Аднойчы прафесар цюрыхскага ўніверсітэта, які выкладае сацыялогію і паліталогію, убачыў яе татуіроўкі. Ён быў так уражаны, што распытаў пра ўсе сімвалы, папрасіў расказаць пра іх значэнне, а потым сфатаграфаваў яе руку. І цяпер ён чытае лекцыі пра палітызаваную цялеснасць, пра тое, як чалавек дэманструе сваю грамадзянскую пазіцыю праз уласнае цела. Чытае лекцыі, аперуючы здымкамі Русінай рукі. На тыя лекцыі мы з вамі наўрад ці трапім, але ў нас ёсць магчымасць зазірнуць у той момант, калі татуіроўкі толькі зачырванелі на руцэ Русі.
Руся: Я зрабіла гэтыя татуіроўкі, калі зразумела, што на ўсё жыццё закахалася ў вывучэнне беларускай культуры, этнічных спеваў, архаікі. Так я пазначыла свой творчы пераход у новае поле дзейнасці. Праз сваё цела я дзякую гісторыі Беларусі, яе культуры за тое, што яна такая прыгожая, глыбокая. Дзякую за тое, што яна перш за ўсё ёсць.
Руся: Знаёмцеся, мой майстар Алесь Таболіч. Аднойчы я ўбачыла ў Таболіча яго шыкоўную татуіроўку і зразумела, што гэты чалавек мусіць быць маім майстрам.
Руся: Сёлета я планую зрабіць кніжку з эскізамі архаічных сімвалаў, што маглі б стаць татуіроўкамі. Глядзіце: мы ў салоне татуіроўкі «У лісіцы», тут прадстаўленыя работы ўсіх майстроў салона. Адкрываем папку “Таболіч Алесь, трайблы» і што бачым? На жаль, нічога беларускага. І вось я хацела б зрабіць нейкі такі каталог эскізаў беларускіх архаічных сімвалаў і падараваць яго ўсім салонам тату. Ведаю, што і ў Еўропе зацікаўленыя ў такіх малюнках: салоны Нямеччыны, Швецыі, Швейцарыі ўжо сёння гатовыя ўзяць гэтыя кніжкі. Дык гэта толькі тыя, што я ведаю!
Руся: Мне вельмі хацелася б, каб беларускі традыцыйны арнамент стаў трэндам. Спадзяюся, што кніжка, якую я задумала, атрымаецца і таксама папрацуе на гэтую ідэю. Спадзяюся, што слухачы, якія будуць глядзець на мяне на канцэртах, будуць адчуваць інтэнцыю зрабіць нешта падобнае, бо татуіроўка дагэтуль вельмі модная, так? Многія робяць сабе татуіроўкі, і я была б вельмі шчаслівая, калі б дзяўчаты замест кацяняці рабілі нешта прыгожае, сапраўды беларускае, бо культура — гэта, бадай, адзінае, чым мы, беларусы, сёння можам ганарыцца.
Давайце павернемся тварам да сваіх каранёў. Калі вы ўжо надумалі біць тату, то прапаную вам разгледзець як варыянт вось такія малюнкі. І гэта будзе не проста татуіроўка, а арт-акцыя, якая выказвае вялікую павагу і зацікаўленасць людзей беларускай культурай. Далучайцеся!
Рабіць татуіроўкі — гэта не балюча і зусім не страшна. Праўда, калі трэці або чацверты раз наверх робіцца, то ўжо крыху баліць, але гэта можна трываць. І я заклікаю вас (калі вы ўрэшце рызыкняце зрабіць нешта такое) не ўжываць ніякіх лекаў, што здымаюць боль, а пакутаваць, пакутаваць за родныя беларускія сімвалы.
Руся: Гэтая татуіроўка азначае сувязь з продкамі. Гэтая — вясновае абуджэнне зямлі ды энергію сонца. Гэтая — павагу да мужа і моцную сям’ю. Гэтай татуіроўкай я ганаруся больш за ўсё. Яна, дарэчы, ратуе мяне на гастролях: калі прыгожыя мужчыны робяць непрыгожыя прапановы, я заўсёды кажу ім: а вось паглядзіце, калі ласка, у мяне моцная сям’я, я не магу парушаць свае абяцанні.
Руся: Такое інтымнае дачыненне да беларускай культуры (у выглядзе татуіровак) рэальна ўплывае на жыццё. Каля я зрабіла іх (дзякую космасу і гэтым сімвалам!), маё жыццё змянілася ў лепшы бок. Цяпер я дасягаю поспеху, пра які і не марыла, таму што ўсё раблю вельмі асэнсавана, з адчуваннем вялікай падзякі да беларускай культуры, да нашых продкаў.
Алесь: Дарэчы, напрыклад, скандынаўскія руны вельмі папулярныя, адназначна нясуць сваю энергетыку і нават могуць змяніць лёс. Таму трэба вельмі адказна, асэнсавана падыходзіць да таго, што ты робіш, што “вешаеш” на сваё цела. Татуіроўка — гэта частка твайго лёсу. Трэба дасканала ведаць, што ты робіш і дзеля чаго. Трайблы, напрыклад, кельцкія — гэта ўсё ж не нашая культура, таму раю браць за аснову традыцыйныя сімвалы. Беларускія архаічныя сімвалы — таксама магія, але гэта хутчэй абярэг.
Руся: У архаічных строях чырвоным колерам рабілі вышыванкі. Напрыклад, калі жанчына надзявала строй, вакол яе рук і ног заўсёды была чырвоная вышыўка — і цяпер гэта завецца абярэгам. Такія ж вышыўкі рабілі і на фартухах, і на спадніцах, і на сукенках. Чырвоны колер аберагаў чалавека ад нядобрых сілаў. Мабыць, менавіта таму ўсе архаічныя сімвалы — чырвонага колеру. Так што цяпер мяне ніхто не зможа сурочыць, бо я маю на скуры пажыццёвую абарону.
Алесь: Чырвоны колер — гэта кроў, жыццё. Белы — гэта душа. А чорны — гэта зямля. Вось тры сімвалічныя колеры. Самае цікавае, што ўсе яны — так званыя “чалавечыя колеры”: чырвоны, чорны і белы — гэта нашае ўвасабленне. А не зялёны, напрыклад: гэта ўжо прыродны колер.
Руся: Татуіроўку трэба выбіраць вельмі асцярожна, бо гэта ж на ўсё жыццё. Рыхтуючыся да праекту, мы з Алесем зрабілі эскізы, і з гэтымі эскізамі я жыла даволі доўга. Раздрукаваныя, яны былі паўсюль вакол мяне: каля ложка, на кухні, каля фартэп’яна — усюды я вешала гэтыя малюнкі. Я імкнулася зразумець, ці сапраўды гатовая, каб гэтыя сімвалы жылі са мной усё маё жыццё, ці не надакучаць мне яны ў хуткім часе. Такім чынам я тэсціла сябе: не надакучылі, я іх вельмі люблю, шаную, мажу крэмікам, і заўсёды чакаю наступнай сесіі.
Алесь: Людзей вельмі ўражвае татуіроўка з арнаментам. Гэта нешта дзіўнае для іх, таму што большасць усё ж успрымае татуіроўкі ці як зэкаўскія “купалы”, ці гэта павінныя быць нейкія малюнкі з драконамі ды іерогліфамі. А тут раптам бах — гэта што, фламастарам намалявана? Вельмі шмат пытанняў. І ведаеш, я кайфую ўжо ад таго, што задаецца пытанне «А што гэта, дзеля чаго?» Ты разумееш, што гэта не проста так: у некага пачынае ламацца розум, а з ім і саўковыя стэрэатыпы.
Руся: Так, мая маці, каля я ёй прызналася, што зрабіла татуіроўку, ледзь не адраклася ад мяне. «Гэта нейкая зэкаўская эстэтыка», — злавалася яна. Але калі пабачыла, як гэта ўсё прыгожа, гарманічна і нават не выглядае як татуіроўка, то супакоілася.
Руся: Я чула нешта пра «сінюю хваробу»: калі чалавек, зрабіўшы адну татуіроўку, не можа спыніцца…
Алесь: Руся зробіць яшчэ не адну татуіроўку, кажу вам! Гэта не скончыцца.
Руся: Ну якая ж гэта хвароба? Болі не адчуваеш, можа, толькі лёгкі сверб. Калі гэта хвароба, то яна нават кайфовая! Алесь, дарэчы, рабіў мне кампліменты наконт майго цярпення. Казаў, што нават амапаўцы страчваюць прытомнасць, калі робяць татухі…
Алесь: Гэта вельмі смешна: робіць там нейкі іерогліф на шыі, толькі дакранешся — усё, бах, паляцеў!
Руся: Так што не бойцеся АМАПа: АМАП баіцца татуіровак.
Руся: Што да мяне, то я зрабіла гэтыя татуіроўкі не толькі каб зафіксаваць нейкія змены ў маім жыцці, але і каб пазначыць сябе як беларуску. Бо звычайна, калі едзеш за мяжу, то бачыш, што людзі ўспрымаюць беларусаў як расійцаў альбо ўкраінцаў — для іх ніякай розніцы. І я вельмі ганаруся, калі людзі на замежных канцэртах заўважаюць, што я маладая разумная жанчына, добра размаўляю на ангельскай мове, добра спяваю і што я пазначаю сябе менавіта як беларуску. Яны будуць асацыяваць беларускі народ са мной, і гэта для мяне вялікі гонар.
Руся: Б’ем тату, а мне зусім не балюча. І я адчуваю гонар, што такі абазнаны ў архаіцы чалавек робіць мне такія прыгожыя малюнкі. Я ганаруся, што маю дачыненне да беларускай зямлі, беларускай нацыі, беларускага народа. І гэта шчыра. На жаль, я зразумела гэта не так даўно: калі была падлеткам, не ўсведамляла гэта так глыбока, нават улічваючы тое, што мая сям’я была свядомай і заўсёды ўдзельнічала ў нейкіх палітычных рухах. І калі я пасталела, павандравала па свеце, то раптам зразумела, што свая зямля — гэта свая зямля. І лепшага месца, чым свой дом, знайсці немагчыма. Менавіта пра гэта я і кажу праз сваё цела.
Руся: Я доўга думала, які ж малюнак абраць, выбірала нешта з розных культур (будызм, індуізм, кітайская, габрэйская мовы — што заўгодна), але калі пабачыла гэтыя сімвалы, то адразу адчула: вось яно, маё, беларускае, самае блізкае. І ісці далёка не трэба.
Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Вялікі дзякуй салону “У Лісіцы ” за магчымасць правядзення здымак.
Даведка «Будзьма беларусамі!»
Руся — музыка, вакалістка, журналіст. Нарадзілася 15 сакавіка 1980 у мястэчку Церахоўка на Гомельшчыне. Вучылася ў звычайнай сярэдняй школе, потым паступіла ў Рэчыцкі каледж, вучылася на настаўніка ангельскай мовы і беларускай мовы і літаратуры. Паралельна начамі спявала песні ў клубе “Чорнае золата”. Пасля каледжа паступіла на факультэт міжнародных адносін БДУ. Пазней год правучылася ў магістратуры ЕГУ. У ліпені 2003 гурт Indiga, у якім спявала Руся, перамог на рок-фэсце “Басовішча”, а ў лютым 2006 Руся атрымала рок-карону і тытул рок-князёўны на дзясятай “Рок-каранацыі”. Удзельніца мноства музычных праектаў: Kazalpin, CherryVata, Akana-NHS ды інш. Шмат гадоў агучвае фільмы сусветнага кінематографа на беларускую мову. Зараз прадстаўляе свой новы праект Shuma. (Shuma “Ой еду я дарогаю” – produced by Deech (remixed version))
Алесь Таболіч — музыка, лідар гурта «Znich», выпускнік факультэта дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Актывіст студэнцкага этнаграфічнага таварыства «Зніч»: разам з сябрамі збірае і архівуе аўтэнтычныя спевы, спявае ў аднайменным фальклорным гурце.
Нарадзіўся ў Жыткавічах, што на Гомельшчыне, але доўгі час жыў у бабулі ў Рагачове. Любіць бываць там і цяпер, хоць гэтыя мясціны пацярпелі ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС.