Адзін з іх вельмі любіць футбол. Не прапускае ніводнага сезону ангельскай Прэм’ер-лігі. Заўзее за «Арсенал», але і да «Ліверпуля» ставіцца з не меншай павагай. Пра тое, што аб’ядноўвае рэгі і футбол, праекту «Захапленні» расказалі лідары гурта Botanic project — Кліменцій “Klim” Маладжавы і Андрэй “Keshman” Багамолаў. Расказваў і заўзеў перад экранам у асноўным Klim. Keshman мірна папіваў піва і загадкава ўсміхаўся.
Keshman. А наогул забаўна, вядома: ты граеш рэгі і раптам — футбольны заўзятар. Хоць у грамадскай свядомасці трывала сядзіць стэрэатып пра тое, што футбольныя фаны — гэта досыць агрэсіўныя, абмежаваныя і рэзкія людзі.
Klim. Стэрэатып, вядома… Так, а Боб Марлі, памятаеш? Аднойчы ён сказаў, што калі б не стаў музыкам, то быў бы прафесійным футбалістам. Ён гуляў у футбол усё жыццё, пастаянна трэніраваўся і быў у выдатнай спартыўнай форме.
Keshman. Так. І фотак шмат, як яны ўсёй бандай The Wailers гулялі ў футбол.
Klim. На Ямайцы растаманы, у прынцыпе, вельмі сур’ёзныя заўзятары. І ўвогуле рэгі і футбол узаемазвязаныя. Проста не трэба ўспрымаць футбол як прывыклі мы. Гэта ў нас тут поўна грубых, некультурных хлопцаў з ускраін. У Еўропе заўзеюць больш цывілізавана: вы паглядзіце, як спяваюць фаны, як жывуць футболам — гэта цэлая культура! Гэта не проста выйсці, пакрычаць, набухацца, у дудкі падзьмуць і даць камусьці ў вока.
Keshman. Дарэчы, многія і рэгі ўспрымаюць як лёгкую музычку ні пра што. Гэта таксама стэрэатып.
Klim. Згодны. А вось калі б мы музыкамі не сталі, то сталі б не футбалістамі, а наркаманамі.
(Смяюцца).
Keshman. Слухай, ну чаму глядзець футбол — такая трапяткая, амаль святая справа для многіх мужчын?
Klim. Ну, я не сказаў бы, што павальна ўсе мужчыны захапляюцца футболам. Вось у нас у гурце, паглядзі…
Keshman. Ну так: толькі ты ды трубач наш Пеця любіце і гледзіце футбол. А астатнія… Колькі б ты ні прапаноўваў, яны кажуць: “Ды ну твой футбол!”
Klim. Я не настойваю, але насамрэч футбол — гэта вельмі відовішчна! Гэта спаборніцтва, барацьба, супрацьстаянне… Уяўляеш, як цікава, калі ты яшчэ і заўзееш за нейкую каманду!
Keshman. Так, я нічога супраць не маю: я, можна нават сказаць, люблю паглядзець футбол, піўка папіць…
Keshman. Але я вельмі спакойна да футболу стаўлюся. А ёсць заўзятары, што вельмі эмацыйна ўспрымаюць, ці калі іх каманда прайграе.
Klim. Я, напэўна, з такіх. Кожная гульня — абсалютна розныя дзеянні! І нават тая ж самая каманда заўсёды гуляе па-рознаму. Гэта залежыць ад вельмі многіх фактараў: настрой каманды, ці ёсць траўмаваныя гульцы, якія ўмовы надвор’я, настрой суддзі зноў жа… Можа, яму жонка з раніцы не дала, вось ён і не ў духу, усім «чырвоныя» выдаў! Тое, як заўзеюць фаны, таксама ўплывае на гульню. Тут столькі ўсяго, а ты кажаш!
Klim. А чаму б’юцца нашы заўзятары? Ды і там, бывае, б’юцца таксама. Гэта разрадка такая. Хтосьці колецца, хтосьці па шакаладзе, хтосьці ў трэнажорках або за рулём свой адрэналін атрымлівае. На гэта моцна падсаджваешся: на бойкі, на выезды, на футбол, на матчы. Гэта як наркотыкі, як жанчына. Гэта мора эмоцый, запал, разрадка.
Klim. Я неяк жыў у Іспаніі, у Барселоне. Заўзеў за Рэал-Мадрыд, актыўна цікавіўся гульнямі, і ведаеш што заўважыў? Там няма гэтых фанаўскіх боек. Прытым, што ў Барселоне заўзеюць больш за сваіх, мясцовых, чым за мадрыдскіх футбалістаў. І ўсё роўна ў іх усё вельмі культурна. Вельмі шмат жанчын, якія фанаты футболу! Таксама носяць шалікі, сцягі ўсякія!
Keshman. Значыць, гэта не выключна мужчынскі занятак, як у нас прынята лічыць?
Klim. Можа, у нашым саўковым разуменні гэта больш мужчынскі занятак, а наогул у Еўропе вельмі шмат жанчын заўзее. І гэта крута, я думаю!
Keshman. У нашых жанчын, мне здаецца, адмоўнае стаўленне да футболу. Ну, калі браць тыя ж стэрэатыпы. Жанчына незадаволеная, вунь, маўляў, ляжыць муж на канапе, тэлек глядзіць, футбол, а калі яшчэ і піва пры гэтым п’е — скаціна!
Klim. Ну так, ёсць такое… Але я не ведаю, з чым гэта звязана. Можа, ёсць доля праўды ў гэтым.
Keshman. Тое ж самае мужчыны кажуць пра жаночую балбатню па тэлефоне: тыпу, вось мая там па тэлефоне пачала размаўляць — усё! На паўвечара!
Klim. Ну так. Марына патэлефанавала! Усё!
Keshman. Так-так! Марына патэлефанавала!
Klim. Але па-мойму, гэта нармальна: хай кожны займаецца сваёй справай. Няхай муж глядзіць футбол, а жонка па тэлефоне размаўляе ў іншым пакоі. І ўсе шчаслівыя!
Keshman. Слухай, па-мойму, усе твае дзяўчаты дастаткова спакойна ставіліся да твайго захаплення футболам.
Klim. Я б сказаў, што яны займалі пасіўную пазіцыю. Але не пратэставалі прынамсі. І ў нас заўсёды было так: футбол — гэта святое, да мяне ніхто не лезе, усё! І калі матч асабліва цікавы ці важны, я магу адмяніць усе справы, каб паглядзець футбол. Прычым я люблю глядзець гульню без алкаголю. Можа, у бары з кампаніяй гэта прыкольна, але калі ў хаце глядзіш, то неяк недарэчна накідвацца перад экранам. Мне падабаецца глядзець футбол на цвярозую галаву, гарбатка там…
Keshman. Угу, а чаго ты заўсміхаўся так загадкава?
Keshman. А ты сам біўся з іншымі заўзятарамі калі-небудзь?
Klim. Не, і я не такі ўжо актыўны заўзятар. Так, з сябрамі на кухні магу пазаўзець крыху больш актыўна чым звычайна. Хоць ніхто ў нас не заўзее за «Арсенал», як я. І заўсёды, калі «Арсенал» буйна прайграе, мае сябры і прыяцелі лічаць патрэбным даслаць мне саркастычнае паведамленне або патэлефанаваць «павіншаваць».
Keshman. А я задумаўся, чаму адны краіны добра гуляюць у футбол, а іншыя не вельмі?
Klim. Не ведаю. Сонца, можа, там праменнем неяк па краінах асабліва праходзіцца. Ну, бразільцы тэхнічнейшыя, дапусцім, чым іспанцы. А паўночныя народы таксама па-свойму добрыя і напорыстыя: нідэрландцы крута гуляюць, напрыклад.
Keshman. Дык, можа, не ў сонцы справа?
Klim. Да пытання пра Нідэрланды: там справа не ў сонцы, я ўпэўнены.
Keshman. А як гуляюць амерыканцы? У іх там свой футбол, амерыканскі. Але мне, чалавеку, які спакойна ставіцца да футболу, амерыканскі футбол здаецца дзіўным спортам. Еўрапейскі больш інтэлектуальны, ці што.
Klim. Не тое слова! У амерыканскім футболе нават думаць не трэба: прэш сабе напралом, як бычара, вось і ўся гульня! Амерыканцы ёсць амерыканцы. Іх футбол можна з рэгбі параўнаць па ступені нягнуткасці і недарэчнасці.
Keshman. Я спрабаваў глядзець іх матчы, але тупа не сяку правілаў гульні.
Klim. Я правілы разумею, але мне гэты сілавы від спорту ўсё роўна не падабаецца. Гэта як прыдуманы імі ж рэслінг — галімае шоу.
Keshman. Амерыканцы любяць з усяго зрабіць шоу.
Klim. Я тут падумаў, фізічных пакут і траўмаў, мне здаецца, нават больш у амерыканскім футболе, чым у рэслінгу. Дзіўны від спорту!
Klim. Мне бліжэйшыя еўрапейскія футбольныя жарсці. Часам такая гульня бывае!.. Так захоплівае!.. Не ведаю нават, з чым параўнаць адчуванні ад футбольнага кайфу. Быў такі фільм «На іголцы» (Trainspotting, паводле аднайменнай кнігі Ірвіна Уэлша). Дык там галоўны герой (Эван Макгрэгар яго граў) глядзеў нейкі футбольны матч, і ў момант, калі забіваюць гол і запал даходзіць да мяжы, галоўны герой прызнаецца, што такія матчы значна мацнейшыя і лепшыя за сэкс. Не ведаю, ці лепшыя, але, бывае, чакаеш нейкай гульні доўга, і яна такая суперская, ды яшчэ і твая каманда ў выніку перамагае — адчуванні ад прагляду як мінімум на ўзроўні вастрыні адчуванняў ад сэксу.
Klim. Тэлевізара ў мяне ўжо трыста гадоў няма. Дакладней, я яго трыста гадоў не гляджу. Стаіць дзесьці там, пыліцца. Часам я яго праціраю. Часцей за ўсё напярэдадні нейкага важнага матчу. Таму што тэлевізар патрэбны толькі для таго, каб глядзець футбол. Не больш.
Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Вялікі дзякуй кіраўніцтву і персаналу бара “Піўная гісторыя” за магчымасць правядзення здымак.