31.05.2012 | Захапленні

Ігар Варашкевіч: «У зімовую тайгу на тыдзень — вось гэта я разумею!» (відэа, фота)

Ён больш рыбак-турыст, чым проста рыбак або проста турыст. Калі рыба клюе — выдатна, а калі не, таксама не бяда, бо можна проста сядзець ля возера, глядзець на яго і атрымліваць асалоду ад чысціні і прыгажосці загарадных малюнкаў: лёгкае паветра, ціхамірнасць, цяпло вогнішча і дарагія сябры побач. Героі чарговай серыі праекту “Захапленні” — Ігар Варашкевіч, лідар гурта «Крама», і яго жонка Соф’я Багаўкова.

Ігар. Я люблю распальваць вогнішча, але раблю гэта вельмі рэдка. Паглядзім, ці атрымаецца сёння.

Соня. Чаму не атрымаецца? Дровы сухія, дажджу няма, запалкі, папера — усё пад рукой. Памятаю, нам неяк давялося распальваць вогнішча ў марозным лесе пры мінус сарака. Вось гэта цяжка, на мяжы фантастыкі. Паўгадзіны біліся, але ўсё ж распалілі.

Ігар. Сырыя дровы былі?

Соня. Сырыя жудасна, ды і мала — дзесьці на Волзе мы былі. Але шашлык, памятаю, добры атрымаўся.

Ігар. І пацягнула ж вас у такія маразы шашлык у лесе рабіць!

Соня: Па маладосці на надвор’е неяк не звяртаеш увагі. Цяпер, вядома, не пайшла б нізашто.

Ігар. Я яшчэ студэнтам быў на халтуры ў Ніжневартаўску і чуў гісторыі пра тое, як мясцовыя мужыкі зімой у тайгу проста так на тыдзень ходзяць. Прычым нічога з сабой не бяруць. Проста з тайгой пацягацца. Вось гэта я разумею! Хоць не ведаю, ці пайшоў бы я. Можа, і пайшоў бы, цікава ж! Але пачаў бы з летняга паходу ў тайгу на тыдзень. Зімовы здаецца зусім суровым!

Ігар. Хочацца нейкага экстрыму паспрабаваць. У паходах па Беларусі ўсё бяспечна, знаёма і прадказальна: ты ведаеш, што на цябе не выйдзе воўк ці мядзведзь, максімум лісіца ці сабака з суседняй вёскі прыйдзе жабраваць. А ў тайзе ўсякае можа быць, і калі заблудзішся, то ўсё — гамон, нават МНС не выратуе.

Ігар. Калі б тэлеканал Discovery вырашыў зняць перадачу пра беларускую рыбалку і запрасіў мяне ў якасці галоўнага героя, я, вядома, пагадзіўся б. Хоць, шчыра кажучы, у зусім экстрэмальных умовах я ніколі не апынаўся: краіна ў нас невялікая, знайсці месца, дзе няма людзей, складана, усё так па-хатняму. Але аднойчы я апынуўся ў поўным кашмары: на зімовай рыбалцы пайшоў пад лёд — вось гэта было як у перадачах пра ўрокі выжывання. Гэта было на Вілейскім вадасховішчы, і я проста цудам выратаваўся. Думаю, менавіта тады я зарабіў свой артрыт. На зімовую рыбалку ўжо не езджу, напэўна, пасля таго выпадку астыў да яе неяк…

Соня. Мне здаецца, што асноўны экстрым у нашых лясах звязаны найперш з камарамі.

Ігар. Камары мяне зусім не хвалююць. Ды і не кусаюць яны мяне.

Соня. Усё правільна, таму што я побач, і кусаюць яны мяне, а не цябе.

Ігар. Я зразумеў аднойчы, што на іх не трэба звяртаць увагі, тады яны не будуць назаляць. Неяк бачыў на адной з рыбалак дзядзьку, п’янага ў дупель. Стаіць ён, а над ім проста шар з камароў. А ён як стаяў, так і стаіць, не звяртаючы ніякай увагі на насякомых, не адбіваецца ад іх, не лаецца. Твар у яго быў чырвоны, але ціхамірны. Можа, яны яго і кусалі, але тое, што яны яго не хвалявалі, было відавочна. Пасля таго выпадку я перастаў звяртаць увагу на камароў, і не паверыш — яны перасталі мяне хваляваць і злаваць. Іх нібыта проста няма!

Ігар. Бачыш, вогнішча ўдалося распаліць. Нядрэнны з мяне бойскаўт! Раскажы пра тваё скаўцкае дзяцінства.

Соня. О! Я была вельмі актыўным піянерам: па тры змены кожнае лета ў піянерскіх лагерах. Натуральна, я была старшынёй савета атрада, старшынёй савета дружыны, правадыром усіх паходаў, вогнішчы да неба — так, было крута!

Ігар. А я не магу сказаць, што мне падабалася лагернае жыццё: мяне адвозілі ў лагер, а я раз-пораз уцякаў. Бег да Брэст-Маскоўскай трасы, садзіўся на ўзбочыне і глядзеў, як машыны ідуць з усходу на захад і з захаду на ўсход. Зусім іншая рэч была, калі мяне пачалі вазіць да бабулі ў Паставы. Там было жыццё ў радасць: сябры, рыбалкі, збіранне бычкоў і спробы курыць…

Соня. А я плакала, калі заканчвалася лагерная змена. Мы так горача і слёзна развітваліся з сябрамі, што складана было паверыць, ці выжывем адно без аднаго — а пасля яшчэ доўга-доўга перапісваліся.

Ігар. Самае пацешнае, што хлопцы з майго баранавіцкага двара таксама расказвалі, што ў піянерскім лагеры ім было вельмі крута. Можа, рэч у тым, што яны ездзілі ў іншы лагер. Казалі, што там не было плота і можна было хадзіць у суседні лагер. А мае ўспаміны пра лагеры часта ўпіраюцца ў тое, што там кармілі на ўбой — а гэта менавіта тое, што дзецям цалкам па барабане.

Соня: Я памятаю, мы вялі вельмі актыўны лад жыцця: моцна стамляліся і шмат елі. Ежы нам не хапала, і мы цішком цягалі хлеб са сталоўкі, а ўначы даставалі яго з-пад падушкі, салілі і са смакам елі.

Ігар. А мы зубную пасту елі. Была такая паста польская — Zoo называлася, на ёй яшчэ звяркі былі намаляваныя. Яна была вельмі салодкая, і яе мы елі проста так, дзеля смаку.

Соня. Як табе курыца, дарэчы?

Ігар. Ты проста цудоўна яе замарынавала! Што ў марынадзе? Маянэз?

Соня. Неяк без яго абышлося. Што ў складзе марынаду — сакрэт! Насамрэч усё вельмі проста: гарчыца, хрэн, бальзамічны воцат, аліўкавы алей, усходнія і нашы спецыі.

Ігар. Проста супер атрымалася з тваімі ўсходнімі спецыямі! Хоць я, калі шчыра, вялікі фанат простай беларускай кухні — бульба, мяса, салёны агурок… Але ўсё смачнае такое шкоднае… і ад беларускай кухні часта бывае вельмі цяжка потым.

Ігар. Колькі разоў абяцаю сабе, што на чарговую рыбалку (або паход з сябрам) вазьму з сабой толькі запалкі і ваду, усё ніяк не ўдаецца прывесці план у выкананне. Ежа, выпіўка, зэдлікі – і, як звычайна, паўмашыны ўсялякага хламу.

Соня. А паехалі жыць у вёску. Козачку завядзем. Сабаку ты нарэшце зможаш завесці, вялікага, як хацеў, таго самага, што ў кватэру не змяшчаецца.

Ігар. Я ўжо практычна гатовы жыць у вёсцы, але я ж гультай, а козачку трэба даглядаць, карміць яе ў пяць раніцы — я так не змагу.

Соня. Ну, добра, на пенсію выйдзеш — паедзем жыць у вёску. Прадамо кватэру і паедзем з горада. Можна нават без козачкі.

Ігар. Згодны. Калі сур’ёзна, усё, што трымае ў горадзе, — гэта праца. Асабліва летам у горадзе невыносна. Варта толькі выехаць у лес, як у мяне адразу ж нармалізуецца ціск, нічога не баліць, і я адчуваю сябе маладзейшым гадоў на 10 мінімум. У горадзе нейкая асабліва трывожная і цяжкая атмасфера. Я б жыў у вёсцы з радасцю, калі б зімы не было. Але гэта трэба ў афрыканскую вёску ехаць.

Соня. Паехалі, паехалі ў Афрыку! Я ўжо вельмі даўно мару пра гэта! Паехалі проста цяпер!

Ігар. Ну, паехалі. Збірай рэчы, а я вогнішча разбяру. Да вечара, можа, дабяромся пешшу да нашай афрыканскай вёскі.

 

Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч.


3 Каментаў у “Ігар Варашкевіч: «У зімовую тайгу на тыдзень — вось гэта я разумею!» (відэа, фота)”

  1. Step says:

    Народны рытм-энд-блюзер Беларусі ўмее адпачываць. А пакуль ён адпачывае, ягоны калега па стылю Андрэй Плясанаў, лідэр гурта “P.L.A.N.”, дае канцэрты: 15 сакавіка быў ў клюбе “Йо-Ма-Йо”, а 5 чэрвеня будзе ў “Графіці”, інфармацыя тут
    http://www.lastfm.ru/event/330
    http://www.graffiti.by/2012/an

  2. Step says:

    Заўважыў, што тут спасылка на lastfm.ru/event/330… не спрацоўвае, бо далей там ёсць кірылічныя літары, а на іншых сайтах спрацоўвае нармальна. Ну дык затое ёсць сайт клюба “Graffiti”, там нават падрабязьней.

  3. Real Fan says:

    Стёпа, ерунда какая-то: уже и на сайте “Графити” открывается концерт 6-го, а не 5 июня. Лучше зайти на главную страницу и там найти свой день да нажать заголовок http://www.graffiti.by/

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика