Серыя паштовак «Бабруйскія гісторыі» – гэта супольная праца краязнаўцаў, гісторыкаў, дызайнераў і мастакоў. Іх з’яўленне, падмацаванае цікавымі сюжэтамі і аўтарскімі ілюстрацыямі, стала сапраўдным падарункам для неабыякавых да гісторыі бабруйчан і знаходкай для посткросераў. Мы паразмаўлялі з аўтаркай праекта Алесяй Лацінскай і ілюстратаркай Васілісай Палянінай, каб даведацца, як за некалькі месяцаў стварыць неардынарны сувенірны прадукт.
Сувенір, які па-новаму раскрывае культурны патэнцыял горада
«Малавядомы і міфічны Бабруйск» стаў адным з пераможцаў на «Кірмашы праектаў», што ў пачатку года прайшоў у Бабруйску. Па выніках народнага галасавання ён заняў чацвёртае месца. Пасля чатырох месяцаў працы ў горадзе з’явілася серыя сувенірных паштовак з малавядомымі, але займальнымі сюжэтамі. «Бабруйску прысвечана шмат паштовак, найчасцей – з тыповымі краявідамі і замалёўкамі. Гораду не хапае незвычайнай сувенірнай прадукцыі, якая раскрыла б яго культурны патэнцыял па-новаму, – тлумачыць аўтарка ідэі праекта Алеся Лацінская. – У гісторыі Бабруйска шмат цікавых момантаў, якія варта было б неяк асвятляць».
Збіраць цікавыя і нетрывіяльныя бабруйскія гісторыі Алеся пачала досыць даўно, а са з’яўленнем у горадзе курсаў «Мова нанова» цікавасць да пошуку толькі павялічылася. «Гістарычны матэрыял трэба было адаптаваць да заняткаў, – працягвае Алеся. – Людзі заўжды лепш успрымаюць і запамінаюць нейкія цікавосткі замест сухіх фактаў, кшталту «нарадзіўся-памёр-жыў-пісаў». Мне пашчасціла, што шмат хто з маіх сяброў цікавіцца гісторыяй Бабруйшчыны. Напрыклад, гісторык Алесь Чыгір. Краязнаўца Віталь Федасееў, бадай, больш за астатніх натхніў мяне на праект. Ён ведае багата незвычайных фактаў пра Бабруйск, і падчас нашых вандровак па горадзе заўсёды шмат і цікава апавядае. Таму мне падумалася: чаму б не выкарыстаць гэтыя веды для сувенірнай прадукцыі?».
Фота 1 – Аўтарка праекта «Малавядомы і міфічны Бабруйск» Алеся Лацінская
Фота 2 – Ілюстратарка паштовак «Бабруйскія гісторыі» Васіліса Паляніна
Мінская мастачка выдатна адчула настрой Бабруйска
Мастака, які б увасобіў задуманае, доўга шукаць не давялося. «У мяне ёсць сяброўка – мастачка з Мінска Васіліса Паляніна, – прыгадвае пачатак праекта Алеся. – Я бачыла яе працы ў розных стылях, назірала яе як рэдактарку па малюнках часопіса «Макулатура». На маю думку, Васіліса – адна з самых цікавых маладых беларускіх мастачак. І мне падалося, што ніхто, апроч яе, не ажыццявіць тое, што я хачу. Я звязалася з Васілісай, і яна з радасцю пагадзілася далучыцца. Мне было цікава з ёй супрацоўнічаць. Па-першае, яна не бабруйчанка, але выдатна адчула атмасферу нашага горада. Па-другое, мне імпануе яе падыход да працы».
Мы звязаліся з Васілісай Палянінай, якая праілюстравала бабруйскія гісторыі, каб даведацца, чым яе зацікавіў праект.
«Я вельмі люблю Алесю, натхняюся яе імпэтам і ўнутранай энергіяй, – распавяла budzma.by Васіліса. – Калі яна прапанавала мне быць ілюстратаркай праекта, я пагадзілася адразу, бо ведала, што праца з ёй – гэта досыць свабодныя межы думак на пару з выкананнем».
Сваё адчуванне Бабруйска мастачка тлумачыць проста: «Сучасны горад – гэта як яго карэнная гісторыя, так і людзі «тут і цяпер». Думаю, я трапіла ў настрой Бабруйска, таму што ў нас з Алесяй падобны погляд на культуру сучаснага жыцця, што дапамагае шматслойна і пад рознымі вугламі разглядаць культуру мінулага. То бок хутчэй я адчула не Бабруйск, а аднаго чалавека, які з’яўляецца адметнай яго часткай».
Бабруйскія гісторыі ў 12 паштоўках
«Бабруйскія гісторыі» – гэта серыя з 12 паштовак з маляванымі сюжэтамі-цікавосткамі, якія рэдка змяшчаюць у падручніках па гісторыі ці афіцыйных даведніках.
«Умоўна мы падзялілі паштоўкі на тры катэгорыі, – тлумачыць задуму Алеся. – Гэта людзі/выбітныя бабруйчане, вядомыя месцы/архітэктура, а таксама легенды і міфы – выдуманыя гісторыі, у якіх згадваўся Бабруйск. Напрыклад, у адной з серый «Стар Трэку» прыёмныя бацькі афіцэра Зорнага флоту Ворфа транспартуюцца з Зямной станцыі «Бабруйск». Сярод выбітных бабруйчан мы вылучылі Цодзіка Славіна, які стварыў бабруйскі краязнаўчы музей, абараняў архітэктурную спадчыну і рэпрэсаваных інтэлігентаў. Пра яго мала хто ведае, таму што ён сам быў рэпрэсаваны, і пра яго доўгі час нічога не казалі. Мала хто ведае, што ў Бабруйску жыў Андрэй Баболя – каталіцкі святы, які займаўся ў горадзе асветніцкай дзейнасцю. Трэба было прысвяціць паштоўку лекару Уладзіміру Марзону, якога называюць бабруйскім «бацькам хірургічнай службы». Да таго як лякарня, дзе працаваў знакаміты лекар, афіцыйна пачала насіць яго імя, установу называлі «марзонаўкай». Адна з маіх любімых паштовак прысвечаная Рахель Шазар-Кацнельсон. У будучыні першая лэдзі Ізраіля нарадзілася ў Бабруйску. Яна адстойвала правы жанчыны, заклікала раскрываць свой патэнцыял шырэй, чым гэтага патрабуе грамадства».
Больш актыўна, чым на іншых, частку свайго ўнутранага дэкору прымярала на Рахель і Васіліса Паляніна, увасобіўшы яе ў вобразе ружы з шыпамі. «Я люблю працаваць з антропаморфнымі вобразамі. Назіраць, як людзі мяняюцца ў залежнасці ад вагі свайго жыцця, перажытага вопыту. Люблю даследаваць псіхалогію чалавечых партрэтаў, назіраць іх знутры. Таму крыху цікавей было працаваць з часткамі «Людзі» і «Міфы і легенды», – тлумачыць Васіліса.
Сярод цікавых месцаў на паштоўках з’явіўся стары будынак на Пажарным завулку, дзе ў пачатку ХХ стагоддзя адначасова з пажарным дэпо месціўся тэатр, на сцэне якога адбываліся цікавыя пастаноўкі. Адзін з сюжэтаў прысвечаны будынку закінутага Бабруйскага вінзавода, што вырабляў віно і каньяк на грузінскай сыравіне, а таксама вуліцы Сацыялістычнай, ці «Сацыялцы», якая была ў Бабруйску цэнтрам важных падзей і нярэдка выконвала ролю моднага подыума.
98% супадзенняў
Пажаданні аўтара праекта і мастачкі амаль цалкам супадалі, таму супрацу абодва бакі называюць не інакш як прыемным досведам.
«Я папрасіла Васілісу перарабіць адну паштоўку, а дакладней апрануць пэўнага персанажа, – прызнаецца Алеся. – Усе астатнія прапановы траплялі ў кропку, цалкам супадалі з маімі вобразамі і ўяўленнямі. Часам Васіліса прыдумвала нават нешта больш цікавае». Гаворка ідзе пра паштоўку з выявай бабруйскага Порт-Артура – дома-«калодзежа», пабудаванага ў пачатку ХХ стагоддзя, падчас руска-японскай вайны. Унутраным дворыкам дом нагадвае крэпасць. Іншая гісторыя распавядае пра месціча Артура, які ўтрымліваў у будынку заезны двор. Гатэльчык меў бандыцкую рэпутацыю.
«Першая мая ілюстрацыя была досыць неадназначная і выклікала дастаткова спрэчныя асацыяцыі з савецкай і постсавецкай лабавой агрэсіяй «махровых зэкаў», – тлумачыць Васіліса. – Было праілюстраванае татуяванае зверху да нізу цела. Уладальнікі такіх целаў сустракаюцца і ў сённяшняй рэчаіснасці, пакідаюць пасля сябе неадназначныя ўражанні і адчуванне псіхалагічнай і фізічнай турботы. Я вельмі люблю «маргінальную культуру» за яе адкрытасць і шчырасць. Але яна дзікая, звярыная і зусім не рамантычная. Як мінімум трэба мець дастатковую смеласць і не мець побач малога дзіцёнка, каб, спаткаўшыся з такімі людзьмі, адчуваць спакой. У астатнім нашыя ўяўленні супадалі на 98%».
Бабруйскія гісторыі на дзвюх мовах
Амаль на кожнай паштоўцы малюнак суправаджаецца надпісам. З адваротнага боку змешчаны дадатковы тэкст – з апісаннем сюжэта па-беларуску і па-ангельску. «Вельмі часта ў мяне бяруць паштоўкі і кажуць, што Рахель, напрыклад, «паляціць» у Ізраіль, – кажа Алеся. – Прадугледзеўшы такую сітуацыю, мы вырашылі, што пераклад на агульнавядомую замежную мову будзе дарэчы. Вельмі часта нашыя паштоўкі падарожнічаюць па іншых краінах у складзе груп і дэлегацый і расказваюць, што ў Бабруйску такая цікавая гісторыя».
Тэкст для паштовак складала Алеся Лацінская, шліфавала і акідвала свежым вокам – Вольга Рудая. Пераклад на ангельскую мову адбыўся дзякуючы Марыі Падаляк.
6 тысяч паштовак, кожнай – па 500
Прэзентацыя паштовак «Бабруйскія гісторыі» прайшла летам на пляцоўцы тайм-клуба «1387». Паштоўкі надрукаваныя агульным накладам 6 тысяч асобнікаў. Кожная паштоўка атрымала 500 экзэмпляраў, таму распаўсюджваецца калекцыя паштучна. Выключэннем робяцца асобныя выпадкі, адным з якіх стала вечарына-прэзентацыя, калі госці атрымалі па цэлым камплекце. «Пасля прэзентацыі я старалася браць удзел у розных мерапрыемствах кшталту гарадскіх паб-квізаў і вулічных канцэртаў, дзе ў якасці прызоў і падарункаў выдавалі паштоўкі, – працягвае Алеся. – Мы стараліся знаходзіць цікавыя падзеі і таксама прысутнічаць на іх. А ўвогуле адбылося неверагоднае. Калі мясцовыя СМІ напісалі пра нашыя паштоўкі, да мяне праз сацсеткі пачалі звяртацца людзі і прасілі сустрэцца, каб атрымаць асобнік. Так разышлося багата паштовак».
Працяг і шчасце для посткросераў
Праца паспяхова скончаная, паштоўкі надрукаваныя і распаўсюджваюцца, аднак аўтары не губляюць надзеі, што ў свой час у праекта з’явіцца бізнес-працяг. Нават у час панавання высокіх тэхналогій паштоўкі маюць поспех і шанец на будучыню.
«Паштоўка – відавочна зручны фармат для сціплага і хуткага ўспрымання інфармацыі, для падаруначнага дадатку, для маркіравання месца, якое хочацца памятаць, – упэўненая Васіліса. – Візуальна блізкая і эстэтычная паштоўка, да ўсяго іншага, з’яўляецца патэнцыяльнай дэкарацыяй для свайго любімага гнязда ці па-за ім».
Для папулярызацыі культурнай і гістарычнай спадчыны горада паштоўка – таксама зручны варыянт. «У ёй можна расказаць цікавы факт з гісторыі горада і пры гэтым не «грузіць» сучаснага чалавека, які пастаянна спяшаецца, аб’ёмнай інфармацыяй, – дадае Алеся. – Многія жыхары Бабруйска, асабліва моладзь, думаюць, што жывуць у сумным, пазбаўленым цікавай гісторыі горадзе, і таму паштоўкі даюць магчымасць максімальна хутка пераканаць іх у адваротным. Паштоўку можна пакінуць у музеі ці кавярні, і нехта зацікаўлены возьме яе сабе ці перадарыць. Паштоўкі займаюць мала месца, імі зручна дзяліцца, прэзентаваць як сувенір ці дасылаць поштай, тым больш што цяпер шмат хто займаецца посткросінгам».
Дарэчы, паводле дадзеных на афіцыйнай старонцы сусветнага руху абмену паштоўкамі postcrossing.com, Беларусь займае сёмае месца ў свеце паводле колькасці адасланых паштовак і 8-е – паводле колькасці посткросераў.
Яна Шыдлоўская
Фота паштовак – Алеся Лацінская