Паэтка Антаніна Хатэнка і вядомы артыст Піт Паўлаў правялі культурніцкую сустрэчу з вучнямі 23 гімназіі г. Мінска 1 верасня.
На працягу 2-х урокаў Антаніна і Піт размаўлялі, разважалі, праводзілі конкурсы і спявалі з дваццацю васьмікласнікамі.
А. Хатэнка: “Дзеткі маўклівыя, але ад песняў Піта пад гітару разварушыліся. Большая частка размаўляла з намі на беларускай мове”.
На сустрэчы склалася атмасфера даверу. Антаніна Хатэнка і Піт Паўлаў праводзілі геаграфічна-гістарычныя конкурсы.
Дзеці, нягледзячы на першы дзень пасля доўгіх канікул, паказалі сабе абазнанымі, адукаванымі. Пад канец нават заспявалі разам з Пітам Паўлавым.
А. Хатэнка: “Асноўнай тэмай нашай размовы была такая: Дух прыроды, Дух Зямлі, дух бацькоў – гэта тое, што нас сілкуе і засланяе ад усіх нягод, але калі забыўся на асноўныя нашыя каштоўнасці, то і адчуваеш сябе чужынцам на роднай зямлі”.
Сустрэча адбылася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Мінск