Лыжы, спорт — гэта здароўе, добры настрой, усё зразумела. Але ж патрэбны ідэйны падтэкст: які ж гэта лыжнік, калі ён безыдэйны, не бывае так! І ў пацверджанне гэтаму на лыжню выходзіць музыка Vinsent — само ўвасабленне эмацыйна-сэнсавай нагрузкі на працоўную плошчу лыжаў. Ён у вобразе савецкага лыжніка: шапка “СПОРТ”, палоскі на сінтэтычнай “майстарцы”, ён ужо амаль гатовы да ідэйнага забегу. Ён размінаецца…
— Вобраз савецкага спартсмена сапраўды натуральны для нашае краіны, — сцвярджае Vinsent. — Прайшло ўжо 20 гадоў з распаду Савецкага Саюза, а ў Беларусі з тых часоў нічога не змянілася: як быў сацыялізм, так і застаўся. Менавіта таму сёння я ў вобразе спартсмена-сацыяліста.
Савецкі спартсмен — ён, па-першае, вельмі ўпэўнены ў сабе. Гэта вельмі светлы і мэтанакіраваны чалавек, ён прагне перамогі сваёй краіны. Ён верыць партыйным лозунгам, але ж з’яўляецца лідарам па натуры. Абавязковы атрыбут, канечне, шапка “СПОРТ”, без якой, я лічу, нават неяк непрыстойна выходзіць на лыжню.
Усё гэта прыкол, зразумела, але я ўпэўнены, што артыст заўсёды павінен быць у нейкім вобразе. Калі б я нацягнуў нейкую стандартную куртку ды фірмовую шапку, дзе б тут было цікава? А вось ён, мой герой, — савецкі лыжнік: легендарная шапка, сапраўдная олдскульная майстарка — усё вельмі стылёва падабрана. Мне, канечне, важна, як я выглядаю, але не трэба баяцца быць нейкім смешным, сцёбным. Тым больш што ўсё вытрымана ў адзінай ідэі: зразумелы вобраз, зразумелы пасыл, “Фізкульт-прывет!”, здаровая нацыя, сацыялізм!
Наш сённяшні “савецкі” лыжнік бяжыць пад усімі магчымымі і немагчымымі лозунгамі, але асноўны з іх — “ За моцную і стабільную Беларусь!” Калі б кожны грамадзянін гэтае краіны ўставаў на лыжню раз на тыдзень, ён палепшыў бы не толькі ўласнае здароўе, але і здароўе ўсёй нацыі. Я вам больш скажу: здаровы чалавек будзе лепш працаваць, што непазбежна выведзе эканоміку краіны да новых поспехаў.
Я не ведаю, што такое патрыёт… Я люблю гэтую краіну, размаўляю на мове гэтай краіны, ведаю яе гісторыю. І гэта натуральна, гэта мой гарманічны стан.
Думаю, я мог бы стаць спартсменам: у мяне ёсць мэтаскіраванасць, я не люблю здавацца, мне заўсёды трэба ісці да перамогі — гэта, я лічу, самыя галоўныя якасці прафесійнага спартсмена. Ёсць такія, што саступаюць суперніку ў нейкай тэхніцы, у фізічнай падрыхтоўцы, але яны мацнейшыя духам, і, як ні дзіўна, яны перамагаюць.
Я наогул спорт люблю: займаўся доўгі час футболам, баскетболам, цяпер няма часу, але ўсе роўна хаджу ў залу, усё такое… Летам я ў футбол гуляю, а зімой больш на каньках катаюся. Вось сёння на лыжах вырашылі. Не ведаю, як вы, але я без спорту не змог бы быць тым, кім ёсць.
Калі наступае зіма, заўсёды хочацца больш вандраваць, кудысьці ў цёплыя краіны. Заўжды марыў пабываць у Аўстраліі, Бразіліі, Новай Зеландыі і Японіі. Асабліва ў Новую Зеландыю хочацца. Туды, дзе здымалі ўсе гэтыя вядомыя фільмы: там прырода такая, што аніякіх кампутарных эфектаў не трэба, каб кіно здымаць. Пра Японію сказаў… Ага, ну і ў Драгічын хочацца даехаць. Кожны беларус павінен хаця б аднойчы пабываць у Драгічыне і пабачыць вядомы торфабрыкетны завод, які ўжо сёння выкарыстоўвае самыя перадавыя тэхналогіі. А вы думалі, што нам ганарыцца няма чым?
Зіму я не вельмі люблю: здаецца, што ў Беларусі наогул вельмі суровы клімат, а ўзімку дык асабліва холадна. У нас вось сумёты, а ў Італіі пальмы растуць. Напэўна, я хацеў бы, каб і ў нас было цёпла зімой, каб не трэба было апранацца, нацягваць на сябе дзесяць нейкіх апранахаў, як капуста! Я б хацеў, каб у нас было мора, сонца і пальмы на Новы год. Але паколькі так атрымалася, што не маем мы ні мора, ні сонца, ні пальмаў, а маем гэтыя снягі вечныя, то трэба нешта і тут добрае знайсці, трэба карыстацца тым, што ёсць. Напрыклад, у той жа Італіі на поўначы ёсць Альпы, і нашы людзі плацяць шалёныя грошы, каб пакатацца з тых гор на лыжах. Навошта плаціць, калі ў нас ёсць сваё? І далёка ехаць не трэба.
Але чаму так? Толькі я параіў усім ехаць замест альпійскага курорту ў Сілічы-Раўбічы, як адразу сутыкнуўся з нашай рэчаіснасцю: у мінскім пункце пракату лыжаў няма нават камеры захоўвання для сумак і вопраткі. Я так разумею, да лыжні я павінен дабрацца на машыне. А калі ў мяне няма машыны, што, браць сумкі-футры з сабою на лыжню? Вось такія моманты нерэальныя для Еўропы, таму што там усё для кліента, і калі ты плаціш грошы, то атрымліваеш поўны сэрвіс: абавязкова месца, куды можна пакласці рэчы, пакуль будзеш катацца, дзіцячы пакой, дзе можна пакінуць дзетак, там будзе нейкая кавярня побач, каб можна было не толькі пакатацца на лыжах, атрымаць асалоду ад спорту, а яшчэ і кубачак кавы выпіць, гарбаты… У Беларусі, на жаль, вялізная праблема з сэрвісам. У нас увогуле не развітая сфера абслугоўвання, і часам гэта вельмі раздражняе, таму што калі плаціш грошы, хочацца атрымліваць сэрвіс.
Але беларуская сітуацыя менавіта ў спорце выглядае някепска. Я пра звычайных людзей кажу, пра тых, хто побач са мной: апошнім часам шмат хто з маіх знаёмых адмаўляецца ад цыгарэт ці выпіўкі і пачынае займаецца спортам ці хадзіць у трэнажорку. Але ж гэта іх асабістае дасягненне, а не вынік уздзеяння нейкай дзяржпраграмы па аздараўленні нацыі. Усё залежыць ад нашага жадання: гэта не так дорага — плаціць за трэнажорку, не даражэй, чым курыць.
Сур’ёзна: сёння мы аддалі 15 тысяч за тое, што гадзіну каталіся на лыжах — гэта кошт нятанных цыгарэт. Дык што лепей для цябе — пакурыць ці пакатацца з сябрамі ў вольны час? Павесяліцца, пападаць. Няхай ты не ўмееш катацца, але ўсе роўна гэта станоўчыя эмоцыі, добры настрой. Але я не настойваю: хто хоча курыць, хай курыць. Асабіста я за здаровы лад жыцця! Я вельмі люблю спорт і лічу, што без яго ў сучаснага чалавека ёсць усе шанцы пакрыцца мохам ды цвіллю ля свайго кампутара.
Даведка «Будзьма беларусамі!»
Vinsent (сапр. Дзмітрый Папко) нарадзіўся ў 1988 годзе ў Івацэвічах, у 2011 годзе скончыў Інстытут журналістыкі БДУ. Маючы журналісцкую адукацыю, Vinsent яшчэ са студэнцкіх гадоў вырашыў прысвяціць сябе менавіта творчай і музычнай дзейнасці.
Пасля ўдалага дэбюту ў 2009 годзе з альбомам “Пачатак” выступіў у шматлікіх беларускіх гарадах. Адзначыўся вялікімі сольнымі канцэртамі ў Мінску, выступаў на фэстах Польшчы (“Салідарнасць з Беларуссю”, “Басовішча”), Украіны (“Бандэрштат”), Літвы (“Кірмаш народаў — TAUTU MUGE”). Цяпер выступае разам з жывым бэндам, таму нельга сказаць, што яго творчасць — гэта стандартны хіп-хоп, гэта ўжо сумесь стыляў: хіп-хопу, року, джазу, фанку. Гэтай зімою Vinsent зняўся ў некалькіх буйных кінапраектах, выхад якіх на шырокі экран адбудзецца найбліжэйшым часам:
• галоўная роля ў фільме “Мірон”, знятым у Польшчы студыяй “Wytwornia Filmow Dokumentalnych i Fabularnych”
• адна з цэнтральных роляў у фільме “Вышэй за неба” Андрэя Курэйчыка
На сённяшні дзень Vinsent з музыкамі рыхтуе другі студыйны альбом, які будзе працягваць абраны напрамак у развіцці live hip-hop.
Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч