30 чэрвеня ў Гародні эксперт з Малдовы Сяргей Остаф расказаў пра супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый і дзяржавы. Сустрэча прайшла ў межах дзейнасці кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Цэнтра даследавання грамадскага меркавання “СІМПА”.
Сяргей Остаф працуе ў Кішынёве. Палову яго рабочага часу займае кансалтынгавая і аналітычная дзейнасць у галіне правоў чалавека і дэмакратычных інстытутаў. Сяргей —дырэктар рэсурснага цэнтра па правах чалавека CReDO і эксперт Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ. Напрыклад, цяпер Сяргей удзельнічае ў ацэнцы эфектыўнасці судовых сістэм і антыкарупцыйных арганізацый. Другая палова ягонага штодзённіка аддадзеная грамадскай дзейнасці: ён узначальвае Нацыянальны савет па ўдзеле пры ўрадзе Малдовы (пра гэта пазней).
Прыкладна тыдзень штомесяц Сяргей Остаф знаходзіцца не ў Малдове. У складзе АБСЕ ён даследуе і ацэньвае, наколькі нацыянальныя законы адпавядаюць міжнародным стандартам. Нядаўна ў Венгрыі ён аналізаваў закон, які абмяжоўваў дзейнасць асацыяцый у частцы дапамогі мігрантам. Летась ён працаваў разам з украінскімі арганізацыямі ў ацэнцы свабоды сходаў у рэгіёнах Украіны і распрацоўваў прапановы па паляпшэнні заканадаўства свабоды сходаў.
У Беларусі яму таксама даводзілася працаваць. У 2011 годзе Сяргей Остаф быў у складзе місіі АБСЕ па назіранні за судамі над кандыдатамі ў прэзідэнты і ўдзельнікамі мірных пратэстаў у вечар выбараў. Тады ён правёў у Мінску 3-4 месяцы. Пасля АБСЕ выпусціла справаздачу са сваёй ацэнкай тых падзей, якую ў тым ліку атрымалі беларускія ўлады.
Сяргей таксама працаваў над альтэрнатыўным беларускім законам “Аб свабодзе сходаў”. Гэтым разам малдоўскі эксперт прыехаў у Мінск і Гародню, каб расказаць пра поспехі Малдовы ў дачыненнях паміж грамадзянамі, грамадскімі арганізацыямі і ўладамі. Сустрэчы былі адкрытыя і бясплатныя.
У Гародні сабралася публіка з даволі сур’ёзным досведам грамадскай дзейнасці ў сферы нефармальнай адукацыі, экалогіі, палітыкі, альтэрнатыўных эканамічных стратэгій. Як расказаў budzma.by Сяргей Остаф, ён любіць практыкаваць інтэрактыўныя метады, таму пасля знаёмства з прысутнымі эксперт папрасіў усіх вызначыць месца сваёй арганізацыі/ініцыятывы адносна параў прыярытэтаў “стабільнасць/змены” і “прыбытковасць/непрыбытковасць”.
Што атрымалася б, калі б не было аднаго з гэтых сектараў? Грамадства трэслі б рэвалюцыі ці яно тапілася б у застоі — альбо за ўсе без выключэння паслугі даводзілася б плаціць ці нішто не цанілася б, бо давалася б задарма. Такім чынам, чым больш развітае супрацоўніцтва паміж рознымі сектарамі, якія ўраўнаважваюць адзін адзін, тым лепш.
А як у Малдове?
З пачатку 90-х былая савецкая краіна прайшла нялёгкі шлях. Першай ластаўкай сістэмных зменаў быў закон пра доступ да публічнай інфармацыі ў 2000 годзе. У выніку кожны грамадзянін атрымаў магчымасць сачыць, як прымаюцца рашэнні, на якім этапе і ў якім ведамстве знаходзіцца законапраект. Праз пяць гадоў у Малдове прынялі Канцэпцыю супрацоўніцтва паміж парламентам і грамадзянскай супольнасцю. У 2008 годзе набылі моц яшчэ два важныя законы: пры празрыстасць прыняцця рашэнняў і недзяржаўных арганізацыях грамадскай значнасці.
Такі статус набылі НДА, якія занятыя непалітычнымі тэмамі, працуюць не менш за два гады і маюць паспяховыя вынікі. Гэтыя аб’яднанні змаглі атрымліваць да 2% адлічэнняў ад падаткаў грамадзян. Праўда, рэгулярна робяць такія ахвяраванні, запаўняючы падатковую дэкларацыю, толькі 7-8% малдаван. Сяргей кажа, што некаторыя НДА такім чынам маюць у год па некалькі тысяч еўра: гэта няшмат, але часам і такая сума істотная.
“У нас было некалькі палітычных цыклаў, якія адкочвалі супрацоўніцтва паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю назад”, — расказвае эксперт.
У 2010 годзе ў дэмакратычным жыцці Малдовы адбылася яшчэ адна важная падзея: быў сфармаваны Нацыянальны савет па ўдзеле (НСУ). Спачатку ні грамадзяне, ні ўлады не разумелі, як структура будзе працаваць, аднак з часам усе працэдуры набылі інстытуцыянальнае ўвасабленне.
Дэ-факта ўсё выглядае так: прадстаўнік грамадзянскай супольнасці прысутнічае на паседжаннях міністэрстваў, ураду, пракуратураў, агенцтваў па рэгіянальным развіцці і іншых і ў рэжыме рэальнага часу выказвае свае пярэчанні і заўвагі. Да іх дзяржаўны орган абавязаны прыслухацца. Трапіць у Нацыянальны савет па ўдзеле можа прадстаўнік арганізацыі, у якой ёсць досвед экспертнай ацэнкі, альбо вялікай сеткавай НДА.
Для грамадскіх аб’яднанняў гэта азначае, што неабходна рыхтаваць спецыялістаў, якія маюць кампетэнцыі ўдзельнічаць у такіх паседжаннях. Найчасцей гэта была юрыдычная і прававая падрыхтоўка: неабходна разумець, як прымаецца і працуе закон.
Праз 3-4 гады ў многіх НДА з’явіўся такі супрацоўнік. Арганізацыі, якія працуюць у адной нішы (экалогія, правы дзяцей і г.д.), пачалі аб’ядноўвацца, каб быць больш эфектыўнымі у Нацыянальных саветах па ўдзеле. Дзякуючы НСУ ўдалося, напрыклад, прасунуць закон “Аб недыскрымінацыі”. Сяргей кажа, што для маладых людзей, людзей з інваліднасцю ўладкавацца на работу было праблемай. Агулам пад уплывам прадстаўнікоў грамадскасці на ўзроўні міністэрстваў прымаецца 30% і яшчэ 7-8% — на ўзроўні ўраду.
“Ясна, што ў Беларусі існуюць пэўныя формы ўзаемадзеяння, аднак яны недастаткова развітыя і інстытуцыялізаваныя. Існуе савет пры школе, аднак яго меркаванне не факт што будзе істотным для дырэктара. У Малдове, Польшчы, Румыніі роля савета па ўдзеле вельмі істотная. Інтэлектуальны капітал трэцяга сектару тут вельмі высокі. Гэта людзі з высокай матывацыяй, якія хварэюць за сваю краіну, не хочуць з’ехаць, а хочуць зрабіць лепшым жыццё тут, і гэта вельмі важна”, — пракаментаваў Сяргей Остаф.
Budzma.by
Фота Ігара Рэмзіка
Глядзіце таксама: