Арцём Мартыновіч: “Схаваная сцяжына гісторыі прывяла мяне да патрыятызму”

artiom-martynovich

— Маё адчуванне сябе як беларуса складвалася паступова. Пакрысе на маёй свядомасці заставаліся адбіткі пачутых гісторыяў, прачытаных кнігаў, праслуханай музыкі. Але карані беларускай свядомасці нарэшце трэба шукаць у дзяцінстве. Гісторыі з лясной міфалогіі Палесся, якія апавядаў мне мой дзед, ды ліхаманкавая палітызаванасць грамадства 90-х падчас майго дзяцінства стварылі зачаткі беларускасці ў маёй душы.

Пазней былі добрыя настаўнікі ў школе і падручнікі па гісторыі ад Лойкі да Біча. Калі я быў вучнем старэйшых класаў, мой стрыечны брат ужо вучыўся на гістфаку. Гэтым было абумоўленае маё добрае веданне гісторыі і далейшы выбар будучай спецыяльнасці. Схаваная сцяжына гісторыі прывяла мяне да патрыятызму.

Уся таямнічасць гераічнай спадчыны ўзяла мяне ў абдымкі ўласнага гонару за далёкіх продкаў. Да гістарычнай зацікаўленасці далучыліся творы волатаў беларускай літаратуры. Трагічнасць Быкава, ціхі патрыятызм Коласа ды Купалы, рэвалюцыйная прыгажосць Багдановіча склаліся ў адну мазаіку ў маім сэрцы. Яшчэ пазней я стаў студэнтам гістфаку, дзе мае школьныя веды па гісторыі ды культуры, удасканаленыя адукацыйнай праграмай, пашырылі межы маёй беларускай свядомасці.

Арцём Мартыновіч, перакладчык

Аб праекце “Як я стаў беларусам”