11.06.2012 | Захапленні

Зоя Сахончык (ZM99): «Ты хацеў бы зазірнуць туды, куды падаюць кеглі для боўлінгу?» (фота, відэа)

Кожны тыдзень яны выбіраюць для сябе новае захапленне, таму што хочуць як мага больш часу праводзіць разам. Ім мала таго, што яны сям’я і калегі па працы. Яны хочуць усё рабіць разам, каб быць максімальна блізкімі адно аднаму. І для чарговай серыі «Захапленняў» Зоя і Уладзімір Сахончык (музыкі гурта ZM99) вырашылі паспрабаваць нешта цалкам новае. Дэвіз каманды ўсё той жа: «Быць бліжэйшымі! Пастаянна бавіць час разам!»

Зоя. У нас часта пытаюць, ці не стамляемся мы адно ад аднаго. І на працы разам, і дома, і яшчэ хобі агульныя. Мне здаецца, што мы ўжо фізічна не можам адно без аднаго. Гэта як раз’яднаць аднаго чалавека. Адна яго рука ўжо не зможа рабіць нешта гэтак жа паспяхова без дапамогі другой.

Уладзімір. Ты якая рука, правая ці левая? Я, напэўна, правая.

Зоя. Гэта з якога боку паглядзець.

Уладзімір. Я заўсёды правы.

Зоя. Ну, з гэтым, вядома, можна паспрачацца. Але не тут і не цяпер, бо мы прыйшлі забаўляцца і адпачываць. Спрачацца можна з нагоды працоўных момантаў, а наконт забавак неяк недарэчна канфліктаваць.

Зоя. Навучы мяне, калі ласка, бо ты лепш гуляеш. Дакладней, наогул маеш хоць нейкі вопыт гульні ў боўлінг.

Уладзімір. Ну так, гуляў крыху, калі з «Нейра Дзюбелем» у Празе быў.

Зоя. Ну вось і навучы мяне. Гэта складана? А жанчынам больш складана, чым мужчынам? Як мне правільна кінуць? Як стаяць? Там нейкія 4 крокі павінныя быць.

Уладзімір. Першая жаночая боўлінг-ліга была ў 1931 годзе. За 80 гадоў, я думаю, жанчыны навучыліся гуляць у боўлінг. І гэта зусім не складана.

Зоя. Я, ведаеш, упершыню за гэтыя 80 гадоў прыйшла пагуляць. Расказвай. Якія там тонкасці і сакрэты ёсць?

Уладзімір. Зараз я сам ўспомню… Галоўнае тут не мітусіцца, не рабіць лішніх рухаў, спакойна разлічыць свае сілы і кінуць шар.

Зоя. Так пачакай, там чатыры крокі нейкія павінныя быць. Ну вось бачыш, у мяне нічога не атрымалася. Што я зрабіла не так?

Уладзімір. Першая праблема пачаткоўцаў у тым, што яны цэляцца менавіта ў цэнтр, не ўлічваючы таго, што ты, па-першае, кідаеш шар правай рукой, у цябе ідзе намах з правага боку. Хтосьці ляўшун. Сіла кідка і іншыя аспекты. Я лічу, што табе трэба цэліцца направа, каб шар пайшоў трошкі лявей.

Зоя. Так, мая рука пайшла з замахам, быццам я касіла.

Уладзімір. З замахам, так. Ты павінная сканцэнтравацца менавіта на тым, каб не ў цэнтр кідаць, а менавіта трошкі зрушыць яго. Потым вызначыш, куды табе больш прыкладаць намаганні, у які бок.

Зоя. Слухай, выдатна! Мне вельмі падабаецца! Але гульня ў вялікай камандзе была б яшчэ больш займальнай! Вось, напэўна, калі сапраўдны азарт з’яўляецца!

Уладзімір. Так, чым больш людзей, тым весялей, таму што гэты від спорту трохі несур’ёзны. Так, павесяліцца. Але ўсё роўна тут трэба і вытрымка, і цярпенне, і канцэнтрацыя. Таму што калі будзеш мітусіцца, збіць усе кеглі ў цябе не атрымаецца.

Зоя. І складаней за ўсё збіць менавіта апошнюю — гэта я ўжо зразумела.

Зоя. Я не магу назваць боўлінг спортам, але і дурным, смешным альбо несур’ёзным заняткам таксама не назавеш. Гэта цалкам асэнсаваная і поўная пазітыву справа. Асноўнае прызначэнне боўлінгу — падымаць людзям настрой.

Уладзімір. Пагуляць пасля цяжкага працоўнага дня, адпачыць, сустрэцца з сябрамі.

Зоя. Прабавіць час разам, павесяліцца — вось асноўны сэнс.

Уладзімір. Ну і спаборніцкі момант, вядома. Боўлінг — досыць азартная гульня!

Зоя. Ой, а памятаеш тое відэа, дзе ты ездзіў у Чэхію з “дзюбялямі”? Відэа тых момантаў, як вы адпачывалі. І там быў кадр, дзе ты, гуляючы ў боўлінг, разам з шарыкам паляцеў на дарожку. Так смешна: шарык не выпусціў з рук і разам з ім паляцеў наперад!

Уладзімір. Так, было такое. І прычым ніхто з персаналу нічога не сказаў. Проста падышлі і так культурна патлумачылі: “Ведаеце, там не вельмі чыста і Вы можаце выпацкацца». Зусім іншая культура!

Уладзімір. А ты ўяўляеш, што там наогул адбываецца? Там, куды падаюць кеглі?

Зоя. Ну, гэта хутчэй да цябе пытанне: ты ж ляцеў туды з шарам, павінен быў хоць краем вока ўбачыць.

Уладзімір. Я не так блізка да кегляў злётаў. Але думаю, што там працуе нейкае падабенства канвеера, які хуценька складае кеглі на месца. А яшчэ ніжэй сядзіць гіганцкі робат, які сартуе шары і вяртае іх назад.

Зоя. А можа, там сядзяць рабы?

Уладзімір. Прыходзячы гуляць у боўлінг, людзі часцяком бяруць у бары выпіўку. Так бы мовіць, для адвагі і запалу. Я б не сказаў, што алкаголь моцна дапамагае. У чалавека, які выпіў, як правіла, цяжка з каардынацыяй рухаў. А гэта менавіта тое, без чаго не будзе добрай і ўдалай гульні. Але бываюць выключэнні. Гуляючы тады ў Празе, я ўразіўся таму, што найлепшыя вынікі былі ў нашага кіроўцы, які не спаў да таго моманту ўжо двое сутак. Ён піў нароўні з намі, але пры гэтым (стомлены і нецвярозы) па колькасці ачкоў ішоў наперадзе. Усе яго ўдары — чыстыя «страйкі». Мы празвалі яго Энерджайзер. Гэта, паўтаруся, выключэнне. Звычайна алкаголь не паляпшае якасці гульні або шанцавання.

Зоя. Ну вось, ты, зусім цвярозы, толькі што не збіў ніводнай кеглі.

Уладзімір. Мда… Можа, і трэба было б выпіць.

Зоя. Насамрэч каб гуляць у боўлінг, патрэбны вельмі ўстойлівы характар.

Уладзімір. Вытрымка, цярпенне…

Зоя. Са слабымі нервамі сюды нельга, бо, прайграючы, можна разравецца на вачах у астатніх.

Уладзімір. Так, слабакам тут не месца!

Зоя. Ці старым?

Зоя. У більярд мы з табой хадзілі? Хадзілі! На лыжах каталіся? Каталіся! У саўну, у лазню ходзім? Ходзім! Вось цяпер і боўлінг можна дадаць да спісу ўпадабаных заняткаў!

Уладзімір. З парашутам скакалі? Ці не скакалі?

Зоя. Пачакай, ты ж хацеў скакаць з парашутам, але мы не пайшлі, таму што я вельмі баюся вышыні.

Уладзімір. А я вельмі баюся парашутаў.

Зоя. Можа, нам варта звярнуцца да спецыялістаў?

Уладзімір. Я б яшчэ раз звярнуўся да спецыялістаў боўлінг-цэнтра.

Зоя. Не, я прыдумала нам новы занятак: мы паедзем у кругасветнае падарожжа па Беларусі.

Зоя. Звярні ўвагу, як цудоўна мы прабавілі час! Мне здаецца, што 70 тысяч за гадзіну — гэта зусім мала, асабліва для кампаніі. А карысці і пазітыву нашмат больш, чым стаяць ля пад’езда з бутэлькай піва.

Уладзімір. Так-так. А я б і на піва схадзіў!

Зоя. Я табе зараз пайду на піва! Бяры свой шар! Будзем біцца!

Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч

Вялікі дзякуй кіраўніцтву і персаналу Bowling House за магчымасць правядзення здымак.


Адзін каментар у “Зоя Сахончык (ZM99): «Ты хацеў бы зазірнуць туды, куды падаюць кеглі для боўлінгу?» (фота, відэа)”

  1. Real Fan says:

    Дзе 3-ці альбом, “ZM99”? Не mp3, а нармальны, для слухача, а не БАМЖа.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика