“Тузін. Перазагрузка”. Пукст

У межах праекту «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» бярэ ўдзел самы экстравагантны беларускі музыка Сяргей Пукст, вядомы сваімі панк-джаз эксперымэнтамі. Ён упершыню ў сваім жыцці заспявае па-беларуску сваю песню “Просто сталь”, якую перакладзе Андрэй Хадановіч.
Фота Вольгі Савіч.
“Пукст – гэта бог, але ведае пра гэта пакуль вузкае кола людзей”, — гэтак пра ўдзельніка праекту “Перазагрузка” выказаўся паэт Андрэй Хадановіч. Сяргея Пукста называюць самым адукаваным беларускім музыкам. Ён скончыў музычную школу пры беларускай кансерваторыі, мастацкую вучэльню, лінгвістычны універсітэт, вучыўся па класе вакалу ў Акадэміі мастацтваў… Але пайшоў ён зусім не ў рэчышчы класічнай музыкі. У пачатку 90-х Пукст далучыўся да панк-гурта “Король пчёл” і ўзяўся за распрацоўку ўласнай творчай канцэпцыі. У 1997 г. з’явіўся ягоны першы альбом “Сны”, тады ўпершыню загаварылі пра “нігілістычны джаз” ад Пукста. Потым ён стварыў уласную каманду – Pukstband, перад якой была пастаўленая задача “выконваць ідэальна адпрацаваную імправізацыю”. Наступны альбом Пукста Strange Glamour быў названы найлепшым беларускім дыскам 2004 году паводле версіі “Белорусской газеты”. Вельмі цёпла віталі і яго наступную працу – Pukstjazz (2004), пасля якой выканаўца вырашыў перапыніць свае панк-джазавыя эксперыменты: “Ад джазавых выступаў я пакуль устрымаюся – гэта занадта вялікі выкід энергіі”, — патлумачыў тады ён.
Цяпер Пукст рыхтуе новы альбом, які хоча запісаць на аўдыёкасету. Толькі што ён рэалізаваў творчы праект пад назвай “Хор мастакоў”. Паводле задумы гэтай відэаінсталяцыі, 60 беларускіх мастакоў спявалі пра розныя фізічныя тэорыі. Пукст якраз напісаў музыку і словы для гэтага дзіўнага хору. Прычым на беларускай мове, хоць сам выканаўца прызнаецца, што на сваёй мове ніколі яшчэ не спяваў. “Разумею, што гэта няправільна, бо каб быць сапраўды сумленным, трэ спяваць па-свойму, — кажа спявак. – Мілагучнасць беларускай мовы недастаткова скарыстаная, яна калі і гучыць, то ў няправільнай музыцы”.
На беларускай загучыц песьня Пукста “Просто сталь”. За яе пераасэнсаванне возьмецца якраз Андрэй Хадановіч.
Наступны ўдзельнік “Перазагрузкі” будзе прадстаўлены 12 чэрвеня.
Даведка: У праекце «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў, якіх лучыць арыгінальнасць матэрыялу, прафесійнасць у музычным падыходзе і жаданне эксперыментаваць. Кожны з іх перазапіша адзін са сваіх хітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафесійным перакладчыкам. Усе песні будуць прэзентаваныя на старонках music.fromby.net і www.budzma.org/
Інфармацыйныя партнёры акцыі “ТУЗІН. ПЕРАЗАГРУЗКА”:
Інтэрнэт-партал TUT.BY
Першая прафесійная радыёстанцыя байнэту – Netradio.by
Першая беларуская газета – “Наша Ніва”
Першая беларуская транспамежная FM-станцыя – Радыё Рацыя (98,1 FM у Гродне і Беластоку)
Праграма «Proдвижение» (штонядзелю апоўначы, штосераду апоўдні на тэлеканале “Лад”)
Праграма “Новая зямля” (шточацвер а 23-й гадзіне на Радыё Unistar (99,5 FM у Мінску, 102,3 FM у Брэсце).
Каментароў няма »
Каментароў пакуль няма.
Апублікаваць у LiveJournal