This movie requires Flash Player 9
23.04.2012 | Захапленні

Міхей Насарогаў: “Я надзвычай люблю бегаць, лежачы ў ванне” (фота, відэа)

Раніца выдалася шэрай, але па-свойму займальнай. Дзеці перасталі пісаць сачыненне. Прытуліўшыся да шыбаў, яны здзіўлена сачылі за школьным стадыёнам, дзе адбывалася неймавернае: два элегантна апранутыя джэнтльмены і сабака беглі дзясятае кола. Пры гэтым няспешна размаўлялі, а адзін нават курыў люльку. Зразумела, яны займаліся фізкультурай. Зразумела, гэта былі Міхей Насарогаў ды Макс Сіры. Rocker Joker, зразумела.

Міхей: Рэч у тым, што і ўскраіна, і цэнтр горада па-свойму фармуюць творчых людзей: дзесьці ў гета нараджаецца пераканаўчы, злы, агрэсіўны хіп-хоп, а дзе-небудзь у Фларэнцыі, магчыма, балетныя школы квітнеюць.

Макс: У любым, нават самым вольным грамадстве ёсць свае рамкі, дык вось чым мацнейшыя сценкі гэтых нябачных рамак, тым больш працы для мозгу творчай асобы.

Міхей: Але нам, без сумневу, пашанцавала: мы жывем у Беларусі. І тут нараджаецца не толькі злосны хіп-хоп (што было б лагічна), у Беларусі нараджаецца ўсякае, і неяк добрага больш.

Макс: Якраз беларускі хіп-хоп не вельмі пераканаўчы, а вось усяго астатняга, добрага і вечнага, у нас дастаткова: «Серебряная свадьба», «Нагуаль»…

Міхей: «Крамбамбуля»… Тут пачуццё гумару ў пашане, а гэта паказчык: шанцаванне –  жыць у краіне, дзе творчыя людзі зараджаныя на гумар і пазітыў.

Макс: Ці ёсць сярод беларускіх музыкаў «зоркі»? Думаю, так, калі казаць не пра зазнайства, а пра здольнасць грэць і цешыць. Але сапраўдная «зорка» не мае патрэбы ў пазначэнні. Як правіла, у гэтым больш цікавасці для астраномаў.

Міхей: Шчыра скажу, я той яшчэ астэроід, але ж я не разважаю на «зорныя» тэмы: мне гэта нецікава. Чалавеку, які стварае, няма справы да таго, як яго называюць.

Макс: Проста мы не належым да культуры, якая карыстаецца такой тэрміналогіяй, і наўрад ці нехта з нашых прыхільнікаў стане называць нас «зоркамі».

Міхей: Тэрмін “зорка” цалкам лагічна прымяніць да Алы Пугачовай, але складана да Лёні Фёдарава. Лёня Фёдараў – гэта Лёня Фёдараў: выдатны музыка і, я ўпэўнены, выдатны чалавек. А вось Ала Пугачова — гэта «зорка», а ўжо потым Ала Пугачова.

Міхей: Не думаю, што хацеў бы быць такім, як Мік Джагер. Складана гэтага хацець: крыўляцца трэба, і потым ён старэнькі ўжо (усё на пенсію ніяк не выйдзе), зубы ў яго вялікія – чысціць трэба, усе гэтыя амбулаторыі, лекары за ім ездзяць на канцэрты, каб сачыць, ці не адваліцца з попы шруб – я не хачу так. Мне больш сімпотна, як сябе трымае Барыс Грабеншчыкоў: годна сядзе ў цэнтры сусвету, «Бу-бу-бу-бу…» — і вясёлка. Вось так, можа быць, і хацелася б: ты кагосьці пагладзіў, табе папляскалі, і кашэль таўсцейшы стаў. Такое мне падыходзіць.

Міхей: Мы не спецыяльна так сёння апранутыя. Мы ўвогуле прыгожа гэта робім. Я заўсёды ў капелюшы, а мой выгляд не супраць паразважаць пра дзень жыцця джэнтльмена з Лондана. І мяне радуе, што на вуліцах Мінска з’яўляецца ўсё больш экстравагантных людзей. Не кажу пра хлопцаў у трэніках: нават мне складана ўспрымаць гэта як норму.

Макс: Я б не сказаў, што мы апранутыя абуральна або ультрасучасна: гэта хутчэй рэтра. На мне цудоўны дзядулеў чэхаславацкі плашч саракагадовай вытрымкі, ангельскія старажытныя штаны, сёе-тое з сэканд-хэнду (лёс і гістарычнае мінулае гэтых рэчаў —  загадка), туфлі ў Міхея дастаў…

Міхей: Мы вельмі радыя, калі бачым незвычайна апранутых людзей з незвычайнымі думкамі. Сёння раніцай я выйшаў на вуліцу і сустрэў чалавека ў шынялі, балоневым касцюме, з мопсам – ніякіх пытанняў: мы пазналі адзін аднаго і ўсміхнуліся. Тое, у што апрануты чалавек, — не заўсёды паказчык яго сутнасці, але адзенне вырашае пытанні каставасці, нейкага дрэс-коду, які счытваецца іншымі. Мы з Максам, людзі свабодных прафесій, можам дазволіць сабе дзівачыць як заўгодна.

Міхей: Акуляры з жоўтым шклом — гэта не дзівацтва, а фізіялагічная патрэба: у мяне залежнасць ад сонечнасці, ад напоўненасці паветра жоўтым адценнем. Амаль год я не здымаючы нашу жоўтыя ці аранжавыя акуляры – так у мяне настрой выраўноўваецца, так мне камфортней.

Макс: Сонца тут мала. Без яго, вядома, не крытычна, але нясцерпна неяк. Сонца радуе, выклікае імкненне да працы, пазітыву.

Міхей: Менавіта таму ангельцы захапілі Афрыку і Індыю: каб пагрэцца. Алмазы — гэта так, абгрунтаванне.

Міхей: Прынята лічыць, што Беларусі і з надвор’ем не пашанцавала, што тут дажджоў ды туманаў больш, чым у туманным Альбіёне. Не ведаю, у Лондане не быў, але я чытаў «Гары Потэра», дык там значна горш, чым у нас, там наогул жах што робіцца!

Міхей: І жоўтыя акуляры, і сабака — гэта не тое што аксэсуары майго вобразу. Для мяне сабака — сімвал безумоўнай любові. Гэта істота, якую не трэба прымушаць любіць цябе: яна на тое зараджаная. Свайго гадаванца ў мяне ніколі не было (гэта ўсё ж вялікая адказнасць, несумяшчальная з маім качавым ладам жыцця), затое сабакі былі ў паненак, з якімі я сустракаўся. І, скажу я вам, часцяком самыя прыемныя ўспаміны пра тыя сустрэчы былі звязаныя з сабакамі.

Міхей: У мяне цяпер, дзякуй Богу, удалы шлюб, але некалі я жартаваў, што калі не атрымаецца знайсці сваю жанчыну, то я завяду сабаку і тым самым спрашчу сабе жыццё.

Міхей: Кажуць, сабакі звычайна падобныя да сваіх гаспадароў. Напэўна, ёсць нейкая ўзаемасувязь. Мне падабаюцца маршчыністыя хрыпуны, вуглаватыя, у меру кампактныя бульдогападобныя сабакі. Я не магу ўявіць свайго камфортнага існавання з сабакам колі — поўная абыякавасць. У мяне ў дзяцінстве быў пудзель — гэта пекла. Я б завёў карлікавага насарога, але кітайцам забаранілі памяншаць вялікіх жывёл. Таму смуткую.

Міхей: Магчыма, любоў да сабак перадалася мне ад майго сябра дзяцінства. У яго дома жылі адразу 11 таксаў! Прычым кожная была раўнапраўным членам сям’і. Яны былі неверагодна распешчаныя, тоўстыя, іх перакормлівалі, усі-пусі, і сабакі расхаджвалі па кватэры, рохкалі, гаўкалі і былі сапраўднымі генератарамі пазітыву.

Іншая скрайнасць, звязаная з сабакамі, — гэта забаронены фільм «Белы Бім — Чорнае вуха»: не саромеюся, даходзіла да істэрык, я вельмі складана перажываў тую гісторыю.

Макс: Ну, не раскісаць, калега! Давайце лепш прабяжым яшчэ трохі! Я бег люблю і некалькі разоў на тыдзень вечарамі выходжу на прабежку. Вечар — самы спрыяльны час для бегу. Ну і, вядома, бегаць не менш прыемна падчас прыёму ежы.

Міхей: Не магу з вамі не пагадзіцца, але я надзвычай люблю бегаць, лежачы ў ванне…

Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч

Вялікі дзякуй Вользе Скварцовай за давер і прадастаўленне для здымак непараўнальнага французскага бульдога з імём Патрык Зюскінд (Зюзя)!

Дзякуй і самому Зюзі за нечалавечую вытрымку, цярплівасць і любоў!


2 Каментаў у “Міхей Насарогаў: “Я надзвычай люблю бегаць, лежачы ў ванне” (фота, відэа)”

  1. Юра says:

    а што гэта за зоркі такія? адкуль узяліся?

  2. Cheese says:

    матэматыку зрабіў ужо?

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика