Аптычная ілюзія Людмілы Клачко

Які беларускі паэт збярэ канцэртную залу “Мінск” (няхай і малую) на свой творчы вечар? А вось маладая паэтка Людміла Клачко змагла. Карэспандэнт “Будзьмы” схадзіла на імпрэзу, каб даведацца, у чым тут сакрэт.

Афіша абяцае нам нешта надзвычайнае: “Паэтычны арт-хаос” члена Саюза беларускіх пісьменнікаў”. Гучыць гэта, канечне, троху як аксюмаран, але важна, што 24-гадовая Людміла, калі верыць біяграфіі, —на сёння самая маладая ўдзельніца пісьменніцкай арганізацыі Мікалая Чаргінца.

На сцэне Людміла з’яўляецца ў кампаніі музыкаў. Яна ў пунсовай адкрытай сукенцы і з чырвонай кветкай у валасах, і ёсць спадзеў, што зараз будзе штосьці спякотна-іспанскае. Гітарыст Сяргей Бутоўскі сапраўды адразу заводзіць пералівістае фламенка, да якога з задуменным саксафонам далучаецца Віталь Ямуцееў з гурта “Apple tea”, а Людміла чытае верш-вітанне, які заканчваецца паэтычнай гатоўнасцю да рукапаціскання: “Значит, что-то еще впереди, я вас встречу рукой”. Наперадзе гледачоў чакаюць амаль паўтары гадзіны Людмілінай творчасці.


 
 
Пытанне, што ж трэба рабіць паэтцы, каб выступіць у канцэртнай зале “Мінск”, узнікла таксама ў вядоўцаў праграмы “Дыяблог” на “БТ”, куды Людмілу Клачко запрасілі напярэдадні ў якасці госці. Там яна сціпла адказвае, што насамрэч не трэба нічога асаблівага, “справа толькі ў грошах”. А падчас канцэрта дадае, што хоць і выступала на розных пляцоўках у тым ліку ў Маскве, але смелыя амбіцыі хацела спраўдзіць менавіта на радзіме. “Альберт Эйнштэйн казаў: нешта атрымліваецца ў тых, каго не папярэдзілі, што гэта немагчыма, – разважае Людміла, – вось мяне не папярэдзілі. Хаця потым ужо казалі, што паэзія сёння нямодная, але вы, прыйшоўшы сюды, разбіваеце гэтае меркаванне”. На імпрэзе, вядома ж, былі сябры, знаёмыя і калегі паэткі (Мікалая Чаргінца не было), а прыхільнікі не пашкадавалі грошай за ўваходны квіток.

Цікава, што самая папулярная расійская паэтка, якая практыкуе якраз такую канцэртную форму выступаў, Вера Палазкова, не ўразіла Людмілу Клачко манерай чытання.  “Падачы няма, – кажа Людміла ўсё ў тым жа інтэрв’ю на БТ, – яна проста чытае творы, перагортваючы аркушы на пюпітры, няма ўражання, што яна так сапраўды адчувала”.  Сама Людміла лічыць, што чытанне паэзіі павіннае хваляваць, таму яна нават вывучае кнігі па акторскім майстэрстве. І ў яе сапраўды атрымліваецца быць такой пяшчотна-спакушальнай, адначасова палкай, драпежнай і анёлкава сціплай у падачы сваіх твораў.  Тым больш тэксты Людмілы самаўлюбёна і наўпрост расказваюць нам пра яе спасціжэнне ўласнай глыбіні: “Я стою в неглиже. И в себя окунаюсь, как в море!” альбо пра ўнутраны дыялог: “А бог читать по-русски не обучен. О чем я говорю сама с собой?”

Тым нечаканей павінен быў прагучаць адзін з нешматлікіх твораў грамадзянскай лірыкі, які Людміла напісала летам, у свой дзень народзінаў. У ім яна гаворыць пра тое, што “по соседству идет война”, а галоўная думка ў прынцыпе такая: вайна – гэта дрэнна.

У чарговай паўзе паміж музычна-вершавальнымі кампазіцыямі аўтарка распавядае, што людзі часта заўважаюць у яе паэзіі містыку, дэманалогію і варажбу. “Дарэчы, пра варажбу: маёй маме некалі наваражылі, што ў яе дачка вельмі таленавітая”, – усміхаецца паэтка, сарамліва апусціўшы вочы.

Насамрэч Людміла Клачко зрабіла цікавую рэч: яна змагла стварыць аптычную ілюзію – рыхтык як з той нашумелай сукенкай, якая то чорна-сіняя, то бела-залатая. Арыентуючыся на фон, святлацені ды нашыя ўяўленні пра колеры, мозг сам дадумвае дэталі карцінкі, якая ў выніку адрозніваецца ад рэальнай. Так і з выступам Людмілы Клачко. Ёсць амаль запоўненая зала, мяккае сцэнічнае святло, ёсць гледачы з ахапкамі ружаў (некаторыя нават выкрыкваюць “Брава!”), ёсць павольны сівы саксафаніст і нервовая пранізлівая гітара, ёсць тонкая пачуццёвая дзяўчына ля мікрафона, ёсць яе чароўны мядовы голас, які чытае рыфмаваныя словы пра “парваную душу”, пра анёлаў і дэманаў. Мозг падманваецца і амаль пачынае ўспрымаць усё гэта ўсур’ёз… Паэзіі толькі, здаецца, пакуль бракуе. Але гэта сапраўды адзіная дробязь, якой не стае для паўнаты вобраза.

Хтосьці можа запярэчыць (ды і мы б запярэчылі самі сабе) – а як жа ўсе гэтыя дыпломы, прэміі? І ладна яшчэ перамога ў “Конкурсе аднаго верша – 2014” на Літаратурным сайце Рэспублікі Мардовія, але Людміла сёлета ўвайшла ў лонг-ліст “Рускай кнігі”. На гэта насамрэч нам няма чаго сказаць, у свеце ўвогуле шмат невытлумачальнага. Дадамо, што паэтка мае ўласны сайт (poetry.by), дзе апроч вершаў ёсць раздзел з яе афарызмамі, сярод якіх, напрыклад, такі: “Калі чалавек хоць раз плакаў над маімі вершамі, то ён ніколі не будзе з мяне смяяцца”. Магчыма, у гэтым прычына: мы проста не плакалі.

 

Тэкст і фота  Аляксандры Дорскай