АРТагляд 3—9 кастрычніка

03.10.2011 Мастацтва

Майстар-класы па розных кірунках графічнага дызайну, кірмашы хэнд-мэйду і відовішчныя імпрэзы дапамогуць вам заняць сябе на гэтым тыдні.

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва працягвае працу выстава лагатыпаў, сярод якіх, напрыклад, ёсць графічны знак рок-фестывалю “Басовішча”. Ля помніка Якубу Коласу вас сустрэне балерына ў ластах — персанаж (аўтар У. Цэслер) аднаго з плакатаў беларускіх і польскіх аўтараў, выстаўленых пад адкрытым небам.

У межах гэтага ж праекту “Дызайн-Дыялог” цягам чатырох дзён — з 6 па 9 кастрычніка — польскія мастакі правядуць семінары па графіцы, а таксама лекцыі, на якіх вы зможаце пазнаёміцца са спецыфікай працы польскіх дызайнераў, іх філасофіяй і крыніцамі натхнення. Сустрэчы адбудуцца па раскладзе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Фестываль завершыцца незвычайным мультымедыйным канцэртам, падчас якога творчым дуэтам выступяць польскі мастак Міхал Межва і беларускі ды-джэй Павел Амбіёнт. Музычная імпрэза распачнецца а 20-й гадзіне 8 кастрычніка ў Нацыянальнай школе прыгажосці.

8 кастрычніка польская альтэрнатыўная тэатральная трупа “WICZY” прадставіць спектакль “Я” ў межах культурнай праграмы старшынства Польшчы ў Радзе ЕС. Монаспектакль уяўляе сабой лёгкую форму вадэвіля, поўную стэпу, джазу, мiмікі. Рэжысёр — Р. Віча-Пакойскі, актор – К. Вячынскі, пачатак а 20-й гадзіне, вул. Камуністычная, 86.

Амаль штомесячнай падзеяй сталі выставы і распродажы вырабаў прафесійных беларускіх дызайнераў і пачаткоўцаў. Гэты тыдзень не выключэнне. 8 кастрычніка адбудзецца “Модны Маркет «Yes, it’s Hot!»” у Loft cafe. У мерапрыемстве возьмуць удзел больш за 40 беларускіх дызайнераў адзення і брэндаў, сярод якіх My Happy Dress, Killtoday, Historia Naturalis, EzCase, аўтары Ю. Бабій, Л. Лабкова, дуэт Т. Яфрэмавай і Т. Гарыдавец і інш. 8 і 9 кастрычніка пачынаючы з 12-й у Нацыянальным гістарычным музеі РБ, у музычным суправаджэнні творчага аб’ядняння «Вежа мiру», будзе працаваць кірмаш HandMade майстроў форума REMESLA.BY.