28.06.2012 | Захапленні

Алесь Зайцаў: «Сапраўдны палёт – гэта нешта вечнае, як мастацтва, паэзія і музыка» (+фота, відэа)

Раней ён жыў і думаў, чаму людзі не лётаюць. А цяпер ён упэўнены, што гэта не так –людзі лётаюць, і, больш за тое, цяпер ён ведае, як яны гэта робяць. Але гаворка, вядома ж, не пра самалёты грамадзянскай авіяцыі. У новай серыі праекта “Захапленні” – Алесь Зайцаў, лідар гурта «Босае сонца», і сапраўдныя палёты, кожны з якіх «як маленькае жыццё».

Палёт – гэта мара, гэта нешта недасяжнае. Жывеш і думаеш, чаму людзі не лётаюць. Не тое, што гэтае пытанне моцна трывожыць мяне, але я часам адчуваю, як неба цягне да сябе. Гэта такая рамантыка, што нават проста думка пра неба акрыляе.

Як і іншым, мне даводзілася лётаць на самалётах. Самых звычайных самалётах грамадзянскай авіяцыі. Але той палёт, аб якім я мару – зусім іншае. Не тое, што пасажырскія палёты на «Боінгах». Гэта як параўнаць рэйсінг на «Формуле-1» і паездку ў гадзіну пік на гарадскім маршрутным аўтобусе. Садзішся, прышпільваешся, узлятаеш, прызямляешся і выходзіш вонкі. Вядома, там ёсць некаторыя трапяткія моманты пры ўзлёце і пасадцы, там ёсць прыгожыя віды ў ілюмінатары, але калі ты адзін на адзін з небам і хуткасцю – думаю, гэта зусім іншыя адчуванні.

Вось гляджу я на гэтыя маленькія двухмясцовыя самалёты і разумею, што для мяне палёт на іх будзе важнай падзеяй, гэта нешта новае. Разумею, што будзе не так проста (ускочыў у крэсла і паляцеў – не, я ўсё ж такі ніколі не лётаў на такіх самалётах), але думаю, будзе выдатна!

Клас! Ну, не так страшна, насамрэч! Вельмі класна! Трошкі падтрэсла, алё па-сапраўднаму страшна не было. Ну, хіба што ў моманты, калі самалёт паварочваў і хіліўся на бок: калі ты адчуваеш, што вось-вось і перакулішся – гэта дадае адрэналінчыку. У той жа час гэтая прыгажосць вакол, захопленасць палётам, ўцягнутасць у яго – усё гэта перакрывае магчымы страх, адрэналін дае адчуванне прыемных дрыжыкаў. Было класна!

Я цалкам даверыўся пілоту, і ён выдатна справіўся са сваёй задачай, і нават не напалохаў мяне – а мог бы))))) Падгузнікі не спатрэбіліся, як тут жартуюць. І наогул, прызнацца, палёт на такім маленькім самалёце здаваўся мне больш небяспечным, чым ён апынуўся насамрэч. І цяпер я асуджаны: падумваю, а ці не пачаць збіраць на такі самалёцік!

Не ўяўляю, колькі можа каштаваць такі самалёт – верагодна, на яго кошт можна купіць дом, але вось калі б пытанне стаяла: самалёт ці кватэра, – то на кватэру, думаю, змяніў бы, не гледзячы.

Хто б мог падумаць, што свабоду можа падарыць такая вось цалкам матэрыяльная, цалкам асязальная рэч, да якой можна дакрануцца, якую можна пафарбаваць ў аранжавы колер. Самалёт – гэта, вядома, не абсалютная свабода, але ўсё ж ўявіце, як было б выдатна быць свабодным ад хоць бы нейкіх сур’ёзных абмежаванняў: прачнуцца, скочыць за стырно (ці як гэта правільна завецца) уласнага самалёта і вырашыць, куды б гэта паляцець сёння?! Можа, у Іспанію? Куды заўгодна! Гэта так выдатна! Для мяне гэта – найвышэйшая ступень свабоды: апынуцца праз некалькі гадзін там, дзе табе хацелася б, нават на іншым канцы свету.

Я думаю, вось такі самалёцік – гэта, у першую чаргу, праява рамантызму, і толькі ў другую – транспартны сродак. Наш пілот Алег прыадчыніў мне таемную заслону, распавёў, у чым розніца паміж вялікімі пасажырскімі самалётамі і вось такімі маленькімі. І тыя, і тыя лётаюць у небе, але толькі ў такіх маленькіх ёсць душа, сказаў ён. Яны жывыя, адухоўленыя, таму што іх работа накіравана не на продаж квіткоў і збор прыбытку. Яны жывуць дзеля таго, каб падымаць чалавека ў неба. І толькі. Гэтая мэта, мне здаецца, куды больш рамантычная, светлая і душэўная. Гэтыя маленькія самалёты ўздымаюць ва ўсіх сэнсах, не толькі ў фізічным.

Акрамя таго, паглядзіце, якія гэтыя самалёцікі розныя! Калекцыянаваць, зьмяняць іх – гэта яшчэ свайго роду эстэтыка. У кожнага з іх свой дызайн – прыгажосць! Я не ведаю, наколькі багатым трэба быць, каб калекцыянаваць самалёты. Мне б хапіла аднаго. Напэўна. Але пабыўшы тут, на гэтым невялікім аэрадромчыку, убачыўшы, якія розныя бываюць самалёты, я пачынаю разумець іх уладальнікаў: кожная з гэтых машын розная і па-свойму прыгожая. Напэўна, калі табе дазваляюць грошы, цяжка спыніцца ў падобных набытках. Калі б я быў такім заможным, набыў бы сабе штучак пяць і лётаў бы на розных … пад настрой!

Як лётаюць самалёты – я паняцця не маю. Не разумею, як яны ўзлятаюць і трымаюцца ў небе, не падаючы. Гэта зусім неверагодна! У мяне ў школе было дрэннавата з фізікай, можа, яшчэ і таму я ўспрымаю самалёты як аб’екты рамантыкі больш, чым аб’ектыўнай рэальнасці. Аб’екты незразумелага пакланення.

У падобных палётах ёсць асаблівасць, якую я чакаў, зрэшты: чым далей, тым больш хочацца. Вось ты раз узляцеў азнаямленча. Потым крыху больш экстрыму пусціў, спрацаваў адрэналін, у наступны раз ужо хочацца з віражамі – і вось цябе ўжо не спыніць, хочацца яшчэ і яшчэ, таму што адчуваеш: там у небе ёсць нешта, што заўсёды будзе невядомым і непадуладным табе. Гэта вельмі займальна! Упэўнены, што наўрад ці хтосьці застанецца абыякавым пасля хаця б аднаго палёту.

Я думаю, што кожны лётчык – у душы паэт. Вось сёння я ўзляцеў з пілотам над зямлёй, пакруціўся над нашай прыгожай маленькая радзімай і зразумеў, якая мілая яна, якая цудоўная зверху. Успомніў пра гагарынаўскія адчуванні, калі ён сказаў, што «зямля такая маленькая, такая прыгожая». Прыкладна тое ж самае: ты глядзіш на гэтыя хаткі, на дровы, што каля хатак роўненька складзеныя, на лес, і бачыш кожнае дрэўца ў ім – усе яны такія маленькія, прыгожанькія … І такое замілаванне адчуваеш.

Дарэчы, там, наверсе, хоць і захоплівае адрэналін, але, акрамя яго, ёсць нейкае адчуванне суцэльнага супакою. Напэўна, тое ж самае адчувае птушка, калі лунае ў вольным палёце. Ты ляціш, бачыш прастор і апынаешся ў нейкі момант у такім, як бы мовіць, завісанні, супакаенні. І гэтая сумесь адчуванняў (ад страху і адрэналінавага куражу да супакаення)  – самае класнае ў палётах!

Птушкі, мне здаецца, там кайфуюць сабе ў небе. Хоць нам не прызнаюцца, калі расхаджваюць побач з намі па асфальце. Вось бы і людзі маглі лётаць гэтак жа звыкла, як птушкі! Калі трапляеш у неба, то адчуваеш яго неабсяжнасць, і гэта так зачароўвае. То бок гэта твой маленькі космас.

Людзі лётаюць, як бачыце. Каштуе гэта, праўда, нямала (мне тут сказалі кошт такога самалёціка), але ўсё адно дасягальна. Ведаеце што, самае галоўнае – гэта марыць і верыць, ісці да сваіх мараў, і тады яны абавязкова здзейсняцца. І мой сённяшні палёт – відавочны таму доказ!

Вялікі дзякуй ўсім выдатным людзям, дзякуючы якім у Алеся з’явілася магчымасць узляцець у неба.

Ганна Трубачова, фота Аляксандра Tarantino Ждановіча


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика