Яны ўпэўненыя, што калі дрэнна казаць пра фільмы Мікіты Міхалкова, то можна нарвацца на вялікія непрыемнасці: напрыклад, “заслужыць” адлучэнне ад праваслаўнай царквы. Зрэшты, адмаўляючы вялікаму рэжысёру здымацца ў працягу яго “Утомленных солнцем”, хлопцы з гурта Akute ведалі, чым рызыкуюць. І вось цяпер яны не разумеюць, як маліцца і хадзіць у царкву. Яны чакаюць нябеснай кары і званка ад Гая Рычы. У якім кіно зняліся б Раман Жыгараў і Стас Мытнік? Якое кіно любяць? А таксама конкурс з прызамі ад Akute і “Будзьма беларусамі!” у новай серыі праекту “Захапленні”.
Рома: Ты любіш фільмы Таранціна?
Стас: Так.
Рома: А я не люблю трэш, не люблю Таранціна і не разумею, з чаго ўся гэтая завіруха, чаго з ім усе так носяцца?!
Стас: Ну, ён жа зусім несур’ёзна паказвае гэты самы трэш.
Рома: Але з такім шумам, з такой помпай!.. Усё гэта адназначна непатрэбна і залішне найграна.
Стас: Не ўсе яго фільмы аднолькавыя: дапусцім, «Забіць Біла» – рэальны трэш, які сапраўды не хочацца глядзець, а вось «Крымінальнае чытво» – іншая рэч: там, памятаеш…
Рома: Асабіста мне нецікава: калі вытворчасць такіх фільмаў ставіцца на канвеер і чувак штампуе сваё “Крымінальнае чытво”, а ўсе вакол славяць гэта як вялікае мастацтва, носяцца з ім, як з малюнкамі Эндзі Уорхала, я здзіўляюся недарэчнасці таго, што адбываецца.
Стас: Па-мойму, ты глядзеў усяго пару фільмаў Таранціна, а гаворыш так, нібыта добра знаёмы з яго творчасцю.
Рома: Можа, я не глядзеў усіх яго фільмаў, але пагадзіся, што пэўная тэндэнцыя ёсць. І ніякага сакрэту ў яго кіно няма (маўляў, вы нічога ў Таранціна не разумееце: гэта ж вялікае мастацтва!), проста добры піяр, нічога большага.
Рома: Вось яшчэ адзін фільм, з якім усе носяцца, – “Шэрлак Холмс” Гая Рычы. Але ў дадзеным выпадку я згодны, кіно добрае.
Стас: Там класны акторскі склад: Даўні-малодшы, Джуд Лоў…
Рома: Ты што?! Нельга прамаўляць яго імя ўслых: ён жа ў спісах забароненых артыстаў!
Стас: А вось “Жалезная хватка” Коэнаў, што ты рэкамендаваў мне паглядзець. Ну так, нядрэнны, але я ў ім нічога асаблівага не ўбачыў.
Рома: Націск менавіта на слове «я». Гэта ты ў ім нічога такога не ўбачыў. А фільм вельмі класны!
Стас: А чым ён табе так спадабаўся?
Рома: Ён жорсткі!
Стас: Жорсткі і трэшняк – гэта розныя рэчы?
Рома: Ну вядома: як можна параўноўваць Коэнаў і Таранціна? Ні ў якім разе нельга, а тым больш казаць, што Коэны здымаюць трэшняк.
Стас: А вось гэты фільм – для мяне ледзь не самае вялікае расчараванне ў кіно. Вось выйшла першая частка другой часткі… ой, як жа яна называлася?..
Рома: Пачакай. Першая частка другой часткі – гэта трэцяя частка?
Стас: Не, там яго «Стомленыя сонцам – 2» з дзвюх частак павінныя складацца: першыя «Прадстаянне» і «Цытадэль» абяцалі, але ў кіно так і не паказалі. Я быў вельмі засмучаны, паглядзеўшы гэтую другую частку. Дакладней, першую частку другой часткі.
Рома: Ты праваслаўны? Нават не думай дрэнна казаць пра Міхалкова, інакш будзеш аддадзены анафеме.
Рома: А вось “Generation П”. Ты глядзеў? Кніжку чытаў?
Стас: Не, кніжку не чытаў, але глядзеў кіно і не зусім зразумеў яго, калі шчыра.
Рома: Не спадабалася ці не зразумеў?
Стас: І не спадабалася, і не зразумеў. Магчыма, трэба кніжку прачытаць.
Рома: А я вось вельмі чакаў выхаду гэтага фільма: кніжку чытаў вельмі даўно і як пачуў, што яны збіраюцца зняць паводле яе фільм, то вельмі перажываў, што зноў зробяць свой сраны постмадэрн і ўсё сапсуюць. Успомніце “Ассу”, напрыклад. Але я застаўся вельмі задаволены экранізацыяй: фільм атрымаўся строга па кнізе і перадаў усё, што, як мне здаецца, хацеў сказаць Пялевін.
Стас: Ты сапраўды рэкамендуеш пачытаць гэтую кнігу?
Рома: Так-так, абавязкова. Пялевін наогул вельмі круты чувак. Класныя кнігі піша. З “Generation П” пачалося маё знаёмства з яго творчасцю, і я да гэтага часу ні разу ў ім не расчараваўся. Праўда, з часам ён пачаў пісаць прадказальныя рэчы. Магчыма, прычына – ужо выпрацаваны аўтарскі стыль, выразныя сродкі, уласцівыя толькі Пялевіну, але я не думаю, што ён спісваецца або штампуе свае найлепшыя кнігі.
Стас: Сучасны кінематограф прымушае мяне адчуваць сябе старпёрам і ўздыхаць па савецкім кіно: мне вельмі не хапае глыбокіх думак і перажыванняў. Сёння ў фільмах шмат відовішчнасці, трэшу, экшну, а з думкамі неяк тугавата.
Рома: Згодны. Не хапае сэнсавай напоўненасці, думак, якія не былі б банальнымі. Не хапае сюжэтаў, якія не былі б знятыя раней, арыгінальных гісторый. Памятаеш, Курэйчык нам неяк казаў, што ў гэтым і заключаецца праблема сучаснага кінематографа – недахоп цікавых, арыгінальных гісторый.
Стас: А вось ты хацеў бы зняць кіно? І пра што б яно было?
Рома: Не, я нават не ўяўляю, як здымаць кіно. А ты?
Стас: Я таксама не. Можа, зняцца ў эпізадычнай ролі – так, але моцна не імкнуся да гэтага.
Рома: А ў якім кіно ты б зняўся? Пра што быў бы гэты фільм? Ты хацеў бы, каб цябе забілі ў кіно? Ты зняўся б у “Цытадэлі” Міхалкова?
Стас: А ты хацеў бы, каб мяне забілі на экране?
Рома: Здыміся ў фільме Міхалкова і атрымай божую ласку!
Стас: І пальмавую галіну да яе!
Стас: Ром, а ты б у якім кіно зняўся?
Рома: Ну вось калі б Міхалкоў мяне асабіста паклікаў здымацца, думаю, пагадзіўся б. Усё ж такі божая мілата… А калі шчыра, то я сябе не бачу кінаакторам.
Стас: А ў ролі кіношнага рок-героя?
Рома: Я і так рок-герой, а кіно – гэта зусім іншая рэч.
Стас: Я б зняўся ў фільме пра Akute, але здымаць такі фільм павінен вельмі круты рэжысёр. Мікіта Міхалкоў нам тэлефанаваў ужо з гэтай нагоды – мы адмовіліся, цяпер не ведаем, як у царкву хадзіць. Вось калі б патэлефанаваў Гай Рычы, думаю, мы б наладзілі стасункі з богам. Мы б, вядома, пагадзіліся! Слухай, а калі б сам Таранціна табе патэлефанаваў і прапанаваў зняць фільм пра Akute?
Рома: Ой, ды адчапіся ты ад мяне са сваім Таранціна!
Рома: А ты наогул якое кіно любіш?
Стас: Гістарычнае люблю. Вось, дарэчы, “Цар” – жах, а не кіно! Я вельмі люблю кіно такога жанру, але гэтае не тое што не ўразіла, а наадварот, пакінула абыякавым. Хоць да Мамонава ў мяне самае паважлівае стаўленне. Але ад фільма склалася ўражанне, што ў ім зняліся пяць чалавек – нейкае адчуванне пустэчы засталося. Я даўно не бачыў добрага гістарычнага кіно.
Стас: Ой, а памятаеш, мы нядаўна глядзелі фільм класны (я вельмі ўражаны быў). Там інвалід быў, і яму дапамагаў медбрат, чорны хлопец, фільм пра іх сяброўства, памятаеш? Назву не магу ўспомніць!
Рома: А чым ён цябе так уразіў?
Стас: Я паверыў яго героям. Я сядзеў і ўвесь фільм перажываў гісторыю іх сяброўства.
Рома: Сапраўды, памятаю, там адзін з іх спачатку не хацеў ісці да другога, так?
Стас: Вельмі глыбокі фільм: людзі з розных сацыяльных светаў высвятляюць, што яны вельмі падобныя ў сваіх пачуццях, думках, жаданнях і ў сваёй абмежаванасці да дзеяння. Як жа зваўся гэты фільм?
Рома: Дык давай спытаем! Калі ты ведаеш, як называецца гэты фільм, падкажы нам і атрымай прыз ад гурта Akute і “Будзьма беларусамі!”
Стас: І божую ласку ад Міхалкова!
Рома: І пальмавую галіну ад рускай праваслаўнай царквы!
Ганна Трубачова, Алесь Плотка, фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч
Вялікі дзякуй кіраўніцтву і персаналу крамы “Містэрыя гуку” (ГЦ “Рыга”) за дапамогу ў арганізацыі здымак.
Конкурс
Калі ты ведаеш , пра які фільм казалі Стас і Рома, пакінь каментар з правільным адказам пасля гэтага рэпартажу. Першы, хто правільна агучыць назву фільма, атрымае 2 квіткі на канцэрт Akute, што пройдзе ў “Графіці” 18 траўня, а таксама стыльную майку ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” Другі і трэці правільныя адказ не застануцца без прыза: іх аўтары атрымаюць ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” такія ж выдатныя майкі, а да іх – не менш стыльныя торбы і фірмовыя дыскі з беларускай актуальнай музыкай. Усе прызы пераможцам уручаць Стас і Рома, і гэта, мабыць, самы галоўны прыз. Спяшайцеся! Конкурс абвешчаны і будзе доўжыцца да дня канцэрту, то бок да 18 траўня.
Даведка “Будзьма беларусамі!”
Раман Жыгараў. Нарадзіўся 10 жніўня 1984 у Магілёве. Шмат дзе вучыўся, шмат дзе працаваў, таму месца ў працоўнай кніжцы хутка скончылася. Адчуванне, што музыка будзе асноўнай працай, з’явілася, калі ён трапіў у рок-гурт. Гэта было ў 1998 годзе. Мае вышэйшую адукацыю (юрыст), нежанаты.
Стас Мытнік. Нарадзіўся 7 чэрвеня 1988 у Магілёве ў простай сям’і, хадзіў у садок, у школу. Першую гітару падарылі ў 10 гадоў. Першыя грошы на прымочку для гітары збіраў з грошай на праезд, якія давала маці. Мае няскончаную вышэйшую адукацыю (эканаміст). Нежанаты.