Прэзентацыя двухтомніка "Беларусы ў Сібіры"
Пачатак: 05.02 (11:00)Канец: 05.02 (13:00)
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
5 лютага 2020 г. у 11:00 у рамках ХXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі адбудзецца прэзентацыя двухтомніка “Беларусы ў Сібіры”, які выдадзены Цюменскім дабрачынным фондам “Адраджэнне Табольска” (Расія).
Сібір ад Беларусі аддзяляюць тысячы кіламетраў, велізарная Руская раўніна і Уральскія горы. Але шмат выхадцаў з Беларусі пачынаючы з апошняй трэці XVI ст. звязаны з гэтым асаблівым рэгіёнам, яго засваеннем і развіццём. Сялянскія перасяленні беларусаў у Сібір у другой палове XIX – пачатку ХХ стст., якія дасягнулі найбольшага маштабу ў часы аграрнай рэформы П.А. Сталыпіна, узбагацілі традыцыйную культуру старажылаў Сібіры многімі самабытнымі праявамі каляндарнай і сямейнай абраднасці, драўлянага дойлідства, народнага адзення і кухні. Спецыялісты, якія прыехалі ў Сібір у гады Вялікай Айчыннай вайны падчас эвакуацыі з Беларусі прамысловых прадпрыемстваў, прымалі актыўны ўдзел у будаўніцтве гарадоў, развіцці навукі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі.
У выданне “Беларусы ў Сібіры” ўвайшлі многія жывыя сведчанні ўдзелу беларусаў у самых розных эпізодах гісторыі Сібіры, захаваныя ў лістах, дзённіках і падарожных нататках. Двухтомнік у падрабязнасцях захаваў карціну сумеснага шляху рускіх і беларусаў па землях нязведанай яшчэ Сібіры і нараджэння на сібірскіх прасторах новай асаблівай нацыі. Аснову зместу склалі артыкулы і нарысы шэрагу вядучых гісторыкаў, этнографаў, мастацтвазнаўцаў, пісьменнікаў, публіцыстаў і грамадскіх дзеячаў з дзясяткаў гарадоў ад Мінска да Уладзівастока.
У мерапрыемстве прымуць удзел дырэктар Цюменскага дабрачыннага фонду “Адраджэнне Табольска” (Расія) Аркадзь Рыгоравіч Ялфімаў, адзін з аўтараў і ўкладальнікаў выдання Юрый Пермінаў, пісьменніцы Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Іна Фралова і Ніна Галіноўская.
Уваход вольны.
Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
(вул. М. Багдановіча, 13)
Калі: 5 лютага 2020, у 11:00
Тэлефон: (017) 334-56-21