14 мая ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбыўся канцэрт Андрэя Мельнікава ў СШ г.Васілевічы. Прадстаўнікі грамадскай кампаніі ўжо наведвалі гэтую школу два гады таму – тады тут выступаў пісьменнік Васіль Якавенка. Як і тады сустрэча прайшла ў цёплай, амаль нефармальнай атмасферы. Хітом сустрэчы стаў новы (як высветлілася) для вучняў аднайменны анімацыйны фільм кампаніі. Тая моладзь, якая потым, пад час канцэрта барда ўдзельнічала ў конкурсах, у абсалютнай большасці абірала ў якасці прыза менавіта дыск з мультом.
Было тлумна, але плён атрымаўся. Характэрна, што некалькі дзесяткаў вучняў і пасля канцэрту засталіся ў залі. У выніку конкурсы Андрэя Мельнікава працягнуліся па часе амаль да самага ад’езду апошняга на Гомель, а па прасторы – амаль да чыгуначнай плятформы станцыі Васілевічы.