Другі Міжнародны дабрачынны этнафестываль «Музыка нашых сэрцаў» 18 чэрвеня прайшоў у аграсядзібе «Фальварак у Рыся».
Фэст праведзены ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН).
На сёлетні фестываль, які сабраў больш за тысячу ўдзельнікаў, прыехалі маладыя інваліды з розных рэгіёнаў, самадзейныя творчыя калектывы, прафесійныя спевакі і музыканты, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, каб сваім удзелам у мерапрыемстве ўнесці пасільны ўклад у добрую справу падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Грамадска- культурніцкую кампанію “Будзьма беларусамі!” на этнасвяце прадстаўляла Валянціна Осіпава, якая распавяла гасцям фестывалю пра акцыю “500-годнасць”, якая праходзіць у нашай краіне і ўручыла арганізатарам памятныя сувеніры ад кампаніі. Госці дабрачыннага мерапрыемства таксама на памяць аб 500- гадовым юбілеі беларускага кнігадрукавання атрымалі прыгожыя паштоўкі на беларускай мове, плакаты і часопісы “Дзеяслова”.
На працягу дня працавалі розныя тэматычныя пляцоўкі, дзе можна было ўбачыць выступы прафесійных творчых калектываў, рыцарскія паядынкі, майстэрні разьбяроў, кавалёў, ганчароў, выставу-продаж майстроў-рамеснікаў, выставу мотатэхнікі і рарытэтных аўтамабіляў. Акрамя таго, усе жадаючыя маглі паглядзець інсталяцыю «Звычайны сярэднявечны дзень», пакаштаваць стравы беларускай кухні.
Прадоўжылася дабрачыннае свята выступленнямі самадзейных творчых калектываў Беларускага таварыства інвалідаў і цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Вячэрняя праграма фестывалю ўключала ў сябе выступы заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай, саліста ВІА “Песняры”, заслужанага артыста Беларускай ССР Анатоля Кашапарава і іншых вядомых спевакоў з Беларусі, Літвы ,Украіны . Асабліва ўразілі публіку выступы творчых гуртоў “Вурай”, “Хардвуд”, “Пава”, “Стары Ольса” , якія выконвалі сярэдневяковую беларускую музыку. Цяжка перадаць словамі, якое ўздзейнічанне, на фоне ружовага заходу, аказвалі на слухачоў чароўныя гукі лютні, валынкі і іншых старажытных музычных інструментаў. Завяршыўся фестываль фаер-шоу і святочным феерверкам.