Каб аб’яднаць суседзяў і зладзіць сумесны навагодні пікнік, Аксане Бярнацкай давялося абысці 146 кватэр і пагаварыць з кожным. Угаварыла 19 чалавек. Але праз пару гадоў яна ўжо збірала на мясцовыя фестывалі больш за тысячу жыхароў Бараўлянаў.
Тут суседзі ў выходныя і святы не сядзяць па кватэрах, а сустракаюцца ў клубе для сумеснага прагляду кіно, наведваюць адзінокіх людзей, ладзяць вячоркі з рукадзеллем. Як з’яднаць мясцовую супольнасць для развіцця свайго двара і раёна, дырэктар прыватнай установы “Центр досуга взрослых и детей “ЭкоЖизнь” Аксана Бярнацкая падзялілася з budzma.by
Не адчайвацца і не фарсіраваць
— Штуршком да актыўных дзеянняў стала навучанне ў Школе лідараў мясцовай супольнасці “Офіса Еўрапейскай экспертызы і камунікацыі”. Арганізатары школы прыцягваюць класных прафесіяналаў, якія распавядаюць шмат карыснага і прыводзяць удалыя прыклады актыўнасцяў. Мне асабліва запалі ў душу прыклады пра суседскія супольнасці. У Савецкім Саюзе мы скардзіліся, што нас заганяюць у калоны і не даюць развіваць індывідуальнасць. Таму пасля развалу СССР мы хутка забыліся на добрыя калектыўныя традыцыі, калі людзі выносілі ў двары сталы, ладзілі вячоркі, дапамагалі адно аднаму. І мне захацелася гэта вярнуць. Мы тады толькі пабудавалі кватэру ў Бараўлянах, у новым доме ніхто нікога не ведаў. Таму я расклеіла аб’явы на пад’ездах з запрашэннем на сход. Эфект нулявы — прыйшоў адзін чалавек. Тады я абышла ўсе 146 кватэр у сваім доме і паразмаўляла з кожным. У выніку на сёмы дамавы сход прыйшло 19 чалавек. І мы зладзілі навагодні пікнік у лесапаркавай зоне. Суседзі былі ў захапленні, мы пачалі вітацца, усміхацца адно аднаму. Гэта быў першы крок. Цяпер я ўжо сама кансультантка ў Школе лідараў і заўсёды кажу пачаткоўцам: трэба быць гатовым сутыкнуцца з інертнасцю і абыякавасцю супольнасці, з тым, што вашыя нават самыя выдатныя ідэі людзі з першага разу не падтрымаюць. Але не трэба апускаць рукі, не трэба штучна паскараць працэс аб’яднання, усё прыйдзе з часам. У нас так і атрымалася. Я зарэгістравала “ЭкоЖизнь” у снежні 2015 года. Нядаўна я падлічыла, што амаль за тры гады мы зладзілі больш за 50 мерапрыемстваў: ад клуба для матуль у дэкрэце да вялікіх фестываляў! Сярод іх — дабрачынны канцэрт на карысць дзіцячага хоспіса з удзелам зорак, мясцовы “Бараўляны_Талака_фэст”, дзе жыхары абменьваліся рэчамі, вялікі “Бараўляны Бацькі Фэст” для сем’яў раёна, куды прыйшло больш за паўтары тысячы жыхароў Бараўлянаў. Усё магчыма, калі ёсць жаданне. Таму другая мая парада тым, хто захоча рэалізоўваць падобныя праекты, — павінная быць асабістая карысць. Мая карысць, напрыклад, была ў тым, каб маё дзіця жыло ў нармальнай сяброўскай супольнасці, каб нястрашна было выпускаць яго на двор. Калі мы ідзём з сынам па Бараўлянах і са мной усе вітаюцца, ён у захапленні гаворыць: “Мама, ты такая папулярная!”. Ну хіба ж гэта не стымул?
Развіваць платныя паслугі, удзельнічаць у грантах
— Першапачаткова мы здымалі памяшканне на 15 “квадратаў”, бо арэнда ў Бараўлянах нятанная — 8-9 еўра за квадратны метр. Гэта быў падарунак мужа. Ён спытаў, што падарыць мне на 8 сакавіка, я сказала: арэнду памяшкання, а на дзень нараджэння — офісныя сталы і крэслы. Але потым мы пачалі зарабляць, бо юрыдычная форма ўстановы дазваляе гэта рабіць на статутныя мэты. Мы адкрылі камп’ютарныя курсы для хлопчыкаў і дзяўчынак, куды запісалася каля 60 чалавек. Пазней мы пераехалі ў прасторнейшае памяшканне. І сёння падтрымліваем дзейнасць установы за кошт аказання платных паслуг. Напрыклад, у нас ёсць дзіцячы садок, дзе бацькі могуць пакінуць дзяцей з 9.00 да 13.00.
Калі вы добра працуеце, вас абавязкова заўважаць і дапамогуць. Напрыклад, праз два гады існавання нас падтрымалі мікрагрантамі “Грамадзянская Беларусь”, Pact. З іх дапамогай мы арганізавалі для жыхароў раёна школу блогераў і праектных менеджараў, ажыццявілі праект “Лясны дазор” — квэсты ў лесе, падчас якіх сем’і разгадваюць загадкі, і адначасова мы прыбіраем лес, закупілі абсталяванне для петанка і будзем ладзіць сумесныя спаборніцтвы па гэтым відзе спорту.
Ствараць кола ўзаемадапамогі
— Да мяне аднойчы прыйшла мама з дзіцем на інваліднай калясцы і сказала, што яму не хапае сяброў. Мяне гэта наштурхнула на думку аб стварэнні Інклюзіўнага клуба. Я пайшла ў выканкам, узяла спісы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Аказалася, што такіх у нас 185 чалавек. Я абзваніла іх і запрасіла да нас, каб зразумець, у чым яны маюць патрэбу. Потым пазнаёмілася са старшынёй Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Мінскага раёна, і ў нас з’явілася ідэя правесці ў верасні гэтага года вялікі Інклюзіўны фестываль. У самым шырокім разуменні інклюзіі: для дзяцей, для дарослых, для сталых, для маладых, для здаровых, для людзей з інваліднасцю. Стварыць адзіную прастору для ўсіх, без рэзервацый, дзе кожны не толькі атрымае ўвагу і падтрымку, але і сам зможа дапамагчы тым, каму горш. А такія заўсёды знойдуцца. Напрыклад, на тэрыторыі нашага сельсавета пражывае 107 зусім адзінокіх пенсіянераў. Мне здаецца, што страшнейшага за адзіноту няма нічога. Таму летась напярэдадні Новага года я кінула кліч аб марафоне шчодрасці “Свае для сваіх”. Людзі пачалі прыносіць у наш офіс прадукты, рэчы, сувеніры. Мы сфармавалі падарункі і разам з дзецьмі пайшлі да адзінокіх пенсіянераў. Спачатку нас не хацелі пускаць — не верылі, што звычайныя людзі проста хочуць дапамагчы. Не сельсавет, не сацзабес, а суседзі. Людзі былі здзіўленыя і расчуленыя. І мы таксама. Памятаю, як сляпая жанчына на знак падзякі пачала чытаць нам Шэкспіра на беларускай мове. У мяне дагэтуль мурашкі па целе, як успамінаю.
Мы вырашылі, што ўжо не пакінем гэтых людзей. У мяне пачала фармавацца ідэя аб валанцёрскім атрадзе ўзаемадапамогі. Вось у нас ёсць мамы-дэкрэтніцы, якія скардзяцца на недахоп часу. Якая-небудзь адзінокая жанчына можа стаць “бабуляй на гадзіну” і дапамагчы маладой маці з дзецьмі, а гэтая мама ў сваю чаргу потым стане “ўнучкай на гадзіну” і чымсьці дапаможа той сталай жанчыне. У нас ёсць творчая майстэрня са швейнай машынкай, дзе жыхары могуць нешта майстраваць у вольны час. І мы вырашылі рабіць там нейкія рэчы і для гэтых адзінокіх людзей — няхай гэта будзе фартух ці шкарпэткі, думаю, такая ўвага будзе ў радасць. Заўсёды ёсць тыя, хто мае патрэбу ў чымсьці больш за цябе, і, дапамагаючы ім, ты насамрэч дапамагаеш сабе. Мне здаецца, людзей прыгнятае статус просьбітаў, усім хочацца быць сацыяльна значнымі. І мы ў гэтым дапамагаем!
Актыўна прыцягваць дзяцей
— Многія лічаць, што падлеткаў вельмі складана чымсьці здзівіць і прыцягнуць да дзейнасці. Але ў нас гэта атрымалася, і вось чаму. З цягам часу я зразумела, што шмат ведаю, але ведаю тое, чаго хачу сама, а чаго хочуць людзі, трэба ў першую чаргу запытацца ў іх саміх. Мы прыйшлі ў школы, расказалі пра нашую дзейнасць, запрасілі дзяцей. На першую сустрэчу прыехаў трэнер, які ведае, як працаваць з маладой аўдыторыяй. І яны сумесна выявілі праблемы і патрэбы падлеткаў. Больш за ўсё іх хвалявалі адсутнасць магчымасцяў для адпачынку, эмацыйнае напружанне і няўпэўненасць у сабе. На наступнай сустрэчы мы разам з дзецьмі пачалі шукаць рашэнне гэтых праблем. Мала магчымасцяў для адпачынку? Прапануйце, што б вы хацелі. Яны, да прыкладу, прапанавалі праводзіць сумесныя кінасеансы ў нашым памяшканні. Мы купілі праектар, і ў нас ёсць такая магчымасць. Але ведаеце, што яны яшчэ напісалі? Не паверыце — “вечары для адзінокіх пенсіянераў”! Я проста распавяла ім, што ў нас ёсць такія людзі, і яны падумалі пра іх і гатовыя былі падзяліцца сваім часам! Так сфармаваўся касцяк актыўных памочнікаў. Але ў нас ёсць і больш амбіцыйны праект з дзіцячай аўдыторыяй — развіццё ўласнага ТБ. Ужо сёння працуе тэлевізійны гурток, дзе дзеці вучацца здымаць, мантаваць, створаны канал на Youtube ЭкоЖизньTV. Знайшліся людзі, гатовыя падняць гэты праект на прафесійны ўзровень: адкрыць курсы па развіцці крэатыўнага мыслення і прамоўніцкіх навыкаў у дзяцей, навучаць відэааператараў, гукааператараў, фатографаў, журналістаў, вядоўцаў, візажыстаў, рэдактараў, і ствараць паўнавартаснае мясцовае ТБ сіламі маладога пакалення. У Бараўлянскім сельсавеце жыве аж каля 53 тысяч насельніцтва, і мы хочам з дапамогай нашага тэлебачання з’яднаць яго!
На дадзены момант мы ўжо гатовыя дзяліцца сваім вопытам арганізацыі ўзаемадапамогі ў мясцовай супольнасці і лічым, што яго можна пераносіць на ўсю краіну.
Праект “ЭкоЖизнь” стаў адным з фіналістаў курса Biz4all-2, які паспяхова ажыццяўляецца ў межах праграмы “Інкубатар сацыяльнага прадпрымальніцтва”. Арганізатарм гэтай праграмы з’яўляецца ОДБ Брусель (Бельгія) у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды) і пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза (больш падрабязна глядзіце на biz4all.eu).
Ганна Кручкова
Фота Аляксандра Кісялёва