У суботу 29 траўня ў сталічным палацы культуры МАЗа адбыўся канцэрт “У абарону жыцьця”, які быў прымеркаваны да Міжнароднага Дня абароны дзяцей. Галоўная праблема, на якую зьвярталі ўвагу беларускага грамадзтва арганізатары канцэрту – аборты.
Адкрывалася мерапрыемства відэаролікам, у якім дзеці распавядалі што яны думаюць пра жыцьцё, а таксама пра тое як і чаму яны зьявіліся на сьвет. Затым адбывалася ўрачыстае і творчае ўзнагароджваньне пераможцаў конкурсу дзіцячага малюнку “Сьвет з марай”. Выхад на сцэну пераможцаў суправаджаўся выкананьнем песьняў. Сярод якіх найбольш запомніліся: дзіцячая “А-гу-гу” і песьня, якую напісала і выканала для свайго дзіцяці Ірына Бейня.
Другая частка канцэрту была прэм’ерай музычнага спэктаклю “Увага! Жыцьцё!” – працяг мінулагодняга мюзікла “Маё сэрца б’ецца…” У цэнтры гэтай музычнай пастановы – гісторыя маладой сямейнай пары Міхася і Алёны. Сям’я зьбіралася зьяжджаць за мяжу, як раптам жонка прызналася мужу, што яна цяжарная. Маладыя людзі думаюць зрабіць аборт дзеля кар’еры. Але мама Алёны расказала ёй сваю гісторыю, што калі б яна ў свой час не зрабіла выбару на карысьць жыцьця, то Алёны б не было ўвогуле. Гэта перамяніла атмасфэру. Міхась і Алёна вырашаюць захаваць жыцьцё дзіцяці, даверанае ім Богам. Галоўныя ролі ў пастаноўцы выконвалі акторы Павал і Ганна Харланчукі, а таксама музыканты гурта “Чэснае слова”.
Рэжысёр канцэрту Алёна Васілеўская расказала, як была вельмі ўзрушана, калі даведалася, што плакалі нават мужчыны. “Паводле статыстыкі, што год робіцца каля 40 тысяч абортаў. 40 тысяч дзяцей забіваюць, не даючы ім магчымасьці ўбачыць сьвет, рэалізаваць сваё прызначэньне. І мы проста абавязаныя ўзьняць голас у абарону ненароджаных дзяцей, паказаць, што дзеці – гэта Божы дар, які трэба прымаць з удзячнасьцю і адказнасьцю”, – кажа Алёна Васілеўская.








