АртАгляд на 7-13 лістапада

07.11.2011 Мастацтва

ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА

8 лістапада ў Малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў межах традыцыйнага штогадовага праекту “Новая калекцыя” акрыецца выстава, мэта якой – пазнаёміць гледача з апошнімі паступленнямі ў фонды музея. На ёй вы зможаце ўбачыць творы, афіцыйна купленыя ў сучасных беларускіх мастакоў за дзяржаўныя грошы. Аснову экспазіцыі склалі творы былых удзельнікаў мастацкага аб’яднання “Няміга-17” – жывапісцаў Анатоля Кузняцова, Сяргея Кірушчанкі, Наталлі Залознай і керамісткі Тамары Сакаловай, лідараў беларускага абстрактнага і канцэптуальнага мастацтва.

На 7 лістапада ў Палацы мастацтваў запланаваныя тры адкрыцці: юбілейная мастацкая выстава Алеся Марачкіна, выстава секцыі графічнага дызайну “Рэтраспекцыя плаката” і рэспубліканская мастацкая выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і габелена “Прастора і форма”.

Галерэя “Ў” 11 лістапада а 18-й гадзіне запрашае на публічную лекцыю Андрэя Дурэйкі “ПРА______________БЕЛ”, у межах якой адбудзецца абмеркаванне нашага мастацтва за мяжой , а таксама на прэзентацыю кнігі мастака Сяргея Кірушчанкі “Чатыры інтэрв’ю”. Тут жа 12 лістапада а 15-й гадзіне адбудзецца круглы стол “Ці магчыма сацыяльна арыентаванае мастацтва ў Беларусі?”

13 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы плануецца адкрыццё ІІI Мінскага міжнароднага фестывалю лічбавага мастацтва Terra Nova”. Вы можаце ўзяць удзел у конкурснай і выставачнай праграме фестывалю, звязаўшыся з яго каардынатарамі.

КІНО

5 лістапада адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця “Лістапада”. За безліччу шэдэўраў і шараговых фільмаў кінафестывалю не прапусціце ўласна беларускае кіно. Па-за конкурсам адбудзецца паказ дакументальных фільмаў айчынных рэжысёраў: “Маляваны рай”, рэж. Г. Адамовіч, “Старыя фотаздымкі”, рэж. С. Агеенка, “Драўляны народ”, рэж. В. Аслюк, “Серыя Помнікі”, рэж. В. Мілаш, К. Мар’янкова, М. Жукава, І. Чышчэня, . Паказы пройдуць 11 лістапада ў кінатэатры “Цэнтр-відэа”. А ў Доме кіно на Талбухіна з 7 па 9 лістапада бясплатны паказ паўднёвакарэйскай панарамы фільмаў. Падрабязней праграму паказаў глядзіце на афіцыйным сайце.

ТЭАТР

11 лістапада адбудзецца некалькі тэатральных прэм’ер у нязвыклым для беларусаў фармаце. На сцэне Палаца спорту – фантастычнае авангарднае шоу-перфоманс са спецэфектамі “Планета Лем” (Польшча). Героі “Планеты Лем” – людзі і машыны будучыні, якіх выдумаў і прадбачыў польскі фантаст Станіслаў Лем. Падарожжа ў свет антыўтопіі крытыкі раяць глядзець усёй сям’ёй. Адначасова на сцэне Малой залы Палаца Рэспублікі пройдзе кінематаграфічны спектакль у фармаце кінаканцэрту “Жорж Мельес” (Францыя). Ж. Мельес першым выкарыстаў камеру, каб зняць гісторыю і стварыць гульнёвае кіно. Падчас кінаканцэрту будуць паказаныя кінаролікі славутага француза ў суправаджэнні традыцыйных для паказаў 1900-х гадоў піяніста і зазывалы.

Алеся Раманюк