АРТагляд 10—16 кастрычніка

10.10.2011 Мастацтва

Падзея тыдня фотавыстава Міхала Анемпадыстава Under Ground. Яна адкрыецца 14 чэрвеня а 18-й гадзіне ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў. Пра карані і карэньчыкі беларускага этнасу, а таксама пра ўлюбёную бульбачку, бурачкі ды хрэн расказвае і паказвае (вул. Брылеўскага, 14) Міхал Анемпадыстаў.

Сучасныя дызайнеры ўсё часцей звяртаюцца да народнай спадчыны ў пошуках арыгінальных ідэй. Што з гэтага атрымліваецца, можна ўбачыць, наведаўшы выставу канцэптуальных этна-праектаў маладых дызайнераў, студэнтаў Беларусі і Польшчы. Выстава арганізаваная па выніках этна-праекту “Польска-беларускія этнаграфічныя практыкі ў маладым дызайне”. Экспазіцыя працуе да 14 кастрычніка ў памяшканні Саюза дызайнераў.

У мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” працуе выстава керамікі “Кола агню” па выніках міжнароднага пленэра “Арт-жыжаль”. Мастакі-керамісты з Беларусi, Балгарыi, Казахстана, Лiтвы, Латвii, Малдовы, Польшчы, Расii, Турцыi, Украiны выставілі найлепшыя ўзоры дэкаратыўнай керамікі самага рознага зместу і формы.

Некаторыя ілюстрацыі да гісторыі культуры нашай краіны можна ўбачыць на манаграфічнай выставе Зоф’і Хамянтоўскай “Паміж кадраў. Фатаграфіі з 1925 — 1945 гадоў”. Вядомая польская мастачка, сябра элітарных фатаграфічных таварыстваў міжваеннай Польшчы, нарадзілася і вырасла на Палессі. Менавіта ў гэтым рэгіёне Беларусі, шматкультурным, маляўнічым і недасягальным, Зоф’я пачала свой творчы шлях.

На бруднае дно чалавечай памяці, дзе ў сховішчах несвядомага захоўваецца кожнае здарэнне нашага жыцця, нам прапануе апусціцца А.Р.Ч. “Мастака, які працуе пад псеўданімам А.Р.Ч., можна вызначыць як тыповага прадстаўніка ар брут (“грубае мастацтва”), мастацтва аўтсайдараў, якое характарызуецца маргінальным стаўленнем да прафесійнай сістэмы мастацтва, брутальнасцю і інтуітыўным характарам творчасці…” — перасцерагаюць гледачоў куратары галерэі “Ў”. Вобраз Чыкацілы — ключавы ў выставе “Як у жахлівай казцы”: партрэт Чыкацілы, які чытае лекцыю сваім ахвярам, партрэты саміх ахвяраў забойцы, працы, прысвечаныя іншым савецкім маньякам, пакладзеныя ў аснову твораў.