Аліна Бінада — беларуская актывістка, фатограф і івэнт-менеджарка. Дзяўчына пакінула стабільную офісную працу, каб займацца праектам «Sex Education», а праз паўгода вымушана была з’ехаць ва Украіну праз ціск на незалежныя арганізацыі. Яшчэ праз паўгода пачалася вайна. Пагаварылі з Алінай пра досвед правядзення фестываляў «Sex Education» у Мінску, валанцёрства ва Украіне, планы на будучыню падчас вайны і адчуванне дома.
Аліна Бінада. Крыніца: уласны архіў Аліны Бінады
Шлях да актывізму
Мне 25 год. Па спецыяльнасці я эканаміст. Шэсць год таму я прыехала з правінцыі ў Мінск і амаль тры гады працавала ў банкаўскай сферы, потым у лагістыцы. Карацей, у мяне прыкладна шэсць гадоў вопыту працы ў кампаніях, якія мне не падабаліся. Хаця ў гэтым мне было нязручна, усё адно я два разы спрабавала ўвайсці ў гэтае звычайнае нармальнае жыццё, і я зразумела, што звычайнай працы мне не дастаткова. Мне патрэбна, каб былі вакол людзі, каб былі вакол рухі, і каб я магла неяк сябе рэалізоўваць. Я не ведала, чым займацца, і падумала, што адзіны варыянт, які я магу прапанаваць другім людзям, не ведаючы нічога, — гэта валанцёрства. Я патрапіла ў дзве арганізацыі. Адна з іх — гэта Чырвоны Крыж, што зараз вельмі балюча. У нейкі момант тая частка Чырвонага Крыжа, у якой я працавала, яна проста стала наменклатурнай, калі дапамога становіцца абавязкам: аднойчы на сходзе нас адчытвалі за тое, што мы не выканалі план на дапамогу. Я была здзіўлена, але падумала, што, можа, я наўпрост не разумею, як працуе міжнародная арганізацыя. Я яшчэ была валанцёркай падчас падзей дваццатага года. Тады Чырвоны Крыж проста аблажаўся ва ўсім, у чым толькі магчыма: пабыў у выбарчых камісіях, іх лога з’яўлялася на ўсякіх прэзідэнцкіх агітках. Гэта прытым, што адзін з прынцыпаў Чырвонага Крыжа — гэта нейтралітэт. І цяпер ва Украіне. Дзякуй, што Чырвоны Крыж хоць дзе-нідзе дапамог: напрыклад, з той жа эвакуацыяй цывільных з «Азоўсталі». Але ён шмат дзе і не дапамог: напрыклад, калі патрабавалі калідоры яшчэ раней. Мне важна пра гэта казаць, бо з майго пункту гледжання, Чырвоны Крыж — гэта масавы падман.
Другі праект, дзе я валанцёрыла, — гэта «Людзі па-за прафесіяй». Гэты праект быў больш цікавы для мяне асабіста. Там я ўпершыню паспрабавала нейкую нефармальную адукацыю, актывізм, дапамогу, і я зразумела, як гэта адбываецца. Але тады я таксама зразумела, што мне там таксама быць складана.
Дапамог запусціцца ковід
Афіша фестывалю «Sex Education» у Мінску. Крыніца: instagram.com
Праз гэты досвед і з’явіўся мой праект «Sex Education». Ён пачаўся два гады таму, і з гэтага моманту большая частка майго часу накіравана менавіта туды. Самае цікавае, што дапамог запусціцца ковід. Ідэя прыйшла яшчэ ў верасні 2019 года, нейкі час мы яе абдумвалі і прыйшлі да таго, што гэта будзе менавіта фестываль. Я не ведала, як гэта павінна выглядаць, таму наўпрост заходзіла на сайты ўсякіх еўрапейскіх мерапрыемстваў і глядзела, што ёсць у іх. Я не ведаю ангельскай мовы, таму проста ўсё перакладала праз гугл і зразумела, што можна і ў Беларусі такое зрабіць. Выпісвала сабе на лісток карысныя ідэі, думала, якія ў нас ёсць магчымасці. Потым у мяне паўстала пытанне з экспертамі, бо цяжка, калі ты толькі пачынаеш штосьці рабіць і нікога не ведаеш. Але ўрэшце мы знайшлі экспертаў, усё прадумалі, і вырашылі, што 25 лютага 2020 г. трэба запускацца. Мерапрыемства павінна было адбывацца афлайн. Усё было добра: праграма, спікеры, пляцоўка, але не было грошай. Таму нам прыйшлося адмяніць мерапрыемства, хаця яно ўжо было падрыхтаванае. Потым пачаўся ковід. Я падумала, што можна ж усё зрабіць анлайн: так і грошай не трэба. Праграма ў мяне была, так яно і спрацавала, і мы зрабілі першы праект анлайн.
На той момант бракавала дзвюх рэчаў: рэкламы і грошай. Складана было знайсці і тое, і тое, бо на той момант ніхто не разумеў, што такое фестываль сексуальнай адукацыі. Людзі пужаліся, што мы там будзем оргіі рабіць.
Я нават не магла паказаць, што мы ствараем на самай справе, бо такога яшчэ не было: ніякіх здымкаў, ніякіх прадстаўленняў або экспертаў, якія б маглі сказаць, што мы вартыя даверу.
Тады мы адкрылі рахунак на пляцоўцы для збору сродкаў MolaMola, якая тады яшчэ працавала, а на «Еўрарадыё» была такая перадача «МолаTalk», туды запрашалі на размову людзей, якія арганізуюць цікавыя мерапрыемствы. Урэшце мы назбіралі ўсяго дзвесце рублёў і атрымалі інфармацыйную падтрымку праз «Еўрарадыё». Грошы мы патрацілі на ганарары для экспертаў, якія падлучалі скайп і YouTube, каб фестываль запрацаваў. Яшчэ пяцьдзясят рублёў мы патрацілі на нейкія дробязі, зараз нават не ўспомню на што. Яшчэ частка грошай пайшла на ганарар адной спікерцы, якая пагадзілася ўдзельнічаць з аплатай сваёй працы, хаця ўсе спікеры выступалі бескаштоўна. Што цікава, тая ж спікерка далей на астатніх фестывалях выступала ўжо таксама бескаштоўна.
Падчас першага фестывалю я не закладала ніякіх мэт: наўпрост было цікава, як гэта атрымаецца. Я зразумела, што ёсць попыт на такія актыўнасці, і трэба рабіць далей. Другі фестываль адбыўся праз ініцыятыву «Covision»: там ладзяць усякія крутыя праекты. Я да іх падалася, і яны ўзгаднілі маю заяўку. Насамрэч я не думала, што так адбудзецца і нават не рыхтавалася. Мне сказалі абіраць дзень на наступным тыдні, а ў мяне не было нават ні праграмы, ні спікераў. Але я ўсё хутка падрыхтавала, і ўсё атрымалася. Там жа я пазнаёмілася з крутой здымачнай камандай, з якімі працягнулі працаваць і потым.
Фестываль сексуальнай адукацыі ў Мінску, 2021 год. Крыніца: citydog.io
Трэці фестываль я рабіла даволі хутка. Ён атрымаўся нядрэнны, але над ім магчыма было і лепей падумаць. Таму я вырашыла, што наступныя фестывалі будуць ужо пра маю асабістую цікавасць. Так і атрымалася. Усё, што ёсць у маіх планах зараз — гэта ў першую чаргу тое, што я сама буду глядзець. Таму асноўная мэта зараз рабіць праект — гэта адказваць на складаныя пытанні мае і майго асяроддзя.
«Атрымліваецца праліць святло на нешта вялікае»
Зараз у праекта ёсць тры асноўныя кірункі.
Першы — гэта сам фестываль. Але я хачу адыходзіць ад фармату марафону лекцый. Я хачу распавядаць пра секс з розных пунктаў гледжання, напрыклад, у планах дадаць туды стэнд-ап. Хачу паглядзець, якія фарматы яшчэ я магу ўзяць. Яшчэ мне падабаецца фармат форум-тэатра, што ўжо было ў Мінску на пятым фестывалі. Там была пастаноўка пра «Мой першы раз». Я тады ўжо была ў Кіеве. Гляджу — на гадзінніку 21:30, мерапрыемства ўжо павінна было скончыцца, а ніхто не адказвае на тэлефон. Я ўжо пачала хвалявацца, а высветлілася, што вельмі спадабалася тэма, а гледачы напрыканцы маглі распавесці пра свой асабісты вопыт, і там атрымалася такая чарга, што мы надоўга затрымалі пляцоўку. Людзям было вельмі важна падзяліцца сваім асабістым досведам, каб іх пачулі іншыя.
Афіша пастаноўкі «Мой першы раз» у Мінску. Крыніца: instagram.com
Другі накірунак нашага праекта — гэта групавая тэрапія. Гэта пяць сустрэч з псіхолагам, але гэтага дастаткова, бо падчас тэрапіі ты як бы бярэш нейкую ежу, а потым увесь тыдзень смакуеш яе, жывеш з ёй. Складана, канечне, браць за пяць тыдняў нейкія траўмы з дзяцінства, але гэта таксама існуе. То-бок атрымліваецца праліць святло на нешта вялікае. Мы ўжо паспелі паўнавартасна правесці псіхатэрапію тры разы, і ўсе сесіі былі з псіхолагамі і сексолагамі. Я прайшла першую тэрапію, каб самой зразумець, што гэта такое. Першы раз мы праводзілі тэрапію платна для ўдзельнікаў. Потым я знайшла падтрымку ў выглядзе грантаў, і два наступныя разы атрымалася зрабіць усё бескаштоўна для ўдзельнікаў.
Трэці кірунак — гэта YouTube. Падкасты, лекцыі і шмат усяго, праз што можна камунікаваць з людзьмі. Але гэта збольшага ўсё ў планах, бо на гэта патрэбны рэсурсы.
Як кіраваць мерапрыемствамі на адлегласці?
У кастрычніку 2021 года я з’ехала ва Украіну. Тады ўжо ў паветры была такая думка, што незарэгістраваныя арганізацыі не могуць на тэрыторыі Беларусі штосьці ажыццяўляць. Я пачала разумець, што я зараз вельмі небяспечную рэч раблю і для сябе, і для маёй каманды. Па-першае, я працавала з грантамі. Па-другое, я займалася секс-адукацыяй, а ў нашай краіне, на жаль, такое не падтрымліваецца. Гэта я яшчэ не кажу пра сваю актыўную пазіцыю, пачынаючы з выказванняў у сацыяльных сетках і заканчваючы мітынгамі.
Усё гэта разам паўплывала на маё рашэнне сабраць сваю невялікую валізку і пераехаць ва Украіну. Я апынулася ва Украіне, а праект працягваўся ў Мінску, і я адказвала за ўсё, што адбываецца. Пакуль я была ў Кіеве, мы зрабілі фестываль, потым правялі групавую тэрапію і запісалі тры выпускі падкаста. У мяне была добра наладжана камунікацыя з людзьмі, якія знаходзіліся ў Мінску. Але зараз, у траўні, амаль уся мая каманда з’ехала, таму мне вельмі складана зараз рабіць нешта ў Беларусі. Групавыя тэрапіі я яшчэ магу працягваць, а фестывалі — не, ды і не хачу злоўжываць бяспекай удзельнікаў.
Таму я вырашыла развіваць YouTube і рабіць марафоны ў тых гарадах, дзе ёсць беларусы, рускія і ўкраінцы. Я разлічваю на пляцоўкі, напрыклад, у Вільні, Варшаве і Тбілісі.
Вокладка YouТube-канала SexEducation. Крыніца:YouTube.com
«У маім жыцці ўсё было больш-менш зразумела, але пачалася вайна»
Перш фестываль па-за межамі Беларусі павінен быў адбыцца ў Кіеве: у лютым я атрымала стыпендыю на правядзенне там фестывалю. Тады ж я планавала пайсці на курсы акцёрскага майстэрства. У маім жыцці ўсё было больш-менш зразумела, але пачалася вайна.
Я ведала, што вайна будзе: калі я бачыла вайскоўцаў ля мяжы, мне не падавалася, што гэта вучэнні альбо спроба папужаць. Раніца ў першы дзень вайны пачалася з тэлефонных званкоў. Усе казалі, што пачалася вайна. Я падумала: «Ну ок». Планавала працягнуць далей спаць. Спужала мяне нават не тое, што пачалася вайна, а тое, што мае суседзі зверху пачалі хутка бегаць, што трохі дадавала трывогі. Тады я ўстала і пайшла рабіць сырнікі і шукаць бліжэйшае бомбасховішча, бо разумела, што нічога я зараз у гэтым жыцці змяніць не змагу. Я жыла ў раёне каля Акадэміі СБУ, то-бок было даволі верагодна, што ракеты будуць побач. Насамрэч там кудысьці штосьці прыляцела, але не ў тыя дні, калі я там была.
Хутка я зразумела, што трэба з’яджаць з Кіева, бо я ў гэтым горадзе на той момант была адна, і мне было крыху складана. На другі дзень вайны я сабрала рэчы і паехала на вакзал. Ноч перад тым я правяла пад трыма коўдрамі: да мяне пачало даходзіць, што такое шкло, якое разбіваецца ад выбуху, і што гэтае шкло можа зрабіць са мной і з маім тварам. Насамрэч гэтыя коўдры можа мяне і не баранілі, але гэта была больш псіхалагічная абарона. Урэшце я проста пайшла спаць у ванну.
Я ехала на вакзал на метро, дзе людзі ўжо начавалі, ужо пачалі там абжывацца. Гэта было незразумела, незвычайна і трохі палохала.
На вакзале панавала поўная паніка: паліцыі не хапала. Людзі проста вар’яцелі. Паліцыя ж тады выкарыстоўвала не вельмі дальнабачную рэч: калі пад’яджаў цягнік, яны рабілі выгляд, быццам пачыналася паветраная трывога і адганялі людзей назад. Хутка я зразумела, што калі пачнецца сапраўдная трывога, то людзі проста не адбягуць. Тады яшчэ трывога чамусьці гучала не ў паветры, а проста на словах.
Вось, пад’язджае цягнік, і натоўп пачынае бегчы да яго. Гэта было жудасна. Чарнаскурыя хлопцы затаўкалі правадніцу ў вагон. Яны сядзелі ў купэ, а напрыклад, маці з дзецьмі маглі проста не трапіць у вагон. Я ў гэты цягнік нават не спрабавала залезці. Раптам я ўбачыла, як нейкі хлопец бяжыць да поезда, а ў дзвюх кішэнях у яго шкляныя бутэлькі піва. І вось гэтыя бутэлькі вылецелі і разбіліся. Я паглядзела на тых малых дзяцей, якія ў гэтай мітусні могуць проста паваліцца і парэзацца, і пайшла збіраць тое разбітае шкло. Не было ніякай торбачкі для смецця, таму я штосьці са сваіх рэчаў пакінула на вакзале дзеля гэтага шкла.
Пабітае шкло на кіеўскім вакзале. Крыніца: уласны архіў Аліны Бінады
Нарэшце ў мяне атрымалася сесці ў наступны цягнік. Гэта было вельмі складана: паміж цягніком і платформай ёсць невялікая адлегласць, куды ты можаш праваліцца, калі на цябе ззаду ціснуць. Адной рукой я трымала чамадан, які ўжо трапіў у гэтую прастору, а другой — дзяўчыну, якая туды валілася. Я там крычала і нават плявалася на тых хлопцаў, што на нас ціснулі, і позірк у мяне быў, напэўна, дзікі. Усё ж я села ў цягнік, наўпрост у калідор: я да купэ не дайшла. А тыя хлопцы сядзелі ў купэ, пакуль жанчыны з дзецьмі і бабулі з катамі сядзелі ў калідоры. І кожны раз нам прыходзілася падымацца, калі яны ішлі па каву.
Вагон цягніка з Кіева ва Львоў. Крыніца: уласны архіў Аліны Бінады
«Я разумела, што не толькі дапамагаю рукамі, але і расказваю пра беларусаў»
Я прыехала ва Львоў. Самае цікавае, што на тыя выходныя я сапраўды збіралася да сябра ў Львоў, таму я ехала да яго. Прыехала, і ў той жа дзень мой сябар пайшоў у войска. Я праводзіла яго на цягнік, а сама пайшла начаваць у ягоную кватэру, а прачнулася ад таго, што ў кватэры хтосьці ёсць. Перада мной стаялі дзве жанчыны. Яны прыйшлі правяраць, хто жыве ў кватэры. Карацей, дэзерцір ты ці не. Задавалі нейкія пытання. Я пасля гэтага зразумела, што на той кватэры мне заставацца небяспечна, пераехала на іншую. Усё, адчула, што там больш-менш бяспечна. Цяпер я магла дапамагаць іншым і пачала маніторыць усе чаты, якія ёсць. Глядзела, што робяць мясцовыя і шукала магчымасці валанцёрыць.
Спачатку я трапіла ў Парахавую вежу плесці маскіровачныя сеткі. Парахавая вежа — гэта даволі вядомая ў Львове гістарычная лакацыя. Да вайны гэта была пляцоўка, а цяпер усе тры паверхі выкарыстоўваюцца для таго, каб там плесці маскіровачныя сеткі.
Калі ты шукаеш, чым можаш дапамагчы, то прыходзіш на першае, што трапляецца. Для гэтага не трэба ніякіх асабістых навыкаў: дзесяць хвілін, і ты ўжо разумееш, як гэта рабіць.
Маскіровачныя сеткі ў Парахавой вежы. Крыніца: уласны архіў Аліны Бінады
Туды прыходзілі ў тым ліку людзі, якія маюць сталую працу: працавалі ў першую змену, а плялі сеткі ў другую. Я ж запрашала туды беларусаў, якія прыехалі ў Львоў з Кіева і не ведалі, што рабіць.
Я разумела, што маскіровачныя сеткі — гэта карысна, але я думала, чым яшчэ я магу дапамагаць. Потым я пайшла валанцёрыць на вакзал. Львоўскі вакзал разлічаны на дваццаць пяць тысяч чалавек, а прымаў дзвесце-трыста тысяч чалавек. Я гатавала ежу: рабіла бутэрброды проста канвеерам.
Аліна Бінада з каляжанкамі робіць бутэрброды на львоўскім вакзале. Крыніца: уласны архіў Аліны Бінады
Там я пазнаёмілася з украінкамі, якім вельмі падабалася, што я беларуска і дапамагаю.
Паколькі размаўляла па-беларуску, мне адзін мужчына сказаў, што ў мяне вельмі цікавы акцэнт. Я адказала, што гэта не акцэнт, гэта цэлая мова. Тады я разумела, што не толькі дапамагаю рукамі, але і расказваю пра беларусаў, што яны не толькі выпускаюць ракеты, але і дапамагаюць побач з украінцамі.
Львоўскі вакзал. Пачатак сакавіка 2022 года. Крыніца: уласны архіў Аліны Бінады
Праз пару дзён мы зрабілі анлайн-чат у тэлеграме, дзе атрымлівалі запыты па дапамогу. Каардынавалі транспарт ад мяжы з Польшчай да Нямеччыны і дапамагалі з жыллём у Нямеччыне. Больш за сорак сем’яў атрымалася не толькі перавезці, але і ўладкаваць на месцы. Потым мы чыталі пасты з падзякай.
«Я на ўласныя вочы ўбачыла Гастомель, Бучу і Ірпень»
Праз нейкі час я вярнулася ў Кіеў: хацела чымсьці дапамагаць там. Жыццё ў Львове працягвалася, людзі працавалі, бо Львоў — гэта тыл. Калі горад стане, то не будзе ніякага фронту: не будзе адкуль атрымліваць ежу, медыкаменты і ўсё астатняе. Кіеў жа я ўбачыла закрытым і апусцелым. Я пазнаёмілася з дзяўчынкай-беларускай, якая ездзіла дапамагаць у гарады, з якіх адышлі акупанты. Цяпер ствараюцца такія валанцёрскія рухі, да якіх ты далучаешся і трапляеш у такія месцы, дзе патрэбна дапамога: там ёсць адказныя і арганізатары, якія кажуць, куды і колькі чалавек патрэбныя. Але ў той момант, калі я там была, то не адчувала ніякай структуры. Мы проста дамовіліся з кіроўцам і паехалі. Хаця проста так ты ўсё адно нікуды не трапіш. Па ўсіх дарогах дзейнічаюць пункты пропуску, дзе дакументы правяраюць. Прыходзіцца доўга тлумачыць, калі ў цябе беларускі пашпарт. Іншая справа, калі ёсць від на жыхарства, бо гэтая картка вельмі падобная на ўкраінскую і правяраючыя могуць наўпрост не заўважыць, што ты беларуска.
Я на ўласныя вочы ўбачыла Гастомель, Бучу і Ірпень.
Гастомель. Красавік 2022 года. Крыніца: уласны архіў Аліны Бінады
Буча. Красавік 2022 года. Крыніца: уласны архіў Аліны Бінады
Ірпень. Красавік 2022 года. Крыніца: уласны архіў Аліны Бінады
Калі мы праязджалі праз тыя гарады, я насамрэч пачала адчуваць вайну, і ўсё гэта было вельмі складана для мяне. Хутка я зразумела, што калі ў мяне ёсць магчымасць некуды выехаць, то трэба зараз гэта рабіць, бо ў мяне пачаліся некаторыя дзіўныя рэчы, якіх раней не было. З’явіўся панічны страх, я два тыдні не магла зайсці на мост, па якім да таго хадзіла паўгады. Кожная раніца пачыналася з дзікай трывогі. Па начах я раней ніколі не прачыналася ад кашмараў, а цяпер гэта пачало адбывацца. Мне падавалася, што мяне хтосьці шукае і заходзіць у той пакой, дзе я сплю. Я зразумела, што ўсё, трэба ўцякаць.
Я не збіралася з’яджаць з Украіны, бо зараз вельмі складана для беларуса нават з відам на жыхарства трапіць назад ва Украіну. Але я вырашыла з’яджаць пасля паездкі вось туды... Гэта было вельмі моцна. Калі вайна толькі пачалася, я была даволі спакойная, бо я беларуска.
Украінцы ўжо бачылі вайну, а я з ёй да гэтага ніколі не сутыкалася. Мне пашчасціла, што да гэтага часу ніхто не ўломваўся да мяне ў кватэры. За словам «вайна» для мяне не стаяла нічога жудаснага, а ўкраінцы ўжо ўсё разумелі.
Пра планы і адчуванне дома
У мяне з’явіліся планы правесці фестывалі. Там дзве мэты: падтрымаць людзей і сабраць сродкі. Калі мне стала складана ў Кіеве, я ўспомніла, чым планавала займацца раней. Зараз у мяне ёсць справы ў Вільні, а потым я збіраюся у Тбілісі.
Мінулым летам я не ведала, як адказаць на пытанне: што такое дом? Таму пачала задаваць гэтае пытанне знаёмым, і шмат у каго гэта было нейкае месца ў Беларусі. Для мяне ж гэта больш філасофская канцэпцыя. Калі б я думала, што мой дом — гэта Кіеў, то я б нікуды і не з’ехала. Але так не працуе: мне трэба было паслухаць паветра без сірэны і проста паглядзець на людзей. Я забылася, што ўвечары можна проста гуляць.
Трэба разумець, што ты хаваеш за словам «дом». Гэта дакладна не месца: гэта пра бяспеку, пра апору і пра магчымасць расці. Таму дом — гэта там, дзе я.
Д. Г., budzma.org