У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ўчора прайшло адкрыццё мастацка-адукацыйнага праекта «Штучны адбор». Падзея прымеркаваная да «паўналецця» Народнай арт-студыі «Wostrau». З 1993 года, вось ужо 21 год, паток дзяцей у гэтую студыю не спыняецца, дзеці прыходзяць маляваць да сваіх педагогаў — Юрыя Іванова, Ірыны Сарнацкай і Аляксея Іванова. У гэтым унікальным месцы развіццём мастацкага густу дзяцей займаюцца прафесіяналы-мастацтвазнаўцы і мастакі.
Як адзначыў на адкрыцці кіраўнік студыі Юрый Іваноў, у «Штучным адборы» гледачу было прадстаўленае свайго роду «фамільнае срэбра» — найлепшыя працы, усё тое, што было беражліва захаванае, адабранае і экспанаванае — каля паўтысячы дзіцячых работ. Таксама быў прадстаўлены каталог.
Адбылося і прадстаўленне пластычнага тэатра «ІнЖэст». Пад столлю матляўся ладна патрапаны жыццём Карлсан, які раздражняў «наглядчыц музея» сваёй прысутнасцю.
Блытаніна і паляванне на састарэлага мужчыну ў росквіце сіл напалілася настолькі, што выплюхнулася на вуліцу проста праз акно музея. Мінчане былі ўцягнутыя ў дзейства: Карлсан шукаў хованкі ў абдымках мінакоў, а «наглядчыцы» люта адганялі яго ад музея.
«Інжэст» не ўпершыню выступае для юных «астраўлянаў» — у 2002 годзе Вячаслаў Іназемцаў ужо ставіў навагодні ранішнік «Ёлка ў Івановых», і гэтыя і многія іншыя архіўныя відэакадры жыцця студыйцаў «Wostrau» прадстаўленыя ў экспазіцыі.
Асаблівую цікавасць выклікалі скрыншоты з інтэрнэту, размешчаныя на калонах. Адна з выхаванак, Люба Шуб, займаецца ў студыі з 2006 года. Яе мова самавыяўлення — абстрактны жывапіс. У 2012 годзе яе мама Ірына Бяляўская выставіла фота работы дачкі на адным з сайтаў. Атрымана больш за 200 каментароў. Скрыншоты форуму ўяўляюць сабой шум галасоў соцыуму, ацэнкі, дыягназы. Выстаўленне работ дзіцяці на публічны суд — гэта эксперымент, які ў праекце «Штучны адбор» выйшаў з глабальнай сеткі ў музейную прастору.
Першы і другі паверх злучаныя аўдыё-светлавой інсталяцыяй «Лесвіца як транзітная зона». Ляск і скрыгат металу, гукі метро і тонкі дзіцячы голас, які заклікае спыніцца. Як часта мы задумваемся, што дзіцяці няпроста сталець, прабіваючыся скрозь пласты дарослых нормаў, правілаў, забаронаў. Лакаматыў штохвілінных указанняў і патрабаванняў падмінае пад сябе маленькага чалавека, часцяком дэфармуе яго індывідуальнасць.
Выпускнікі студыі «Wostrau» неабавязкова сталі мастакамі. Сярод іх шмат проста людзей з добрым густам, у іх ліку і музыкі гурта «Стандарт», якія выступілі на адкрыцці, і аніматар Марыя Шалыніна: фрагмент яе мультфільма склаў частку экспазіцыі.
Інтэрактыўная карта ўрбаністычнай прасторы створаная на аснове малюнкаў Данііла Гінько (10 гадоў). Самыя непрыкметныя дэталі робяцца выразна бачныя ў інтэрактыўнай інсталяцыі. Пакуль гледачы знаёміліся з падрабязнасцямі вядомага Мінска, сам Данік схаваўся ў зацішным месцы.
Насця Баранава, выхаванка студыі: «Мне вельмі падабаецца. Мы тут можам паглядзець увесь горад, што намалявалі, а тое, што ты павялічыў, можаш паглядзець бліжэй».
На другім паверсе альбомы з малюнкамі і навушнікі, у якіх можна пачуць аўдыё-адкрыццё дзяцей. Дзецям заўсёды ёсць што сказаць. Не заўсёды ёсць чалавек, гатовы выслухаць гэтыя адкрыцці, сумненні і страхі. Рознаўзроставыя чалавечкі прыходзяць маляваць і, адчуваючы давер да навакольных, пачынаюць расказваць пра сваё жыццё.
Урыўкі з аўдыёсакрэтаў: «Хочацца, каб усё заставалася на адным месцы, людзі, блізкія, знаёмыя заставаліся ў такім жа ўзросце, каб усе ў звыклых месцах аказваліся».
«…Калі была ў садку, вельмі хацела ў школу. Ты думаеш, што ў школе спаць не будзеш, будзеш весяліцца з сябрамі на перапынках, а аказваецца, усё не так…»
«Ненавіджу фізкультуру… я пальцам пратру падлогу і гляджу — там пыл…»
«Трэба, каб настаўніца была добрая, каб яна не трэніравалася на дзецях, але каб яна ўжо іх магла вучыць… Ну ёсць там… у інстытуце, «кім ты хочаш працаваць» — вось там трэба трэніравацца…»
«Мы ўжо не смяемся. Два гады ўжо не смяемся…»
Ігнат Рыбчынскі, выхаванец студыі: «Я трохі баяўся пачуць, што расказаў, але мне спадабалася».
Канстанцін Селіханаў: «Выстава чакана добрая. Працы многія здзівілі. Праўда, усё не паспелі паглядзець, трэба будзе вярнуцца. Дарэчы, Аляксея Іванова адразу пазналі на партрэце».
Аляксей Іваноў з партрэтам пэндзля Клаўдыі Камяк
У малой зале — выстава старэйшай групы студыі. Некаторыя з іх займаліся дзецьмі, некаторыя прыйшлі, маючы прафесію. Заняткі ў студыі прымушаюць іх пераасэнсаваць свой вопыт. Па словах педагога гэтай групы, мастака Аляксея Іванова, магчыма, такое падвойнае жыццё (у офісе і ў студыі) спараджае канфлікт. Аднак менавіта гэты канфлікт і стварае ўнікальную магчымасць самавыяўлення. І для нараджэння мастака не заўсёды неабходная акадэмічныя адукацыя.
Хоць працы студыйцаў (кераміка, жывапіс, графіка), а таксама інсталяцыі дарослых аўтараў прадстаўленыя ўнутры выставы, занялі ўвесь музей, сама выстава працягнецца зусім нядоўга.
Убачыць сапраўднае мастацтва можна да 21 чэрвеня, а 19 чэрвеня адбудзецца публічнае абмеркаванне праекта.
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч, журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»