
Тэмамі гэтага тыдня сталі скульптура ў гарадскім асяродку, а менавіта памятныя дошкі простым людзям М. Бялько і біяскульптуры Р. Сяргеева і мастацтва прэзентацыі сябе. Да апошняга адносяцца паказы модаў у межах фестывалю мастацтваў “Мамант”, кастынг для праекту Koufar-in-Motion і літаратурныя чытанні.
Фестываль сучаснага мастацтва і авангарднай моды “Мамант” запрашае на конкурсныя паказы авангарднай моды, відэа-арта і бодзі-арта 1 кастрычніка, а таксама на майстар-клас для дызайнераў і гала-паказ найлепшых калекцый 2 кастрычніка якія пройдуць у Нацыянальнай школе прыгажосці.
Для тых, хто чакае магчымасці паспрабаваць сябе ў якасці актора, – кастынг удзельнікаў пастаноўкі арыгінальнай сцэнічнай дзеі «Станцыя Мінск» (праект Koufar-in-Motion). Кастынг адбудзецца 26 верасня а 10-й гадзіне ў актавай зале філфака БДУ. Таксама арганізатары фестывалю “Тэатральны куфар” запрашаюць на майстар-класы тэатральнага рэжысёра, бакалаўра гісторыі тэатра Петара Фаргаша (Венгрыя) і тэатральнага актора, магістра сацыякультурных навук Жузэ Гуэрэйру (Партугалія).
“Усё будзе так, як не хоча ніхто”, – абяцае сваім слухачам Енс Нільзэн. Крытыкі пішуць, што тэксты гэтага швейцарскага пісьменніка поўныя ўласцівага толькі яму гумару, маюць паэтычныя і адначасова вычварныя рысы, пастаянна збочваючы ў невядомыя прасторы. Двухмоўныя чытанні (нямецкая і беларуская мовы) з удзелам Віталя Краўчанкі адбудуцца ў Доме дружбы 26 верасня а 18-й гадзіне.
Пад назвай “Дызайн ландшафтных настрояў” адкрылася выстава ізраільскага дызайнера і скульптара Руслана Сяргеева, выхадца з Беларусі, выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У Беларусь мастак прывёз фотаздымкі сваіх грандыёзных паводле маштабу і задумы ландшафтных скульптур, створаных паводле назіранняў за жывёльным і раслінным светам. Выстава працуе да 9 кастрычніка ў Музеі гісторыі горада Мінска.
У працяг тэмы гарадской скульптуры — праект Мікалая Бялько “Трансфармацыя” (у межах конкурсу Smart Art). Мастак спрабуе знайсці ўласную альтэрнатыву канонам: напрыклад, прапануе прысвячаць памятныя дошкі простым людзям, вывешваючы іх у спальных раёнах горада. Адкрыццё адбудзецца ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” 29 верасня а 19-й гадзіне, уваход вольны.
Музей-майстэрня Заіра Азгура прапануе выставу “XI стагоддзяў гісторыі Беларусі”, у межах якой прадстаўленыя працы творчага аб’яднання беларускіх скульптараў “Блок”. У склад аб’яднання ўваходзяць В. Копач, В. Мацкевіч, В. Борзды, К. Касцючэнка, П. Леонаў, А. Вараб’ёў, А. Шапо, К. Мужаў, П. Вайніцкі, М. Петруль, К. Селіханаў. Працягам праекту стане стварэнне «Парка скульптуры» пад адкрытым небам на тэрыторыі зялёнай зоны вуліц Першамайская, Захарава, Чапаева горада Мінска.