Яна настолькі зачаравала гледачоў, што яе выклікалі на біс, таму нумар “Я не пакіну” давялося паўтарыць. Увесь жа гурт Вінсэнта выходзіў на біс двойчы. Песню “Веру”, якой патрабавала зала, музыкі ў акустычным варыянце не здолелі сыграць, затое, да ўсеагульнай радасці, паўтарылі “Бог. Радзіма. Воля”.
Мікалай Дубавіцкі, Аляксандар Ждановіч