Пасля гарачага абмеркавання сімвала горада бабруйчане перайшлі ад словаў да справаў. 26 студзеня ў тайм-клубе“13:87” мясцовыя жыхары прадставілі 11 ідэй у межах конкурсу “Бабруйск – культурная сталіца 2017”.
Гэта не першая спроба кампаніі “Будзьма беларусамі!” запрасіць як мага больш актыўных і неабыякавых прапанаваць праект для культурнай прасторы горада з нагоды прысваення статусу “Культурная сталіца Беларусі”. Па колькасці прынятых прац Бабруйск саступіў толькі Магілёву: у 2013 годзе гараджане прыдумалі ажно 15 ідэй. У 2014 годзе ў Гродне ў Кірмашы ўдзельнічала 9 праектаў, а на наступны год у Брэсце – усяго 5.
Кірмаш праектаў у Бабруйску быў арганізаваны у партнёрстве з Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання SYMPA. Наступны этап – абвяшчэнне пераможцаў. Каб дапамагчы зрабіць выбар журы, кожны ахвотны можа паўдзельнічаць у галасаванцы на нашым сайце да 6 лютага.
Абмеркаванне ідэй у Бабруйску адбывалася вельмі эмацыйна. Прэзентацыя праектаў вынесла на паверхню цэлы шэраг прабелаў у культурным жыцці горада і агаліла найбольш канфліктныя моманты паміж ключавымі гульцамі.
“Привѣтъ изъ Бобруйска»
Першы прэзентаваны праект – серыя паштовак “Адкрый горад!” ад мастака-педагога Людмілы Кіслёнак.
“Самыя цікавыя паштоўкі пра Бабруйск – дарэвалюцыйныя”, – тлумачыць актуальнасць сваёй ідэі Людміла і дадае, што сёння ў крамах амаль немагчыма знайсці арыгінальныя выявы горада.
Канцэпцыя немудрагелістая: мясцовыя жыхары наведваюць майстар-класы, малююць адметныя мясціны, якія трапляюць на паштоўкі, блакноты, закладкі.
– Як вы будзеце выбіраць малюнкі? – пытаецца эксперт Кірмашу праектаў, каардынатар “Social Weekend” Валерыя Ваўкагонава.
– Можна сабраць спецыялістаў архітэктурнай графікі, – з залы хутчэй за аўтарку ідэі рэагуе архітэктар Зміцер Мурашка.
Дынаміка калектыўнага абмеркавання зададзеная! Далей градус дыскусіі толькі падвышаецца.
Другі запрошаны госць, кандыдат гістарычных навук, калісьці дэпутат Магілёўскага гарадскога савета Аляксандр Агееў, зазначыў, што ў Магілёве таксама быў такі праект у рамках Кірмашу ідэй. Ён быў разлічаны на дзяцей з мастацкіх школ, а працы адбірала экспертнае журы.
Недахоп разнастайнай і якаснай сувенірнай прадукцыі відавочны. У той жа вечар стваральніца курсаў “Мова Нанова” ў Бабруйску Алеся Лацінская прадставіла яшчэ адзін праект на гэтую тэму. “Малавядомы і міфічны Бабруйск”: горад не толькі ў фармаце “бабры” і “крэпасць”, але і выбітныя жыхары, месцы і легенды. Ці шмат бабруйчан і турыстаў ведаюць, што прыёмныя бацькі афіцэра зорнага флоту Ворфа, паводле сюжэту фільма “Зорныя войны”, жывуць на зямной станцыі “Бабруйск”? Гэты факт варты сваёй паштоўкі, лічыць Алеся.
“Калі будзеце рэалізоўваць гэты праект, у вас ёсць яшчэ два валанцёры”, – падымае руку лідар габрэйскай супольнасці Бабруйска Алег Красны.
У зале апладысменты. Гучыць меркаванне, што праект мае шанцы атрымаць камерцыйны працяг.
“…атрымаць жыццё пасля “Будзьмы”, – жартуючы, падхоплівае Аляксандр Агееў.
І яшчэ адна папяровая ідэя – кніга нарысаў пра выдатных бабруйчан “Варта гонару!” Аўтар Віталь Мурашкевіч – бібліятэкар. Падчас працы ён сабраў біяграфіі 150 персаналій. Цяпер мужчына шукае цэлы штат тых, хто дапаможа рэалізаваць ідэю: рэдактар, кансультант, вярстальнік, дызайнер, маркетолаг. Эксперты рэагуюць крытычна і раяць падумаць над спецыяльным сайтам-даведнікам.
“Варушыся па-беларуску!”: забавы ў горадзе
Не адзінымі кнігамі напаўняецца жыццё культурнага бабруйчаніна. Два праекты ставілі за мэту разнастаіць актыўны адпачынак гараджан.
Зміцер Мурашка і Юлія Літвінава прадставілі праект “Вечарынка: народныя танцы ў Бабруйску”. Сямейная пара ўжо некалькі гадоў арганізуе скокі ў парках у цёплы час і ў клубе“13:87”, калі на двары халодна. Сёння ў іх таварыстве каля 18 чалавек, якія нават вывучылі лявоніху з вёскі Ласі Бабруйскага раёна. Зміцер і Юлія шукаюць рэсурсы, каб да іх прыходзіла яшчэ больш людзей, інструменты гралі гучней, а спіс зіфіксаваных танцаў з ваколіцаў папаўняўся.
У канцы выступу Зміцер запрасіў на чарговую танцавальную вечарынку. Цікава, што на нядаўнім Кірмашы праектаў у Маладзечне быў такі самы праект ад тамтэйшай этнаграфічнай суполкі.
Дзяніс Носаў чатыры гады ладзіць папулярныя барныя віктарыны. Такія гульні ў розных гарадах вядомыя пад рознымі назвамі: “Мазгабойня”, “Пабквіз”, “Крокаквіз”. Цяпер бабруйчанін прыдумаў зрабіць тое самае, толькі пад адкрытым небам у фармаце пікніка ды з размахам.
Публіка абмяркоўвала гэты праект даволі доўга. Раілі ў якасці пляцоўкі прастору каля крэпасці, паркоўкі каля гіпермаркетаў. Каб не давялося выдаткоўваць сродкі на друк, рэгіянальная каардынатарка кампаніі “Будзьма беларусамі!” Марыя Шарый прапанавала знайсці партнёра сярод мясцовых фірмаў. Каб мець грошы на ўзнагароджванні памочнікаў арганізатара, Дзянісу гавораць падумаць пра аплату за ўдзел у гульні.
Candy bar для дзяцей у патрэбе
З 11 праектаў як мінімум два пакліканыя ахапіць тых, хто часта з аб’ектыўных прычын застаецца па-за вірам падзей гарадской афішы.
Тэатральная арт-лабараторыя “Люстэрка” ад лідаркі клуба “Міласэрнасць і здароўе” Таццяны Пукала. Паводле яе, у горадзе яшчэ ні разу ніхто не выкарыстоўваў метад дакументальнага тэатра. Аўтарка задумала стварыць серыю спектакляў, сцэнар якіх грунтуецца на рэальных гісторыях жыхароў горада.
“Пры ўсім багацці спадчыны Фларыяна Чарнышэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Яўхіма Кіпеля, якія з Бабруйшчыны, у мясцовым тэатры няма спектакляў на беларускай мове. Ці збіраецеся вы закрануць мясцовую культуру?” – злабадзённа пытаецца ўдзельнік Кірмашу праектаў Зміцер Мурашка.
Задума прадугледжвае два тэматычныя блокі: станоўчы вобраз людзей з інваліднасцю ды гісторыя Бабруйска.
У мэтах дабрачыннага праекта “Галубка” Вольгі Сілівончык і Ганны Федарэвіч фармулёўка “зрабіць наш свет дабрэйшым” выклікала ў прысутных ўсмешку. Дзяўчаты хочуць правесці два мерапрыемствы на карысць хворых дзяцей.
Хоць мэтавая аўдыторыя для экспертаў стала зразумелай не адразу. Хоспіс? Дзіцячы дом? Сям’я?
“А ім патрэбны такі праект? Можа, яны хочуць нечага іншага?” – пытаецца Валерыя Ваўкагонава.
Аўтаркі патлумачылі, што дабрачынныя канцэрт, кірмаш, спектакль ды candy bar – для ўсіх ахвочых, а сабраныя там сродкі будуць перададзеныя тым, хто ў патрэбе.
“А што такое candy bar?..” – пачуўся голас з залы.
“Салодкі стол па-старому!” – адказалі з іншага кута.
Турыстам і беларусам. “Каб памяталі”
Андрэй Архіпенка расказаў пра ідэю помніка Алесю Адамовічу ў г.п. Глуша Бабруйскага раёна. 3 верасня гэтага года вядомы пісьменнік і крытык адзначыў бы 90-годдзе. На сённяшні дзень у аўтара ідэі ёсць імпэт і… нічога з рэсурсаў.
Падчас абмеркавання праекта раскрылася сапраўдная інтрыга. Аказалася, што эксперт Аляксандр Агееў мае непасрэднае дачыненне да стварэння музея на малой радзіме Алеся Адамовіча.
“Праект нерэалістычны, тым не менш вы малайчына. Вы знайшлі хаўрусніка ў маёй асобе, – прызнаўся эксперт. – Я ўваходжу ў грамадскі савет, які правёў круглы стол і сабраў 12 000 рублёў на праектна-каштарысную дакументацыю для будучага музея Адамовіча. Прычым каля 5000$ пералічыла Святлана Алексіевіч. Бабруйскі раён пакуль што нават не хоча прысвоіць імя Адамовіча бібліятэцы. Не кідайце сваю ідэю. Нават калі вы будзеце проста пісаць лісты, гэта будзе дапамога музею”.
Падсумоўваючы дыскусію, рэгіянальная каардынатарка кампаніі “Будзьма беларусамі!” Марыя Шарый раіць мінімізаваць мэты і разбіць іх на менш амбітныя задачы.
“Крыўдна, калі кажуць, што ў Бабруйску няма чаго паглядзець”, – пачынае прэзентацыю Святлана Васіленка.
Яе праект “Вуліцы Бабруйска: мінулае і сучаснае” – мабільны дадатак, створаны з дапамогай тэхналогій дададзенай рэальнасці. У гэты гайд па горадзе мае ўвайсці каля 100 аб’ектаў з апісаннем.
Сапраўдная спрэчка паўстала вакол мовы карты (гэта Беларусь, дзетка…). Аўтарка пакуль што плануе зрабіць дадатак толькі па-руску: большасць карыстаецца ёй, ды і хто будзе ўсе перакладаць?
“Вы зрабіце па-беларуску, і мы вам дапаможам, – стаіць на сваім Зміцер Марашка. – У нас ёсць курсы “Мова нанова”.
Зала яшчэ некаторы час “шуміць”, ці не дадаць ідыш (хай сабе сёння ніхто не размаўляе) ці кітайскую (якой карыстаецца кожны 5-ы жыхар планеты).
“Сёння модна калекцыянаваць не еўрарамонт у кватэры, а краіны і ўражанні, – кажа пра актуальнасць праекта Аляксандр Агееў і тут жа дае: – Я выкладаў на курсах экскурсаводаў. Нават расіяне пытаюцца: чаму ў вас усё па-руску?!”
With love from Babrujsk
Калі б былі рэалізаваныя гэтыя два праекты, яны, без сумневаў, прынеслі шмат плёну не толькі гораду, але і культурнаму жыццю ўсёй краіны. Зрэшты, ідэі ўжо здзяйсняюцца, бо іх аўтары не чакаюць “ветру з мора”, а насуперак усім абставінам ідуць за ўласным сэрцам.
“Гэты будынак – адзін з самых пазнавальных сімвалаў нашага горада. Ён сам як наш горад. Стаіць нягледзячы ні на што. Адны людзі яго будавалі, іншыя разбуралі, а ён стаіць”, – так паэтычна лідар габрэйскай супольнасці Алег Красны расказвае пра руіну сінагогі на вуліцы Чангарскай.
Яе знішчылі не войны і акупацыі, а простыя людзі: расцягнулі на цэглу, расказаў аўтар праекта.
Тут ён задумаў стварыць пляцоўку для гарадскіх святаў, лаўку для рамеснікаў ды экспазіцыю пад адкрытым небам “Нашы землякі”. Прасторай змогуць карыстацца абсалютна ўсе. У аўтара праекта ўжо ёсць дамоўленасці з афіцыйнымі структурамі, спецыялісты, валанцёры і нават партнёры, гатовыя часткова фінансаваць справу.
Алег Красны паказаў дазвол з гарвыканкама на праектаванне і будаўніцтва аб’екта “па вуліцы Чангарскай”. Канкрэтнага адрасу ў дакуменце няма – значыць, фармальна можна пачынаць працы ў любым месцы вуліцы.
“Толькі габрэйская супольнасць магла выбіць такое рашэнне”, – пад смех прысутных жартуе Алег Агееў.
Аўтары ідэі шукаюць урбаністаў, якія дапамогуць дапрацаваць канцэпцыю, і спонсараў.
“Вы можаце разлічваць на дапамогу яшчэ аднаго архітэктара”, – сціпла намякае на сябе Зміцер Мурашка.
“Культурны Бабруйск 3.0” гаспадыні тайм-клуба “13:87” Наталлі Халанскай і маркетолага Алены Рудзінай цяжка назваць праектам у традыцыйным сэнсе. Наталля прэзентавала новае бачанне культурнага жыцця. Разлічваць на тое, што спецыяльныя ўстановы ці носьбіты вытанчанага густу дадуць магчымасць схадзіць у тэатр ці на канцэрт, – учарашні дзень. Цяпер кожны можа ствараць змест і адначасова быць ягоным спажывальнікам.
Наталля марыць рэгулярна ладзіць прэзентацыі творчых праектаў людзей з розных сфераў з Бабруйска і іншых гарадоў. У нейкім сэнсе тайм-кавярня ўжо займаецца гэтым. Наталля раздала каляндар культурнага бабруйчаніна на люты: у наступным месяцы жыхары горада згенеравалі 6 відаў мерапрыемстваў. Усё гэта будзе адбывацца па-за сценамі прафесійных установаў, не патрабуе вялікіх рэсурсаў ды актыўна транслюецца ў сацыяльныя сеткі.
“Мы выкупаем даменнае імя kultura0.3.by. Гэта будзе сайт – “хуткая культурная дапамога” для малых гарадоў”, – дзеліцца планамі Наталля Халанская. Калі ў 2018 годзе званне культурнай сталіцы пераедзе ў іншы горад, разам з ім можа перавандраваць і віртуальная пляцоўка.
Думай глабальна – дзейнічай лакальна. Развіццё тэхналогій паставіла старое як свет правіла пад сумнеў. Дзякуючы жывой трансляцыі імпрэзы ў Інстаграм пра падзею акрамя прысутных у тайм-клубе даведалася яшчэ 112 чалавек. Паводле Наталлі, гэта таксама адзін з элементаў культуры 3.0.
Хрысціна Марчук
Фота Зарыны Кандрацьевай