8 жніўня ў Зэльве на Гродзеншчыне прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 105-ых угодкаў Ларысы Геніюш. У мясцовай Свята-Троіцкай царкве айцом Георгіем Субаткоўскім была адслужаная паніхіда памяці паэткі. А на цвінтары царквы, каля помніка знакамітай зямлячцы, адбылася прэзентацыя кнігі “Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах”, якую напярэдадні выпусціла ў свет мінскае выдавецтва “Лімарыюс”.
У сваім выступе ўкладальнік кнігі і вядоўца прэзентацыі Міхась Скобла зазначыў: “Кніга “Духу магутныя чары…” – гэта найперш праява людской удзячнасці чалавеку, які для многіх быў прыкладам у жыцці і літаратуры. На яе старонках Ларысу Геніюш успамінаюць Р. Барадулін, А. Мальдзіс, М. Чарняўскі, В. Іпатава, З. Пазняк, А. Марачкін, Д. Бічэль, У. Арлоў ды іншыя вядомыя людзі. Літаральна сёлета я яшчэ паспеў запісаць згадкі вільнянкі Леакадзіі Шышэі (была з Ларысай Геніюш у адным лагеры ў Комі АССР), мастака Уладзіміра Басалыгі (аздабляў яе зборнік “Невадам з Нёмана”), аднавяскоўцаў і сваякоў паэткі з вёскі Палаўкі (Ваўкавыскі раён). Для многіх Л. Геніюш была духоўнай маці. Скажам, Уладзімір Караткевіч яе так і называў, а таксама дзякаваў “за цяпло і беларускі дух зэльвенскай хаты, дзе заўсёды адаграваўся душою”.
Спявачка Таццяна Матафонава праспявала ўласную песню на верш Л. Геніюш “Дарагая матуля зямля”, а таксама ўжо класічную “О Беларусь, мая шыпшына” (верш У. Дубоўкі), куды вельмі натуральна ўпляліся знакамітыя геніюшаўскія радкі: “Адзінай думкі не зракуся, І сэрца мне не задрыжыць. Як жыць – дык жыць для Беларусі, А без яе – зусім не жыць”. Прыйшліся даспадобы слухачам і песні на словы У. Караткевіча і Р. Барадуліна, якія сябравалі з Геніюш.
На прэзентацыі таксама выступілі пісьменніца, лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі Данута Бічэль, паэт-манах з Жыровіцкага манастыра Зніч, паэтка і перакладчыца вершаў Л. Геніюш на ўкраінскую мову Іна Снарская, якая адмыслова прыехала з Палтавы (Украіна), спявачка Вальжына Цярэшчанка з Гомеля. Разам з Т. Матафонавай яны імправізавана ўтварылі дуэт і бліскуча выканалі песню “Ой ляны, ляны – залатыя сны” (словы – фрагмент паэмы Л. Геніюш “Куфар”).
Другая сустрэча адбылася ў лагеры адпачынку “Блакітная хваля”, што паблізу вёскі Бярэжкі на беразе Зэльвенскага вадасховішча. Прысутныя на ёй зэльвенцы, да якіх далучыліся аматары літаратуры з Гродна, Мінска, Ліды, Слоніма, Мастоў і Дзятлава, ахвотна ўдзельнічалі ў літаратурным конкурсе на лепшае веданне творчасці Л. Геніюш. Яго пераможцы атрымалі памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой адбываліся сустрэчы.