19 студзеня адзначае юбілей «хлопчык у шортах», заслужаны артыст Украіны, качок і музыкант Сяргей Міхалок, піша «Салідарнасць». Колькі ж усяго ў яго вобразаў?
Фота Сяргея Балая
Клоўн
Лёсавызначальнае рашэнне Міхалок прыняў яшчэ непаўналетнім. У 1989 годзе студэнт Беларускага інстытута культуры стварыў праславіўшую яго групу «Ляпіс Трубяцкой».
Зрэшты, шлях да поспеху быў доўгі і цярністы. Зоркі сышліся толькі праз сем гадоў, калі адбыўся канцэрт у Палацы шахмат і шашак. Там ляпісаў заўважыў стваральнік «МінскКомплексБанку» Яўген Краўцоў, знакавая на той час фігура ў беларускім бізнэсе. Заўважыў і прапанаваў запісаць альбом на сваёй студыі гуказапісу.
Даўно ўжо няма ні банка, ні Краўцова, а вось гэтая справа яго жыве. «Ляпісы» шанец выкарысталі і, хай і не без прыгод, прарваліся на расійскі і ўкраінскі рынкі з немудрагелістымі песнямі.
Але ў нейкі момант блазнерскі імідж Міхалку надакучыў...
«Мне трэба поўнасцю вызваліцца ад мінулага і паспрабаваць усё пачаць нанова».
Рэвалюцыянер
Аўдыторыя з адвіслай сківіцай назірала за трансфармацыяй «Ляпіса» і яго франтмэна. Раптам у песнях гурта з’явіліся вострыя сацыяльныя і палітычныя матывы, а сам Міхалок раздаваў інтэрв’ю з такімі ацэнкамі, што па цяперашніх часах «за такую праўду гадоў на дзесяць можаш сесці».
Уласна, рызыка была і тады. Міхалку прынеслі позву на допыт, а ў медыя з’явілася інфармацыя, што на музыку заведзена крымінальная справа.
Альбомы «Капітал», «Manifest» і «Культпрасвет» ператварылі Сяргея ў куміра прагрэсіўнай моладзі. Ляпісам не даюць выступаць у Беларусі? Не бяда: цэлы цягнік прыхільнікаў едзе на канцэрт у Вільню.
Фота Сяргея Балая
Ды і сам Міхалок лёгка мог з’явіцца ў гушчы падзей. Напрыклад, на кіеўскім «Еўрамайдане», дзе пратэстоўцы яго віталі з захапленнем.
«Воины Света» ўвогуле сталі культавай песняй. Але менавіта пасля яе выхаду пратэстны напал Міхалка паступова пачынае згасаць.
Антыляпіс/Ляпіс
Нечакана Міхалок хавае «Ляпіса Трубяцкога», акурат да 25-годдзя праекта. Запускае новы праект BRUTTO (а потым яшчэ і Drezden). То дазваляе, то забараняе былым калегам выконваць старыя песні.
Але колькі б музыка ні казаў пра поспех BRUTTO, гэты гурт і блізка па папулярнасці да «Ляпіса» не падабраўся. Даходзіць да таго, што новая брутальная брыгада спявае «Коціка».
А потым і зусім адбываецца рэінкарнацыя. На сцэне з’яўляецца «Ляпіс-98» з тымі песнямі, якія Міхалок доўга адмаўляўся спяваць на канцэртах. BRUTTO на пару гадоў нават прыпыняецца.
У адносінах бунтара з уладамі Беларусі ўсталёўваецца нейтралітэт. Сяргей Міхалок пачынае рэкламаваць «Белавія» і нават здымаецца ў міні-фільме з міністрамі.
«Буравеснік» вярнуўся да вытокаў. 19 студзеня ў Львове на сцэне будзе менавіта «Ляпіс-98», а не іншыя ягоныя праекты.
Адсутны
Калі ў Беларусі грымнулі пратэсты 2020 года, многія чакалі, што Міхалок актыўна ўключыцца «ў рух». Але гэтага не адбылося.
13 жніўня на канцэрце ў Адэсе спявак мімаходзь кажа, што «мае браты-беларусы перамогуць, але я тут не для таго, каб спяваць пра палітыку». Потым было патрабаванне новых дэмакратычных выбараў, а пасля і пост у Інстаграме аб падтрымцы ўсеагульнай забастоўкі, аднак зараз ён ужо выдалены.
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што пратэстам быў прысвечаны кліп Barricado, які выйшаў у канцы 2020-га. Але ў цэлым рэакцыя Міхалка на падзеі ў Беларусі аказалася млявай.
Сяргей Кузін: «Можа быць, Міхалок натыкнуўся на тое, што яму ніхто не адказваў, калі ён пра ўсё гэта гарлапаніў яшчэ да пратэстаў. І нафіг нікому не патрэбен быў. Потым у Міхалка пачаўся іншы этап, людзі прачнуліся, і нешта ад яго запатрабавалі».
Парадокс: калі загугліць імя Міхалка зараз, то большасць спасылак на першых старонках будуць прысвечаны агіднай гісторыі ў Палтаве. Прама падчас канцэрта саліст ударыў галавой у твар аднаго з гледачоў. А пасля не толькі не папрасіў прабачэння за свае паводзіны, але і выказаўся пра пацярпелага ў духу «сам вінаваты».
Сям’янін
«На сцэне я больш П’еро і Бураціна, а дома — Тарціла і Карабас, дакладней, Дурамар». Зрэшты, гэтае эпатажнае выказванне, хутчэй за ўсё, далёка ад рэальнасці.
Які насамрэч Міхалок у сям’і, ведае Святлана Зелянкоўская. Улічваючы, што яны разам ужо шмат гадоў і абзавяліся трыма дзецьмі, можна меркаваць, што муж з музыкі з трэцяй спробы выйшаў цалкам прыдатны.
Да гэтага шлюбу Сяргей Міхалок быў жанаты двойчы. Пра яго першую жонку Алену мала што вядома. Другой была Алеся Берулава, якая бліснула як на сцэне, так і ў Playboy.
Сам музыка сцвярджае, што любіць займацца ўладкаваннем дома і нават... шопінгам — купляць адзенне для родных. І напэўна сям’я — гэта тое месца, дзе Міхалок можа адкласці ў бок усе свае маскі і пабыць сабой.
Бонус-трэк
Сяргей Міхалок: «Я буду 60-гадовым старым-лавеласам, куплю сабе кій з залатой булавешкай, буду хадзіць на рок-канцэрты, знаёміцца з маладымі дамамі, і ніхто мяне не будзе папракаць».