У лютым 2020 года спаўняецца 100 гадоў з моманту заснавання сусветна вядомага мастацкага аб’яднання УНОВІС, створанага ў Віцебску па ініцыятыве Казіміра Малевіча. Напярэдадні гэтай знамянальнай даты ў Беларусі стартаваў маштабны праект #UNOVIS100, які рэалізуецца Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны сумесна з Музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча і кампаніяй А1. Галоўная падзеяй стане першая ў гісторыі Беларусі выстава Лазара Хідэкеля, якая адкрыецца ў Нацыянальным мастакім музеі Рэспублікі Беларусь 15 лютага.
«Нас зразумеюць праз 100 гадоў. Лазар Хідэкель» – першая ў Беларусі персанальная выстава першага ў свеце супрэматычнага архітэктара, мастака, наватара і яскравага прадстаўніка авангарду. Дзякуючы падтрымцы А1 адмыслова для выставы будуць дастаўлены каля 100 арыгінальных работ і дакументы УНОВІСа з архіва сям’і Хідэкеляў. Унікальную экспазіцыю можна будзе ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь да 15 красавіка.
«Словы Лазара Хідэкеля «Нас зразумеюць праз 100 гадоў» і містычныя супадзенні натхнілі нас на стварэнне канцэпцыі выставы. Надзвычайна, што першая на радзіме персанальная выстава Хідэкеля будзе праходзіць у яго дзень нараджэння – 29 лютага. Праз 100 гадоў Беларусь зноў можна назваць цэнтрам развіцця тэналогій будучыні. Каб падкрэсліць гэту ідэю, да працы над выставай прыцягнутыя маладыя беларускія архітэктары і IT-спецыялісты па віртуальнай рэальнасці. Рыхтуецца шэраг калабарацый з дызайнерамі, суправаджальная праграма лекцый і мерапрыемстваў ды іншыя цікавыя праекты, звязаныя з творчасцю УНОВІСа і Хідэкеля», – адзначыла занавальніца Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны Мая Кацнэльсон.
Дакументы і работы для выставы ў Мінску прадаставіла сям’я Лазара Хідэкеля: яго сын – знакаміты архітэктар і дызайнер Марк Хідэкель з жонкай – доктарам мастацтвазнаўства Рэгінай Хідэкель, а таксама іх сынам – архітэктарам Раманам Хідэкелям. Усе яны прыедуць на адкрыццё з Нью-Йорка. У кастрычніку 2019 года пры ўдзеле спадкаемцаў у Мінску ўпершыню адбылося ўручэнне прэстыжнай узнагароды для архітэктараў – Міжнароднай прэміі імя Лазара Хідэкеля.
«Спадчына уновісцаў раскідана па розных краінах свету. Любы музей ці прыватны калекцыянер ганарацца сваімі экспанатамі, пад якімі стаяць імёны Казіміра Малевіча, Эль Лісіцкага і іншых мастакоў «віцебскага рэнесансу». Лазар Хідэкель, безумоўна, адзін з іх, і вяртанне яго работ на радзіму, дзе 100 гадоў таму ён пачаў распрацоўваць свае наватарскія праекты гарадоў над вадой і касмічных пасяленняў, – гістарычная падзея», – падкрэсліў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў.
Напярэдадні 100-годдзя УНОВІСа, 12-13 лютага, у Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча адбудзецца прадстаўнічая навуковая канферэнцыя з удзелам замежных даследчыкаў гісторыі авангарду. Яна завершыць сваю працу ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь 14 лютага, у дзень 100-годдзя УНОВІСа. Праграма далейшых мерапрыемстваў праекта #UNOVIS100 будзе апублікавана пазней.
«Работы Лазара Хідэкеля ўжо даўно сталі сусветнай спадчынай, і мы вельмі радыя, што пры ўдзеле А1 яны нарэшце будуць прадстаўлдены ў Беларусі, – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацыі кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў. – Падтрымка важных артэфактаў нацыянальнай культуры вельмі важная для нашай кампаніі. У праекце #UNOVIS100, які мы рэалізуем сумесна з нашымі партнёрамі, нам хацелася б падкрэсліць выключнае значэнне для сусветнага культурнага кантэксту тых працэсаў, што адбываліся ў Віцебску ў 1920-я гады, а таксама вярнуць на радзіму імёны нашых выбітных мастакоў».
У рамках праекта #UNOVIS100 дакументальны фільм «УНОВІС» будзе бясплатна даступны на відэасервісе VOKA да канца юбілейнага года – з 23 студзеня па 31 снежня. Карціна рэжысёра Яўгена Сяцько расказвае пра тое, чаму першая ў свеце школа супрэматызму ўзнікла менавіта ў Віцебску, у чым выявіўся яе ўплыў на сучасную культуру і мастацтва і як гэта ўслаўляе Беларусь ва ўсім свеце. Паглядзець яе можна з любой прылады і ў сетцы любога аператара пасля аўтарызацыі ў прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv па нумары мабільнага тэлефона. 22 студзеня спецыяльны паказ фільма «УНОВІС» прайшоў у кінатэатры VOKA CINEMA.