Як навучыць грамадскіх актывістаў правільна і змястоўна фармуляваць інфармацыю пра свае ініцыятывы, а журналістаў – эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя звесткі, каб выклікаць рэзананс у грамадстве? Як рэалізаваць сваю грамадскую ініцыятыву і пры гэтым плённа ўзаемадзейнічаць з уладамі? Як і ў якой форме СМІ могуць падтрымаць грамадскіх актывістаў?
Адказы на гэтыя пытанні шукалі прадстаўнікі ініцыятываў разам з рэпарцёрамі на паседжанні прэс-клуба, які прайшоў 9 лістапада ў Бабруйску ў межах акцыі «Разам да справы» кампаніі «Будзьма беларусамі» і Цэнтра даследавання грамадскага кіравання «SYMPA».
Наталля Халанская, мадэратар імпрэзы і гаспадыня тайм-кавярні «1387», дзе і адбывалася сустрэча, падзякавала мясцовым рэпарцёрам за тое, што амаль усе медыі Бабруйска зрабілі анонс сустрэчы і шмат хто з прадстаўнікоў мясцовых СМІ, нягледзячы на непрацоўны час, прыйшоў на прэс-клуб.
Прысутнічалі на імпрэзе і многія з бабруйскіх актывістаў, пра каго і пра чые ініцыятывы і справы журналісты рабілі рэпартажы апошнім часам. Трэба адзначыць, што грамадскіх ініцыятываў у гэтым найбуйнейшым у Беларусі раённым цэнтры даволі шмат, і многія з іх месцам для сустрэч, прэзентацый, майстар-класаў выбіраюць менавіта прастору «1387», якая зусім нядаўна пераехала ў новае ўтульнае памяшканне. Гэтым вечарам прэс-клуб сабраў тых бабруйчан, якія дапамагаюць бяздомным жывёлам, наводзяць парадак на тэрыторыі старой крэпасці, займаюцца праблемамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ладзяць вулічныя інтэлектуальныя гульні. Прыйшлі на сустрэчу ўдзельнікі дабрачынных установаў дапамогі дарослым і Беларускаму дзіцячаму хоспісу, а таксама прадстаўнікі вельмі актыўнай гарадской габрэйскай суполкі.
Але спачатку з прэзентацыямі сваіх праектаў, ідэй і досведу ў тэме супрацы актывістаў з медыямі выступілі эксперты. Гасцямі прэс-клуба сёння былі галоўны рэдактар інтэрнэт-рэсурсу CityDog Сяргей Сахараў, вядучы рэдактар сайта ІА «Магілёўскія ведамасці» Дзмітрый Ляпейка і кіраўнік магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў.
Актывіст, крэатыўны клас, інфармацыйная нагода, інфапалітыка і новыя медыі
Пра ўсё гэта падрабязна распавядаў Сяргей Сахараў з CityDog. Сяргей мае вялікі досвед не толькі ў інфармацыйнай справе, але і ў грамадскай актыўнасці.
«Навошта мы пішам пра актывістаў? У першую чаргу таму, што мы самі прыйшлі з кола недзяржаўных арганізацый. Напрыклад, я займаўся рознымі сацыяльнымі і грамадзянскімі актыўнасцямі, моладзевымі ініцыятывамі з 1995-96 гадоў, то бок я сам стаяў «па той бок акопа», з іншага боку стаю і дагэтуль як прадстаўнік медыяў, і таму мне больш-менш зразумела, чаго хочуць «НДАсы» ад журналістаў і чаго журналісты ад актывістаў»
Праблемы, якія цікавяць людзей, не дужа змяніліся за апошнія дзесяцігоддзі, а актыўныя і неабыякавыя людзі, якія намагаюцца нешта рабіць і вырашаць, – гэта людзі, якія будуць задаваць тон і тэндэнцыі развіццю грамадства. Сяргей Сахараў заўважыў, што ім (інтэрнэт-рэсурсу CityDog) як новым СМІ цікава быць першымі, кантактаваць з людзьмі, якія будуць змяняць свет вакол сябе ў найбліжэйшай будучыні. Таксама і чытач любіць назіраць, як змяняецца да лепшага інфраструктура горада, і як прыклад – тая прастора, дзе адбываецца сённяшняя сустрэча. Хаб, клуб па інтарэсах, па-рознаму можна яе называць, але гэтая новая інфраструктура змяняе і грамадскую актыўнасць, людзі могуць сустракацца, тусавацца, нешта рабіць разам. З іншага боку, нават калі хтосьці паставіў звычайную лаву каля пад’езда, гэта таксама цікава, бо гэта адзін крок да таго, каб развіваць грамадзянскую супольнасць.
Важны для чытача СМІ і экспертны погляд на праблемы. Сяргей Сахараў зазначыў, што ў Беларусі вельмі невялікае інфармацыйнае поле, а медыйных экспертаў можна пералічыць па пальцах рук, «ну, можа быць, можна далучыць нагу ці нават дзве», – пажартаваў выступоўца. Пры гэтым розных грамадскіх арганізацыяў больш за дзве тысячы, ініцыятываў – яшчэ больш, і якраз сярод іх можна адшукаць экспертаў, якіх так не хапае ў тых ці іншых пытаннях. Трэба актыўней прапаноўваць сябе для СМІ ў якасці экспертаў.
Таксама чытачу важна паказаць, як запачаткоўвацца новы гарадскі феномен. Цяпер шмат людзей, якія пераймаюць досвед грамадскіх актыўнасцяў у дэмакратычных краінах і якія, па сутнасці, з’яўляюцца лідарамі грамадскай думкі, нясуць змены, пра іх цікава пісаць і пра іх цікава чытаць.
І яшчэ адна з мэтаў новых СМІ – надаць «моду» актыўнасцям, асабліва сярод «крэатыўнага» класу, сярод людзей, якія пачалі добра зарабляць. Справа ў тым, што многія з іх «пачынаюць бясіцца з жыру», не ведаюць, куды сябе прыкласці, у іх ёсць добрая праца, кватэра, сям’я, машына і сябе як спажыўцоў яны ўжо задаволілі. Другая стадыя – калі чалавек спрабуе палепшыць жыццё не толькі ўнутры сябе, але і вакол, і тут грамадскія арганізацыі і ініцыятывы дапамагаюць такім людзям знайсці тых, каму патрэбная дапамога.
Чаму медыі не любяць НДА і што актывістаў не задавальняе ў медыях?
Журналісты вельмі часта хочуць, каб НДАшнікі рабілі працу за журналістаў: пісалі прэс-рэлізы, дасылалі фотаздымкі, стваралі правільныя і значныя інфармацыйныя нагоды. У той жа час з боку актывістаў прэтэнзій да медыяў яшчэ болей, і гэта красамоўна паказалі адказы актывістаў у зале на другую частку пытання.
Прэтэнзіі з боку актывістаў былі да таго, што СМІ, часцяком на ўзроўні рэдактараў, замарожваюць «нязручныя» тэмы, звязаныя з грамадскімі актыўнасцямі, «афіцыйныя» СМІ звычайна ўсё паказваюць толькі ў пазітыўным ракурсе, а «незалежныя», наадварот, шукаюць «смажаных» фактаў. Так, пра «радыёмаўчанне» з боку медыяў па праблеме рэлігійных сектаў у Беларусі распавёў Максім Арсенцеў, які займаецца даследаваннямі гэтых пытанняў. Нэллі Скудная з ініцыятывы, якая дапамагае бяздомным жывёлам, паскардзілася, што СМІ замоўчваюць непрыглядныя і жорсткія абставіны вакол праблем з такімі жывёламі, – тэмы адлову і адстрэлу, іх усыплення. Увогуле, бальшыня СМІ стараецца пазбягаць тэмаў, у якіх можна адшукаць канфлікт з уладамі. Здараецца, журналісты не ў поўнай ступені валодаюць тэмай, пра якую робяць рэпартажы, ці нават «перакручваюць» факты такім чынам, што героі сюжэтаў замест станоўчага выгляду атрымліваюцца амаль адмоўнымі персанажамі, ці проста герою робіцца сорамна за ўдзел у такім рэпартажы. Гэткі прыклад прывяла прадстаўніца руху «Маці супраць наркотыкаў»: у адным з рэпартажаў пра іх акцыю інфармацыя была пададзеная так, быццам яны змагаюцца не супраць наркотыкаў і за здаровы лад жыцця, а разам з міліцыяй ходзяць па «прытонах» і «здаюць» маладзёнаў.
У Беларусі жыве дзевяць мільёнаў чалавек, а гэта дзевяць мільёнаў гісторый…
Галоўная праблема журналістаў у Беларусі – недахоп часу, грошай, досведу, а бывае, і звычайная «лянота» (што ў прынцыпе ўзаемазвязана).
Трэба шукаць незвычайныя падыходы, часцей тэлефанаваць, шукаць людзей, што змяняюць свет вакол сябе, падыходзіць творча і крэатыўна да, здавалася б, звычайных і «заезджаных» тэмаў, а самім актывістам бывае карысна паглядзець на сябе, сваю працу, вачыма рэпарцёраў. Праз журналістаў праходзяць вялікія патокі інфармацыі, што можа прытупляць пачуцці, бачанне праблемы, у гэтым плане актывісты могуць падказаць ці паказаць нешта пад іншым вуглом, знайсці новае і цікавае для журналіста развіццё звычайнай тэмы. Вось асноўныя парады ад рэдактара CityDog:
– Памятайце, што перад вамі стаіць бедны журналіст, ва ўсіх сэнсах бедны, і яму трэба дапамагчы парадай, нечаканым поглядам.
– Не крыўдуйце на журналістаў, што яны перакручваюць факты, парайце ім зрабіць так, так і так, выступіце экспертам.
– Калі журналіст пачынае вам хаміць, “пасылаць”, проста з ім не працуйце, гэта кепскі журналіст. Нармальны журналіст выслухае, выправіць нешта, калі спатрэбіцца, а рэдактар – тым больш.
Што трэба, каб падабацца медыям?
Актывістам трэба ведаць, як і пра што піша той ці іншы СМІ, з якім ёсць жаданне супрацоўнічаць, спрабаваць разабрацца ў палітыцы, якую ён праводзіць. Трэба ўмець «разжаваць» сваю ўнікальную прапанову, паспрабаваць давесці, чым менавіта вы і вашая дзейнасць ці акцыя ўнікальныя, чаго канкрэтна вы хочаце ў выніку дасягнуць, каму дапамагчы. Трэба не забываць рабіць прэс-рэлізы, рассылкі, у іх нават можна «злоўжываць» яскравымі цытатамі, лічбамі, трэба раскрываць сутнасць электроннага ліставання ў радку самой тэмы ліста, каб паведамленне можна было зразумець, нават не адкрываючы яго. Трэба прапаноўваць незвычайныя гісторыі і цікавых герояў для рэпартажаў, а сябе – у якасці экспертаў. Але неабходна разумець, што рэдакцыя ці журналіст не будуць займацца вашым праектам замест вас, бо ў іх шмат сваёй працы, і каб зацікавіць іх, бярыце нават частку працы на сябе, трэба быць назойлівым, але ў меру, не навязваць, але нагадваць пра сябе.
Як пазбегнуць канфлікту інтарэсаў
Пра гэта распавёў у сваёй прэзентацыі вядучы рэдактар сайта ІА «Магілёўскія ведамасці» Дзмітрый Ляпейка. Дзмітрый, як і Сяргей, не толькі выступае ў ролі журналіста і нават рэдактара СМІ, ды яшчэ і дзяржаўнага, але і ўдзельнічае ў шматлікіх ініцыятывах і гарадскіх грамадскіх праектах.
Дзмітрый Ляпейка працуе ў інфармацыйным холдынгу, які быў створаны на базе некалькіх абласных газет, Дому друку і да якога далучылі больш сучасны напрамак СМІ – інтэрнэт-стужку навін mogilevnews.by. Якраз галоўным рэдактарам гэтага інтэрнэт-рэсурсу і з’яўляецца Дзмітрый. Па сутнасці цяпергэта інфармагенцтва, якое стварае інфармацыю не для людзей наўпрост, а ў большай ступені для іншых СМІ.
Дзмітрый таксама закрануў балючую тэму рэдагавання і ўдакладнення розных інфармацыйных матэрыялаў, у тым ліку звычайных прэс-рэлізаў. Не заўсёды, асабліва ў буйных інфармацыйных рэсурсах, бывае магчымасць дакладна і падрабязна ўсё апісаць і пра ўсё напісаць. У іх існуе шмат узаемаадносінаў з іншымі структурамі, у тым ліку рэкламадаўцамі, з прычыны чаго некаторыя моманты ў матэрыялах могуць быць прыбраныя рэдакцыяй, і, як ужо казаў вышэй Сяргей Сахараў, гэта трэба ўлічваць пры супрацы, трэба ведаць інфапалітыку пэўных рэсурсаў і рэдакцый.
Другі момант – гэта тое, што СМІ працуюць са шматлікімі інфармацыйнымі нагодамі і па сваёй спецыфіцы не могуць запар публікаваць матэрыялы на адну і тую ж тэму, калі нават нейкія падзеі ладзілі зусім розныя суполкі, у розных месцах, напрыклад, дзве розныя арганізацыі аховы жывёл ці аматараў веларуху.
Як быць паспяховымі?
Як прыклад паспяховай супрацы актывістаў са СМІ Дзмітрый Ляпейка прывёў рэалізаваныя праекты актывістаў з магілёўскага Цэнтра гарадскіх ініцыятыў. Яны робяць вельмі сціслыя, але зразумелыя прэс-рэлізы, якія рассылаюцца ва ўсе СМІ і розным асобным журналістам, актыўна вядуць акаўнты ў сацсетках, стварылі свой сайт, на якім збіраецца ўся інфармацыя, захоўваецца архіў і справаздачы з усіх акцый і падзей. Але і ў іх не ўсё адразу гладка пачыналася, першае іх буйное мерапрыемства, вядомы ўсім «Дранік-фэст», спачатку праігнаравалі «афіцыйныя» СМІ, нават замест гэтага зрабілі рэпартаж з зусім лакальнай падобнай падзеі ў дзіцячым садку, але потым ім давялося «навёрстваць» на наступных фэстах.
Дзмітрый адказаў на адно з пытанняў прысутных – як актывісту стаць яшчэ і «экспертам» у сваёй тэме, якім бы цікавіліся і да якога звярталіся б журналісты. Адказ тут быў даволі просты – трэба часцей «мільгаць» у навінах, звязаных з тэмай вашай актыўнасці. Звычайна журналіст шукае для каментара эксперта, чыё імя больш на слыху, а калі актывіст удзельнічае ў розных імпрэзах, а не толькі сваіх, выказвае там свае думкі і меркаванні, то ён аўтаматычна ўздымаецца ў радках рэйтынгу людзей, дасведчаных у нейкай тэме, пераходзіць у разрад «лідараў думак». Ну і вельмі важна, каб чалавека можна было лёгка і хутка адшукаць, таму трэба мець акаўнты ў розных сацсетках, мэсэнджарах. Дарэчы, шырокая вядомасць таго ці іншага актывіста можа яшчэ і сведчыць пра ўзровень цікавасці тэмы або ініцыятывы, з якой ён працуе, бо тое, што надзвычай важна некаму аднаму, можа быць не цікавым іншым. Ну і калі нейкі СМІ не лічыць вашую праблему важнай, то і няма вялікага сэнсу працаваць з такім СМІ, трэба шукаць іншых.
Як на практыцы супрацоўнічаць з уладамі
Пра праблемы і дасягненні культурна-асветніцкай арганізацыі, у тым ліку пры ўзаемадзеянні і з уладамі, і са СМІ, распавёў старшыня рэгіянальнага аддзялення Таварыства беларускай мовы, краязнаўца і экскурсавод Алег Дзьячкоў.
«Нам даводзіцца супрацоўнічаць з рознымі ўстановамі і арганізацыямі, дзяржаўнымі і недзяржаўнымі. І калі нас «не любіць» нейкі чыноўнік ці ўстанова, то мы ідзем у іншую ўстанову і да іншага чыноўніка»
У ТБМ па-іншаму арганізаванае ўзаемадзеянне са СМІ, у адрозненне ад вышэйзгаданага Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, анонсы ўсіх імпрэз яны посцяць у сваіх акаўнтах у сацсетках, і калі гэтая падзея выклікае цікаўнасць, яе наведваюць і рэпарцёры, як з дзяржаўных СМІ, так і з незалежных. Заўважыў Алег Дзьячкоў і тое, што цяпер вельмі рэдка журналісты дасылаюць матэрыялы для ўзгаднення, таму раз-пораз здараюцца спрэчныя моманты, бывае некарэктная падача інфармацыі. Але адзін з прысутных прадстаўнікоў СМІ ўдакладніў, што ў заходніх краінах увогуле не прынята такое рабіць, максімум там удакладняюць асобныя звесткі, імёны, тэрміналогію ці лічбы. Ну, і адна з парадаў ад Алега Дзьячкова, якая тычыцца як СМІ, так і чыноўнікаў: калі вам адмаўляюць у адным месцы, можна пайсці ў іншае, да іншага чыноўніка, загадчыка іншай установы. Гэтую ж думку выказвалі і папярэднія прамоўцы ў звязку са стасункамі з рознымі СМІ.
Дыскусія і абмеркаванне
Пасля прэзентацый спікераў надышоў час абмеркаванняў, пытанняў і адказаў, парад і прапаноў. Паколькі на сустрэчы былі і актывісты, і прадстаўнікі розных СМІ, адбылася досыць жывая размова. Не абышлося без узаемных прэтэнзій, асабліва да журналістаў, якія, па словах актывістаў, не заўсёды выказваюць актыўнасць і зацікаўленасць у сваёй жа працы, часам нават не знаходзяць часу, каб адказаць на запыт ці прапанову. Старшыня габрэйскай суполкі Бабруйска Алег Красный выказаў такую думку на гэты конт:
«Трэба разумець, што тыя, хто звяртаецца ў СМІ, не прафесіяналы, бо на сёння, пры такіх адкрытых магчымасцях інтэрнэту, кожны дасведчаны і сам можа арганізаваць СМІ, можа сам сябе прапіярыць. Сэнс у тым, што актывісты звяртаюцца да СМІ, бо спадзяюцца, што тыя зробяць нешта, што не змогуць зрабіць самі актывісты, і зробяць гэта больш дасведчана, а калі гэта можа зрабіць сам актывіст, то і журналісты для гэтага не патрэбныя».
Былі закранутыя пытанні прэс-рэлізаў, магчымасцяў і абмежаванняў з боку рэпарцёраў, як незалежных, так і афіцыйных СМІ, асвятлення «табуяваных» тэмаў. Была выказаная думка, што не заўсёды можна параўноўваць працу журналістаў і магчымасці актывістаў недзе ў цэнтры і ў правінцыі, бо ў невялікім горадзе ўсё ў значнай ступені залежыць ад чыноўнікаў, менш здольнасцяў рэалізаваць сябе, у тым ліку праз заўважна меншыя фінансавыя магчымасці людзей, праз амаль поўную адсутнасць мясцовых незалежных СМІ. Журналісты, са свайго боку, наракалі на недастатковую цікавасць некаторых падзей і акцый, якія ладзяць ініцыятывы, адсутнасць важкай інфанагоды ў некаторых падзеях. Як актывісты, так і рэпарцёры згадвалі розныя прыклады са свайго жыцця, сваёй працы, прыводзілі аргументы, успаміналі, якія здараліся канфлікты і як даводзілася іх залагоджваць.
Адзін з галоўных вынікаў дыялогу – не трэба ісці на канфлікт, а тым больш абвастраць яго, па меры магчымасці пазбягаць «наездаў» і ўзаемных абвінавачванняў. Неабходна супрацоўнічаць, спрабаваць разам распрацоўваць інфармацыйныя кампаніі, наладжваць сяброўскія сувязі, часцей сустракацца і размаўляць «анлайн», а не праз тэлефон ці інтэрнэт. Галоўнае – трэба падыходзіць да камунікацыйных зносін спакойна, пазбягаць «мовы варожасці», вучыцца разумець адно аднаго. І актывіст, і журналіст робяць сваю працу, актывіст жадае ў нечым палепшыць жыццё, змяніць яго, праца журналіста – расказаць пра гэта, і кожны мусіць несці адказнасць як за сваю працу, так і за нашую агульную будучыню.
Тэкст і фота – Алесь Сабалеўскі