Ён размаўляе з карчакамі і асабіста ведае ляснога ката. “Лёнік, Лёнік! — кажуць яму высахлыя дрэвы. — Не праходзь міма, вазьмі нас з сабой, мы такія старэнькія, але табе яшчэ спатрэбімся!” І Лёнік бярэ іх з сабой, пасяляе пад дахам свайго дома: радасныя карчы прыжываюцца і, ператвараючыся ў сталы, крэслы, вешалкі і нават дзіцячыя цацкі, застаюцца назаўжды.
— Вядома, сэканоміць — гэта з меншага, — тлумачыць музыка Леанід Паўлёнак, ідэйны лідар гуртоў “НагУаль” і “Маланка Аркестр”. — А з большага — атрымаць нешта ўнікальнае, самабытнае, зробленае сваімі рукамі.
З тых часоў як мы з жонкай пераехалі за горад, я пачаў часцей бываць у лесе. З лесам у мяне даўнія сяброўскія адносіны, але ідэя самастойна вырабляць мэблю наведала мяне толькі паўгода таму. Я раптам зразумеў, што лес можа даць усю мэблю для дома: сталы, крэслы, вешалкі, шафкі, палічкі… Нават посуд драўляны можна знайсці ў лесе. Галоўнае ўбачыць у дрэве… э-э… патрэбны ўчастак мэблі або гатовы аб’ект: магчыма, прырода ўжо даўно вырабіла тое, што табе так неабходна ў гаспадарцы. Напрыклад, вешалка для ручнікоў. Неяк я прынёс з лесу выдатны сухі кавалак дрэва з сучкамі: нічога не давялося прыкручваць, абрэзаў лішняе, наждачкай сучкі закругліў — выдатная атрымалася вешалка!
А наогул, я яшчэ шмат чаго не ведаю: пачынаю толькі. І мэбляй пакуль гэта цяжка назваць. Гэта хутчэй лясныя карчакі, якія добра прыжыліся ў кватэры. Галоўнае знайсці добры матэрыял, прыслухацца да яго, зразумець яго прызначэнне. І зусім неабавязкова ехаць на пілараму ці ў краму “Зрабі сам”: усё, нават дошкі, можна зрабіць уласнаручна.
Што можа быць прасцейшым за звычайныя паліцы? Але сучасны чалавек настолькі адвык рабіць што-небудзь сам, што цяпер купляе нават паліцы. Прызнаюся, мая першая думка пра паліцы таксама ўпіралася ў дзверы крамы «Зрабі сам!». А потым я падумаў: можа, сапраўды самому зрабіць? Паварушыў мазгамі і вельмі ўзрадаваўся простасці выканання.
Раней мне падавалася немагчымым зрабіць самому хоць нейкае падабенства паліцы. А насамрэч усё вельмі проста: ідзеш у лес, знаходзіш дрэва, што ўпала (бервяно папросту), адразаеш метр гэтага бервяна, а далей вялікай пілой, як гэта рабілі нашы продкі, або сякеркай рассякаеш бервяно ўздоўж напалову. Потым апрацоўваеш рубанкам, і ў цябе атрымліваецца своеасаблівая дошка пад паліцу: з аднаго боку яна круглая, з натуральнымі няроўнасцямі дрэва, а з другога — такі грубы драўляны зрэз. Глядзіцца афігенна прыгожа!
Найбліжэйшым часам хачу паспрабаваць сам падлогу пакласці. Не ведаю, што атрымаецца, але ўсё роўна паспрабую.
Важна тое, што сам я жывых дрэваў не ссякаю. Уяўляеце, як валяць добры лес падчас масавай дзяржаўнай нарыхтоўкі? Пілуюць усё запар, а потым сушаць матэрыял, каб зрабіць з яго дошкі. Дык вось, я не высякаю жывыя дрэвы, а бяру толькі высахлы матэрыял і ў гэтым бачу сябе памочнікам лесу. Колькі дрэваў пападала ад моцнага ветру, высахла або пагарэла падчас ляснога пажару! Гатовага матэрыялу ў лесе так шмат, што яго не толькі можна, яго трэба браць. Асабіста я дазваляю! Бярыце і рабіце з сухіх дрэваў карысныя рэчы!
Драўніна — экалагічна чысты матэрыял (ну, вядома, калі гэтае дрэва не расло каля ажыўленай трасы або велізарнага завода). Гэта вельмі самабытны матэрыял, з цікавай фактурай і ўласнай энергетыкай: дрэва прываблівае чалавека, стварае ў доме асаблівую ўтульнасць. І ў гэтым сэнсе пластмаса ніколі не заменіць драўляных вырабаў. Посуд, паліцы, столікі з пластмасы, вядома, функцыянальныя, але некарысныя і нібы бяздушныя… Пластмаса — гэта, вядома ж, лайно, якое, у адрозненне ад уласна лайна, раскладаецца значна даўжэй.
Калі не было пластмасы, у нашым дзяцінстве жартавалі: «Цяжкае дзяцінства — драўляныя цацкі». Сёння ўсё памянялася, і бацькі, якія клапоцяцца пра здароўе сваіх дзяцей, шукаюць выключна драўляныя цацкі. Праўда, каштуюць яны часцяком не надта танна, але бяспечныя для здароўя і вельмі прыемныя навобмацак.
Калі я быў маленькі, то любіў гуляць з драўляным трактарам. Яго зрабіў для мяне дзядуля-сусед. Мая любімая цацка выглядала наступным чынам: грубая дошка (не свежавыструганая, а ляжалая, з хлява), да яе па баках прыбітыя 2 меншыя дошчачкі, ну і чатыры колы. І гэта быў проста афігенны трактар, скажу я вам!
Дзіцячыя цацкі лепш за ўсё рабіць з карэнішча дрэва. Фактура каранёў бывае настолькі мудрагелістай, што нават намаганняў прыкладаць не трэба: глядзіш на карэнне, і ў галаве з’яўляюцца чароўныя карціны, вобразы — дзіцячыя цацкі самі просяцца ў рукі.
Бацькі часта вырашаюць за дзяцей, з чым тым гуляць — вось гэты плюшавы каток вельмі мілы, — і хвалююцца, калі дзіця не выказвае цікавасці да мілага катка. У дзяцей жа ўласнае бачанне цікавасці рэчаў, і тая ж скрыначка запалак для малечы сёння можа быць машынкай, заўтра мышкай, паслязаўтра хаткай — чым заўгодна, толькі не сродкам павышанай небяспекі.
Калі б не музыка, я заняўся б «прамысловым» вырабам унікальнай мэблі. Ці фермерствам, ці пчалярствам. Вырошчваў бы для людзей экалагічна чыстыя памідоры, агуркі, бульбу. Хоць нешта мне падказвае, што не так усё гэта проста: у нас у краіне, для таго каб добрая ідэя ажыццявілася і прынесла радасць і мінімальны прыбытак, трэба “зашыцца” як мага далей у лес.
Спроба зрабіць нешта сваімі рукамі — гэта вяртанне ў часы ўсяго сапраўднага. Гэта нейкая няўлоўная і пакуль не вельмі зразумелая мне магія: робіш нешта, і ў выніку атрымліваецца рэч. Стаіш і глядзіш на яе, кайфуеш. Атрымалася ўсё ж такі! Сучасныя мужчыны таксама, вядома, здабытчыкі, але ўсё ж у меншай ступені, чым калі-небудзь. У нашае стагоддзе аднаразовых рэчаў так прыемна зрабіць нешта сваімі рукамі.
Сёння людзі занадта залежныя ад горада. Шмат каму па грыбы-ягады прасцей збегаць на рынак, чым у лес. Уявіце: сабрацца, выехаць з горада, знайсці «правільны лес», пакарміць камароў і мошак — залішне складана для руплівага гарадскога чалавека. А яшчэ гэтае абавязковае «прыйшоў з працы, і трэба нешта па хаце зрабіць». Дзе ўжо тут па лесе гуляць? Прызнацца, я рады, што цяпер жыву за горадам і ў мяне зноў ёсць магчымасць быць бліжэйшым да лесу.
Лес можа даць больш, чым мы думаем! Я гэта зразумеў яшчэ ў дзяцінстве, жывучы на хутары з бабуляй і дзядулем. Мы хадзілі ў лес у грыбы і ягады, па дрэвы для гаспадарчых пабудоваў (дзед сам збудаваў увесь хутар), па дровы… Але было сёе-тое яшчэ: у лесе я заўсёды знаходзіў спакой, зачараванне і натхненне.
Даведка «Будзьма беларусамі!»
Леанід Паўлёнак, музыка, ідэйны лідар гуртоў “Нагуаль” і “Маланка Аркестр”, удзельнік гурта “Рэха”. Далей матэрыял пра Леаніда ўзяты з яго неапублікаваных мемуарных і аўтабіяграфічных нарысаў. “Нарадзіўся ў Наваполацку ў 1974 годзе. Як спяваў Высоцкі, “я вышел ростом и лицом, спасибо матери с отцом”. Мама кажа, што я быў спакойным і ціхім, еў і спаў. Аднойчы мяне адправілі ў глухую вёску Навінцы да дзядулі і бабулі. Там я слухаў казкі, вучыўся хадзіць, дыхаў паветрам зямлі, услухоўваўся ў прыроду і свабоду. У садок амаль не хадзіў, за што маме вялікі дзякуй! Усе школьныя гады прайшлі для мяне ў нейкім жудасным пякельным тумане і нянавісці. Напэўна, душа мая падсвядома пратэставала супраць саўковасці. Вялікім шчасцем, выратаваннем і сапраўднай радасцю былі перыяды канікул. На іх я заўсёды ад’язджаў у вёску. Пасля школы спрабаваў паступіць у Горацкую сельгасакадэмію, паспяхова праваліўся і паступіў у Наваполацкае ПТВ-28 на слесара КИПиА.
У 1992 годзе ў маім жыцці здарыўся пераломны этап — я трапіў на наваполацкі фэст «Рок-Кола». Мясцовая рок-музыка, асабліва цяжкая пранікала ў мяне магутна і цалкам. Я тросся і крычаў: «Метал, давай!» І быў у дзікай эйфарыі ад полацкай трэш-банды «Дзiда». Тады мне стала зразумела — буду музыкам. І вырашыў сабраць свой рок-ансамбль.
1992—1999 — гады збіральніцтва ансамбляў, хістанняў па субкультурах і працах. Я скакаў па іх, як цень ад воблака, якое гоніць вецер! Працы былі такія: кіраўнік музычнага гуртка, дворнік, працоўны піларамы, лабарант кафедры фізвыхавання ПДУ, грузчык, ляснік.
1997 год прынёс мне вялікую палёгку. Мой знаёмы пісьменнік Аляксандр Чарніцкі адкрыў мне шчаслівую музыку Psychobilly. І даў паслухаць на бабіне першы зборнік Псіха-атакі на Еўропу. Гэта было крута! Я падумаў, што гэта акурат тая музыка, што мне патрэбная. А ў 1999 годзе я пераехаў у Мінск. І тут пачалася гісторыя “Нагуаль”.
Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Апошняе ў рубрыцы:
Аляксандр Кулінковіч: «Дурням рэдка шанцуе. Асабліва ў рыбалцы» (відэа, фота) Беларускія будні ў стразах і латэксе (відэа, фота) Віталь Артыст: “Хачу памерці маладым і здаровым у 90 гадоў!” (фота, відэа) Крамбамбуля — гэта выпіўка, закуска, дэсерт і жанчына! (+ фота, відэа) Уладзімір Пугач: Штодня мы выпраўляемся на паляванне па сваё «мяса» (+ фота, відэа) Ганна Хітрык: «Жывуць бруд і гліна!» ( + фота, відэа)