Званне “Культурнай сталіцы СНД” Магілёву ідзе на карысць. Шмат цікавых падзеяў і мерапрыемстваў адбылося там цягам гэтага года. І значная частка з іх — дзякуючы неабыякавасці саміх магілёўцаў. І каб гэтая актыўнасць не змяншалася, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” 15 лістапада правяла ў Магілёве чарговы кірмаш. “Сучасныя ўвасабленні культурніцкай спадчыны” — вось тэма, якая аб’яднала прадстаўленыя на кірмашы праекты з розных гарадоў Магілёўшчыны. Аднак прысутныя не толькі пазнаёміліся з цікавымі ідэямі. Карыснай сустрэча была для ўсіх, бо супольна з экспертамі была магчымасць абмеркаваць сучасныя падыходы да прасоўвання культурніцкай спадчыны на канкрэтных прыкладах.
Мадэраваў сустрэчу гісторык, выкладчык, вядомы ў горадзе грамадскі дзеяч Аляксандр Агееў, які адзначыў, што ў Магілёве, які ўжо амаль год годна трымае статус культурнай сталіцы СНД і Беларусі, культурніцкае жыццё відавочна палепшылася дзякуючы некалькім заўважным культурніцкім праектам. Варта згадаць хаця б праект Ігара Нікіціна “Палатно гісторыі ў стылі графіці”, які пачаўся з адной сцяны завода, а пасля перарос у мастацкае “перанараджэнне” цэлага жылога двара. І якраз такая актыўнасць саміх людзей яскрава дэманструе, што культура адчувальна паляпшае жыццё, калі не баяцца праяўляць ініцыятыву, не пужацца магчымых складанасцяў і аб’ядноўваць намаганні дзеля рэалізацыі сваіх задумаў.
Праект выдання кнігі ад майстра В.М. Якавенкі пра гліняную ляльку Падняпроўя прадставіў Аляксей Карпенка. Унікальная школа гэтай лялькі на сёння практычна не вядомая ні ў краіне, ні за яе межамі. Адначасна праект вельмі запатрабаваны ў беларускім грамадстве, якое на сёння ўсё больш павяртаецца да сваіх каранёў і жадае ведаць уласную гісторыю. Сам Аляксей — майстар, што валодае дастатковымі практычнымі і тэарэтычнымі ведамі, каб укласці такую ўнікальную кнігу.
Творчы цыкл аглядных экскурсій «Старадаўні Крычаў» прадставіла дырэктарка СДК у в. Касцюшкавічы Крычаўскага раёна Людміла Таўпыга. Цікаўнасць да такога фармату, як экскурсія, падае ў грамадстве, сёння інтэрнэт стварае ілюзію прысутнасці ў любым цікавым месцы. Таму экскурсаводы проста вымушаны шукаць новыя метады ў працы. А абмеркаванне праблемаў з зацікаўленымі, безумоўна, спрыяе вырашэнню пытанняў і часам дапамагае знайсці нечаканыя рашэнні.
Літаратурна-мастацкае выданне “Беларускі Усход”, ідэя якога належыць Сяргею Дыннікаву, рэдактару газеты “Крычаўскае жыццё”, было прадстаўленае сябрам праекта, гісторыкам Цімафеем Каротчанкам. Рэтраспектыўны аналіз такой літаратуры паказаў, што ніша гэтая, на вялікі жаль, на сёння вольная як на беларускім усходзе, так і ва ўсёй краіне (калі паспрабаваць згадаць падобныя праекты). Таму актуальнасць такога выдання застаецца вострай.
Найбольшую ўвагу ў гэты вечар атрымаў “СЭТавец” Алесь Крыжэвіч, які прадставіў цягам вечара ажно тры праекты. Два з іх болей “лёгкія” і рэалістычныя: праект краязнаўчага альманаха Крычаўшчыны і суседніх рэгіёнаў магілёўскага Пасожжа і праект нарысаў па традыцыйнай культуры жыхароў Крычаўшчыны — праекты, што амаль не маюць аналагаў у сучаснай Беларусі. Трэці ж праект — глабальны, ён патрабуе ўдзелу вельмі шырокіх колаў і прадугледжвае аднаўленне касцёла Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, унікальнага храма ўнікальнага для ўсходняй Беларусі стылю неаготыкі, які быў цалкам зруйнаваны за саветамі.
Праекты, якія пабачыла грамада ў гэты дзень, былі агулам падобныя, перш за ўсё — фарматам рэалізацыі. Большасць з іх — выданні (альманах, часопіс, кніга). Два галоўныя пытанні, якія ўзнікалі адносна іх: што ёсць галоўнай мэтай праектаў — уласна выданне матэрыяльнага носьбіта ці папулярызацыя, захаванне, заахвочванне? А таксама (калі мэта — усё ж другое з названых) ці правільна выбраны сродак для дасягнення пастаўленых мэтаў? Наколькі ён актуальны?
Каб рэалізацыя прадстаўленых праектаў стала рэальнай і максімальна эфектыўнай, рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Кацярына Раманчык дапамагала ініцыятарам праектаў разабрацца, як можна ўдасканаліць іх з пункту гледжання менеджменту, каб дасягнуць пастаўленых мэтаў.
Эстафету ў практычных парадах ад арганізатараў прынялі запрошаныя ў гэты дзень на сустрэчу эксперты: Павел Касцюкевіч, арт-дырэктар кнігарні “Логвінаў”, Аляксандр Дземідзенка, музыка гурта Re1ikt, і знаўца арнамент-тату, музыка Алесь Таболіч, гурт Znich. Найбольш актыўным у гэтай справе стаў Касцюкевіч, выказаўшы свае думкі па кожным з праектаў у сакраментальнай, але вельмі лагічнай манеры разгляду плюсаў і мінусаў. Павел Касцюкевіч на прыкладах выдавецкай дзейнасці кнігарні “Логвінаў” прадэманстраваў, як важна ўлічваць усе дробязі ў працы з аўдыторыяй: ад мерчэндайзінгу (дзе, як і ў якім выглядзе культурніцкі прадукт з’явіцца перад патэнцыйным “спажыўцом”) да мэтанакіраванага згуртавання сваёй культурніцкай супольнасці. Важна ствараць “клуб”, да якога людзі самі захочуць далучыцца, і рабіць гэта ненавязліва і вельмі крэатыўна.
Таксама эксперты расказалі пра свой досвед культурных праектаў. Актыўным было абмеркаванне ўспрыняцця “беларускасці” музыкі тут, у Беларусі, і за мяжой, а таксама публікі, што наведвае імпрэзы, рознасці ўспрыняцця зместу і формы. Было падкрэслена, што важна супольна разбураць стэрэатып аб тым, што беларуская нацыянальная культура ёсць выключна ”вясковай”. Між іншага, усе даведаліся пра розніцу між “вёскай” і “дзярэўняй” (бо ў размоўным стылі “дзярэўня” — гэта некультурная “вёска”) і, добра насмяяўшыся, прышлі да згоды, што быць беларусам — гэта сэксі. Ва ўсіх праявах.
Сакрэтаў жа ў тым, як прадставіць традыцыйную культуру нетрадыцыйна, як высветлілася, няма: трэба пачаць з веры ў сябе і сваю адметнасць, дасканала вывучаць мэтавую аўдыторыю і пераймаць ў працы з ёй крэатыўныя падыходы.
Адзнакі праектам ад аўдыторыі:
№ пп | Назва праекта | Актуальнасць і ўнікальнасць ідэі | Важнасць для мэтавых груп | Магчымасць рэалізацыі |
1 |
Краязнаўчы альманах Крычаўшчыны і суседніх рэгіёнаў магілёўскага Пасожжа — Алесь Крыжэвіч |
6,3 |
6,75 |
7,25 |
2 |
Літаратурна-мастацкае выданне “Беларускі Усход” — Арцём Булатоўскі |
5,5 |
6,1 |
6,58 |
3 |
Нарысы па традыцыйнай культуры жыхароў Крычаўшчыны — Алесь Крыжэвіч |
7 |
7,4 |
7,67 |
4 |
Кніга пра ляльку Падняпроўя — Аляксей Карпенка |
7,5 |
8,25 |
8,42 |
5 |
Творчы цыкл аглядных экскурсій «Старадаўні Крычаў» — Людміла Таўпыга |
7,3 |
7,83 |
7,75 |
6 |
Праект аднаўлення касцёла Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі — Алесь Крыжэвіч |
8,5 |
8,92 |
2,3
|
Кожны праект з паказаных размешчаны на нашым сайце, таму абмеркаванне як саміх ідэй, так і магчымасцяў іх рэалізацыі можна працягнуць анлайн — на сайце і ў сацыяльных сетках.
А свае культурніцкія ідэі для ўдзелу ў “Кірмашы праектаў” (адбудзецца 28-га лістапада) тым часам могуць прадставіць жыхары Віцебшчыны. Чакаем на Вашыя праекты і Вас!
фота – Алесь Плотка