На сустрэчы, арганізаванай “СоларТур”, экскурсаводы, тураператары і выкладчыкі распавялі аб праблемах турыстычнага бізнесу, аб самых цікавых месцах Гродзеншчыны і прапанавалі новыя маршруты для адпачынку.
Напрыклад, менавіта ў Гродзенскай вобласці можна ўбачыць аўтэнтычную пушчу.
Большасць помнікаў у Беларусі – археалагічныя, а іх даволі складана паказваць. Менш за ўсё ў Беларусі помнікаў мастацтва.
– У Гродзенскай вобласці шмат аб’ектаў культурнай спадчыны, але ўсе яны знаходзяцца на адлегласці да 18 км адзін ад аднаго. Таму часта экскурсіі завязаныя на транспарце, – кажа Сяргей Данскіх, загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны ГрДУ.
Часцяком туры па маленькіх мястэчках цікавей і эканамічней. Да таго ж, усюды ёсць сталовыя і кафэ, дзе можна нядорага паесці ўсёй групай. У Залессі можна паглядзець на шляхецкі двор Адама Міцкевіча, дзе практычна ўсе рэчы аўтэнтычныя і адлюстроўваюць эпоху. У Старых Васілішках можна наведаць домік славутага музыкі Чэслава Немэна. Там паставяць яго кружэлкі, каб наведвальнікі маглі лепш адчуць час, у які жыў музыка. У вёсцы Гудзевічы пакажуць унікальную тэхналогію двухбаковага ткацтва, а ў Іўе – храмы розных канфесій: мячэць, сінагогу, царкву і касцёл. У Іўе, дарэчы, знаходзіцца паменшаная копія статуі Ісуса Хрыста з партугальскай Алмады (некаторыя кажуць, што гэта копія статуі з Рыа-дэ-Жанейра). Гальшаны прыцягваюць руінамі замка і сваёй легендай пра Белую Даму, Крэва – сваёй гісторыяй. А ў Гервятах можна палюбавацца самым высокім храмам Беларусі.
Гродзенскі краязнаўца і экскурсавод Ігар Лапеха прапанаваў аднадзённы маршрут у Брэсцкую вобласць: Брэст-Камянец-Пружаны-Ружаны-Косава-Кобрын. Замест Брэсцкай крэпасці можна наведаць фарты, якія не саступаюць ёй па моцы. Да таго ж, у фарты можна спускацца, а ў крэпасці паказваюць толькі экспазіцыю.
Чатыры аб’екты ў Беларусі занесены ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА: Мірскі замак, Палацава-паркавы комплекс Радзівілаў у Нясвіжы, Геадэзічная дуга Струвэ і Белавежская пушча. Аўтэнтычную пушчу з яе густымі лясамі можна ўбачыць толькі ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці, бо ў Брэсцкай знаходзіцца сядзіба Дзеда Мароза і пушча хутчэй турыстычная, чым першародная.
Геадэзічная Дуга Струвэ – выдатны варыянт для актыўнага турызму. А замест лініі Сталіна ў Мінску можна наведаць гродзенскія фарты і лінію Молатава. У Гродне можна абыйсціся і без транспарту. Пешую экскурсію тут можна весці цэлы дзень, гуляючы па старым горадзе, лічыць Данскіх.
Аказваецца, большасць турфірмаў разлічана на беларусаў, якія выязджаюць, а не на замежнікаў. З 60 гродзенскіх турфірмаў толькі 20 арыентавана на экскурсіі па Беларусі. Гэта праблема не толькі для турызму, але і для беларускай эканомікі.
Алена Кавальчук, grodno.greenbelarus.info