Сучасны вобраз турыстычнай Беларусі даволі расплывісты для замежных наведнікаў. Што яны ведаюць пра нас? Што мы можам прапанаваць замежным гасцям, акрамя санаторыяў і казіно? Як дзяржаве і прыватнаму бізнэсу размеркаваць ролі ў развіцці турыстычнай галіны? На што рабіць стаўку ў прыцягненні замежных турыстаў у Беларусь: сэкс-турызм, ігральны бізнэс, а можа, усё ж помнікі архітэктуры? Якія моманты арганізацыі падарожжаў важныя беларусу і прыезджаму турысту? Пра гэта гутарым з падарожнікам і стваральнікам сайта «Глобус Беларусі» Андрэем Дыбоўскім. Чарговае інтэрв’ю праекта «Культура паляпшае жыццё!»
— Здзейсніўшы каля 350 паездак па Беларусі, наведаўшы 38 краін, я з упэўненасцю магу сказаць, што наша краіна — не самая развітая ў плане выгодаў для вандроўцы. Большасць тых, хто вандруе (ды і самі беларусы), хоча камфорту, а наша турыстычная галіна не можа яго прапанаваць. Вазьміце для параўнання самае банальнае — грамадскія прыбіральні: іх наяўнасць і даступнасць у гарадах, іх чысціня на трасе. Толькі мяжу Беларусь—Польшча перасякаеш — воляй-няволяй заўважаеш, што прыбіральні ўжо адрозніваюцца, і гэта параўнанне не на карысць беларускіх. Я аб’ездзіў нямала краін і зрабіў для сябе высновы адносна таго, што мусіць уяўляць сабой развітая турыстычная інфраструктура. Дарогі, харчаванне, лёгкадаступная інфармацыя пра краіну (у выглядзе інтэрнэт-рэсурсаў або турыстычных брашур) — гэта тыя крытэры, якія ператвараюць падарожжа ў прыемныя ўспаміны. І тое, чаго так не хапае турыстам у Беларусі.
— Некаторым зручна параўноўваць нашу турыстычную галіну з расійскай. Маўляў, гэтае параўнанне дазваляе нам выглядаць у лепшым святле…
— На фоне Расіі наша турыстычная галіна сапраўды выглядае прыстойна, асабліва дарогі, прыдарожны сэрвіс, даішнікі, дарэчы, нашмат адэкватнейшыя, і мясцовыя жыхары ў нас на радзіме больш прыемныя ў зносінах. Мне вельмі падабаюцца беларусы ў глыбінцы: у асноўным гэта добрыя, спагадныя людзі. І чым далей едзеш на захад нашай краіны, тым больш культурныя і сардэчныя людзі сустракаюцца. У іх не вельмі багата ведаў пра гісторыю і культуру свайго краю, але часам трапляюцца энтузіясты, якія гатовыя гадзінамі расказваць пра роднае мястэчка.
Наогул, я сябе адношу да той катэгорыі турыстаў, якія не выстаўляюць вялікіх патрабаванняў да камфорту. Таму мяне ўсё задавальняе. Для мяне важнейшая дарога, атмасфера падарожжа, адчуванні, а якая там будзе інфраструктура мне ўсё роўна. Наведваючы розныя гістарычныя месцы ў Беларусі, я бачу больш падставаў для гонару, чым дрэнных момантаў. Нядаўна мне давялося пабываць у той частцы Грузіі, у якой звычайна не бываюць турысты. Там прыкладна той жа ўзровень развіцця турызму, як і ў нас. І гэтую «разынку» краіны я ўспрымаў як экзотыку.
— Давайце паглядзім на нашу «разынку»: якія плюсы і мінусы мы ўбачым? Я так разумею, што вы як не надта патрабавальны падарожнік знаходзіце нашу турыстычную галіну здавальняючай. Але ці дастаткова гэтага для замежнага вандроўцы?
— Так, для непатрабавальных турыстаў тут нядрэнныя ўмовы. Нашы дарогі зробленыя на добрым узроўні і нават у глыбінцы шмат дзе асфальтаваныя. Прыдарожны сэрвіс. У апошнія гады, калі бізнэс пры дарогах атрымаў некаторыя льготы (дапамога ў паскораным афармленні дакументаў ва ўпраўленні гандлю, напрыклад), знайсці ежу паблізу асноўных беларускіх трас стала значна прасцей. Таму што яшчэ гадоў 7 таму прыдарожныя кавярні былі рэдкімі выключэннямі. Але трэба сказаць, што нашаму прыдарожнаму сэрвісу ўсё яшчэ вельмі далёка да еўрапейскага ўзроўню. Не апошняе месца ў стварэнні зручнага падарожжа займае турыстычная інфарматыўнасць: знакі-паказальнікі, брашуры, інфармацыйныя шапікі. Паказальнікі на асноўныя славутасці Беларусі ў апошнія гады пачалі з’яўляцца на трасах. Што тычыцца дарожных знакаў і арыентавання ў асаблівасцях нашага дарожнага руху, то тут, як на мяне, у нас усё на вельмі годным узроўні.
— Гэта значыць, па сутнасці ўсё гатова да прыёму замежнага турыста? Выйшаў чалавек у аэрапорце або на вакзале — і што далей? Ці зарыентуецца ён, з чаго пачаць сваё падарожжа?
— Не. Я б усё ж раіў свой маршрут па Беларусі планаваць загадзя: дамаўляцца аб магчымых спосабах перамяшчэння, браніраваць месцы для начлегу, таму што калі чалавек проста выйдзе на вакзале, я баюся, яму будзе складана зарыентавацца на месцы. Але я ўпэўнены, што калі чалавек адважыўся ехаць у Беларусь, нягледзячы на тое, што гавораць пра нашу краіну ў свеце, ён, у прынцыпе, ужо гатовы да любых складанасцяў. Спалохаць яго дарагой візай або чаргой на ўезд у краіну не атрымаецца.
— Давайце паспрабуем разабраць падрабязна, чаму я магу смела выйсці ў аэрапорце Барселоны і не знікну, а ў Мінск прылятаць самастойна вы б не параілі? Чаму еўрапейскія краіны такія паспяховыя і простыя ў турыстычным аспекце?
— Думаю, рэч у тым, што ў Еўропе турыстычная інфраструктура ў асноўным сканцэнтраваная ў руках прыватнікаў. У большасці заходнееўрапейскіх гарадкоў на любой запраўцы ёсць паўнавартасная крама, фастфуд або сталоўка кшталту «Лідо», дзе падаюць гарачую, смачную і адносна недарагую ежу. Часта пры запраўках ёсць магчымасць прыняць душ і зарадзіць тэлефон, або, у выпадку моцнай стомленасці, спыніцца ў невялікім гатэльчыку — усё, што трэба для базавага камфорту, можна атрымаць за разумныя грошы і на высокім узроўні. У нас такія «астраўкі цывілізацыі» сустракаюцца ў выглядзе рэдкіх выключэнняў.
— Мабыць, вы маеце рацыю: беларуская гасцініца ў маім уяўленні — гэта шматпавярховы гмах пад кіраўніцтвам дзяржавы.
— Я думаю, трэба даць прыватнаму бізнэсу больш свабоды. Сама дзяржава не ў стане вырашыць кучу дробных (у дзяржаўных маштабах) праблем, якія ва ўсім цывілізаваным свеце вырашае прыватны бізнэс: недарагія маленькія гасцініцы, прыдарожны сэрвіс, хатняя кухня, інфармацыйнае турыстычнае суправаджэнне, пытанні трансферу. Вялізныя гасцініцы, пабудаваныя дзяржавай на ільготных умовах да чэмпіянату свету, з неадэкватнымі цэнамі на пражыванне, не змогуць прыцягнуць сюды турыстаў, як ні круці.
— А як бы маглі дапамагчы прадпрымальнікі ў папулярызацыі Беларусі для падарожнікаў?
— Паглядзіце, якімі тэмпамі ідзе працэс развіцця турызму ў Заходняй Украіне: там практычна на кожным перакрыжаванні ёсць некалькі кавярняў, дзе вельмі нядорага і смачна кормяць, гаспадары самі гатуюць. Пастаянна сустракаюцца нейкія дробныя, хутчэй за ўсё прыватныя гатэльчыкі і матэльчыкі. Дзяржава ў прынцыпе ўжо не стане клапаціцца пра такія дробязі, як будаўніцтва маленькай гасцініцы на 8 нумароў. Малы бізнэс аказвае таксама інфармацыйную падтрымку турыстам: ствараюцца сайты, прысвечаныя гарадам, месцам, гістарычным маршрутам. Бо ў наш час любыя звесткі пра краіну чэрпаюцца ў першую чаргу з інтэрнэту. Я гэты прыклад прывёў да таго, што калі б мы даверылі прыватнаму бізнэсу кіраўніцтва прыёмам гасцей, іх размяшчэннем і інфармацыйнай падтрымкай, то колькасць турыстаў, якія наведваюць Беларусь, павялічылася б у некалькі разоў.
Уявіце нашага замежнага госця на беларускім вакзале ці ў аэрапорце, якога тут жа падбіраюць гаспадары гасцініцы, дзе ён будзе жыць, уручаюць яму карты з пазначанымі на іх месцамі для харчавання, цікавымі месцамі і гістарычнымі помнікамі. Натуральна, цікавасць да нашай краіны ўзрасла б шматкроць, калі б любы турыст быў больш упэўнены ў лёсе свайго падарожжа і ў адэкватнасці цэнаў. Ды і прымаючы бок быў бы зацікаўлены ў сваім развіцці, калі б бачыў магчымасць добрага заробку.
— Вы думаеце, што знайшлося б шмат ахвочых зарабляць такім чынам?
— Шмат ахвочых нам і не трэба. Глядзіце, як пачалі развівацца аграсядзібы (традыцыйныя сельскія дамы, якія выкарыстоўваюцца як месца адпачынку і начлегу для турыстаў). Яшчэ гадоў 10-15 таму пра іх ніхто наогул не чуў, а апошнія гадоў 5 яны растуць як грыбы пасля дажджу. Як толькі з’явіўся попыт — працэс пайшоў.
Вернемся да развіцця турызму на дзяржаўным узроўні. Пару гадоў таму ў Беларусі быў Год турызму, але ніякіх адчувальных змен ён не прынёс. Сяк-так адрэстаўравалі Мір і Нясвіж, цяпер узяліся за Ружаны і Косава, шмат аб’ектаў аднаўляецца ў Брэсцкай вобласці. Вялікія аб’екты, якія прыватны бізнэс не пацягне, у прынцыпе, робяцца дзяржавай. Так што ў пытанні развіцця турыстычнай галіны я выступаю за разумнае размеркаванне зон адказнасці паміж дзяржавай і прыватнымі прадпрымальнікамі. Хай кожны робіць тое, што яму пад сілу.
— Ці ёсць у вас асцярогі наконт архітэктурных помнікаў, аддадзеных на рэстаўрацыю ў дзяржаўныя або прыватныя рукі?
— Так, ёсць. У Нясвіжскім палацы падчас рэстаўрацыі разабралі трохпавярховы левы флігель, а на яго месцы проста пабудавалі новы. Тлумачыцца гэта пытаннямі фінансавання: даводзіцца эканоміць на ўсім, пачынаючы ад будаўнічых матэрыялаў і заканчваючы паслугамі замежных прафесійных рэстаўратараў. Усё павінна быць зроблена ў Беларусі і беларускімі спецыялістамі. Мне здаецца, гэта праблема нашага «квітнеючага сацыялізму»: у Беларусі, на маю думку, яшчэ ёсць людзі, здольныя займацца аднаўленнем гістарычных помнікаў: і работнікі, і навуковыя кіраўнікі. Але звычайна бывае як: дзяржава прызначае навуковага кіраўніка, і тут жа пачынаюцца інтрыгі, высвятленне палітычных поглядаў і паднаготнай. У турыстычнай сферы гэта выяўляецца ў выглядзе пастаяннай аглядкі наверх, «каб чаго не выйшла», на ўзроўні чынавенства. А на ўзроўні прадпрымальнікаў заўсёды застаецца асцярога, што рана ці позна бізнэс забярэ дзяржава.
— На што б вы зрабілі стаўку ў прыцягненні замежных турыстаў у Беларусь?
— Ужо дакладна не на помнікі архітэктуры, таму што іх колькасць і каштоўнасць несувымерныя з помнікамі еўрапейскіх краін (Польшчы, Германіі, Францыі, Італіі). Так склалася гістарычна. І ў першую чаргу гэта звязана з разбуральнымі войнамі. Еўрапейская культура, пачынаючы дзесьці ад Эльбы на ўсход, ідзе па сыходнай: Германія — Заходняя Польшча — Усходняя Польшча — Заходняя Беларусь — Усходняя Беларусь — Заходняя Расія. Яшчэ адна прычына такога адрознення ў тым, што калі нашы продкі, вобразна кажучы, яшчэ бегалі за мамантамі, на тэрыторыі сучаснай Італіі ўжо існаваў Старажытны Рым. 2000 гадоў таму тут, у нас, наогул не было ніякай цывілізацыі. Мы рэальна спазняемся на 200-300 гадоў. Два-тры замкі, наш галоўны мінскі праспект і некалькі мемарыялаў — гэта тыя помнікі, на якія робіць стаўку дзяржава, але ці змогуць яны зацікавіць турыста так, як старадаўнія еўрапейскія пабудовы, — пытанне.
— Калі не на помнікі архітэктуры, то на што нам рабіць стаўку? Нас лічаць Мекай сэкс-турызму і ігральнага бізнэсу, можа быць, гэта наш козыр?
— Нічога не магу сказаць пра згаданыя вамі сферы: я не ў тэме, напэўна. Я б стараўся задаволіць інтарэсы розных катэгорый людзей, таму задзейнічаў б як мага больш тэм: па-першае, раскрыў бы «яўрэйскую тэму» (вельмі шмат габрэяў тут жыло і памерла ў Другую сусветную вайну), па-другое, можна было б паказаць Беларусь як запаведнік сацыялізму. Таксама ў цікавую экскурсію магла б ператварыцца гісторыя Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай як самай вялікай дзяржавы Еўропы 500 гадоў таму.
А яшчэ Беларусь — радзіма або месца працы многіх знакамітых людзей. Гісторыі пра жыццё ў Мінску Лі Харві Освальда (меркаванага забойцы Джона Кенэдзі), пра беларускае паходжанне прэзідэнта Ізраіля Сямёна Перскіх (Шымона Перэса), Хаіма Вейцмана (першага прэзідэнта Ізраіля) або галівудскай акторкі Скарлет Ёхансан маглі б стаць эпізодамі займальнай праграмы для турыстаў.
— Але на дадзены момант турыстычная сфера афіцыйна прадстаўленая толькі актыўным адпачынкам і санаторным лячэннем…
— Так, я чуў, што месцы ў санаторыях з цяжкасцю можна знайсці. І для мяне гэта дзіўна, таму што за тыя ж грошы можна адпачыць са значна большым размахам (і ў плане гасцініц, і ў плане экскурсій) у Польшчы ці Украіне. Там усё абыходзіцца танней.
— Якія яшчэ (акрамя санаторнікаў) катэгорыі турыстаў прыязджаюць на адпачынак у Беларусь?
— Гэта альбо тыя, што шукаюць прыгод, альбо групы з Расіі, якія сюды прывозяць турагенцтвы. Што да арганізаваных груп з Еўропы, то я пра гэта ніколі не чуў. На самай справе мы ўсё ж яшчэ Еўропа, і пры ўсіх адмоўных момантах тут можна цікава правесці адпачынак.
— Замежных турыстаў прынята вазіць у Мір-Нясвіж-Дудуткі. Чым бы вы пахваліліся перад сваімі замежнымі сябрамі, што б паказалі ім?
— Раней мяне ўражвалі «romantic ruins», якія стаяць разбуранымі 100 або 200 гадоў: Косаўскі палац, Ружанскі палац, але цяпер іх ужо рэстаўруюць. Я б паказаў замежным гасцям Белавежскую пушчу, дзікую, па якой свабодна перасоўваюцца зубры. Добра паглядзець на нашае Палессе з вышыні птушынага палёту: як выгінаецца Прыпяць, якія балоты і рачулка яе атачаюць. Выдатна, але не кожны турыст зможа сабе гэта дазволіць з матэрыяльных прычынаў.
— У нашай гутарцы ў мяне ўвогуле склалася ўражанне, што Беларусь — не для масавага турыста.
— Зыходзячы з таго, што ў нашай краіне ёсць сёння, Беларусь для абраных, захопленых і не распешчаных выгодамі падарожнікаў. А масаваму турысту важныя камфорт і ўтульнасць гасцініц, нармальная ежа ў кавярні (дэмакратычныя цэны, што немалаважна), інфарматыўнасць і магчымасць размаўляць хаця б на англійскай, калі не на роднай мове прыезджых.
Гісторыка-архітэктурная частка таксама займае не ўсіх. Тое, што Кейстута задушылі ў Крэўскім замку, цікава толькі людзям, якія захапляюцца гісторыяй, большасць жа жыва рэагуе толькі на казкі пра зданяў, залатых апосталаў і міфічныя падземныя хады на некалькі дзясяткаў кіламетраў.
— З чаго тады нам пачаць прыцягваць турыстаў?
— Я нядаўна даведаўся, што ў Бабруйску, габрэйскім горадзе, дзе захавалася шмат сінагог, паставілі бабра і прапануюць людзям такую праграму: выбягае цётка Цыля, частуе гарачымі піражкамі, далей выходзіць нібыта Шура Балаганаў — вось такія пастаноўкі прыцягваюць народ. Такога можна прыдумаць колькі заўгодна.
Я адназначны праціўнік падтрымання традыцый Савецкага Саюза і настальгіі па ім, але для заходняга турыста Савецкі Саюз — гэта нейкі запаведнік, дзе ён ніколі не быў. Па вялікім рахунку, «савок» застаўся толькі ў нас у галовах, і каб яго адчуць, мала пакатацца тыдзень па помніках. Так, я не лічу ганебным прыцягваць замежных турыстаў з дапамогай такіх пастановак з піражкамі ў Бабруйск і пачастункам самагонкай — у Дудуткі. У любым горадзе можна прыдумаць шмат цікавага і зрабіць з гэтага шоу. Было б жаданне. А інакш сядзець нам ля сцен адрэстаўраванага Нясвіжскага замка ў ганарлівай беларускай адзіноце.
Ганна Трубачова, Таццяна Смаленская
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)