Нядаўна кампанія “Будзьма беларусамі!” зладзіла грамадскую дыскусію “Бабруйск: якім мы хочам бачыць свой горад?”, дзе жыхары Бабруйска абмяркоўвалі візуальнае аблічча горада. Выявілася, што далёка не ўсе бабруйчане ў захапленні ад процьмы баброў-скульптур, малюнкаў, дэталяў вулічнай агароджы. Пры гэтым сам горад мае глыбокую гісторыю, чым вядомы нават за мяжой, а ў самім горадзе гэта амаль не адлюстравана. Неабыякавыя жыхары агучылі шмат цікавых ідэй і прапаноў. І цяпер набліжаецца той самы час, калі гэтыя задумы і прапановы не проста маюць шанец, а мусяць быць заўважанымі і здзейсненымі!
Для гэтага ёсць дзве добрыя нагоды.
Першая: Бабруйск абраны культурнай сталіцай Беларусі ў 2017 годзе.
Другая: грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання “СІМПА” запрашаюць да ўдзелу ў “Кірмашы праектаў”!
У вас ёсць ідэі, што і як трэба дадаць да культурнага жыцця Бабруйска? Чаго бракуе для камфортнага жыцця і пазнавальнага адпачынку жыхарам і гасцям горада? Якіх падзеяў і з’яў не хапае, каб бабруйчане адчувалі еднасць?
Тады “Кірмаш праектаў” для вас!
Што такое “Кірмаш праектаў”?
“Кірмаш праектаў” — фармат публічных мерапрыемстваў, які ўяўляе сабой конкурс ідэй, здольных вырашыць культурніцкія і/ці сацыяльныя праблемы. Кампанія “Будзьма беларусамі!” ладзіць такія конкурсы ў розных гарадах Беларусі, каб дапамагчы жыхарам горада знайсці выйсце ў рашэнні важных мясцовых пытанняў.
Як адбываюцца “Кірмашы праектаў?”
Кірмаш праектаў праходзіць у 3 этапы:
Этап 1. Збор ідэяў
Удзельнічаць у конкурсе можа любы ахвочы незалежна ад статусу і ўзросту. Дастаткова падаць заяўку і апісаць ідэю, якая нясе карысць грамадству і можа палепшыць культурнае жыццё Бабруйска.
Праекты ў фармаце прэзентацый PowerPoint і аналагічных з пазначэннем дадзеных удзельніка (прозвішча, імя, арганізацыя, назва праекта, кантактны нумар тэлефона) дасылайце да 18 студзеня 2017 года ўключна на kirmash.praektau@gmail.com з пазнакай “Кірмаш праектаў-Бабруйск”
Этап 2. Публічная прэзентацыя ў фармаце “маланкавай размовы” (5-7 хвлін, якія даюцца на ваш выступ). Дата будзе абвешчаная дадаткова
Падчас прэзентацыі ВЫ ЗМОЖАЦЕ:
- распавесці пра свой праект/ідэю шырокай і невыпадковай аўдыторыі;
- апрабаваць і прарэкламаваць свае задумы;
- атрымаць экспертную і народную ацэнку свайго праекта;
- знайсці аднадумцаў, партнёраў, валанцёраў, пляцоўкі і рэсурсы для рэалізацыі вашай ідэі;
- пазнаёміцца з іншымі цікавымі і ініцыятыўнымі людзьмі свайго горада;
- натхніць сваім прыкладам тых, хто таксама мае файныя ідэі, але пакуль не асмеліўся выйсці з імі на публіку;
- і тым самым зрабіць свой унёсак, каб статус культурнай сталіцы Беларусі для Бабруйска быў не толькі намінальным, а насыціў год цікавымі для бабруйчан падзеямі і дапамог гораду выйсці на новы культурны ўзровень!
Падчас прэзентацыі праекты пабачаць афіцыйныя асобы і незалежныя прадстаўнікі культуры, грамадскія актывісты, прадстаўнікі бізнесу, турызму і іншыя зацікаўленыя, з кім будзе карысна абмеркаваць вашую прапанову ў дэталях.
Этап 3. Адбор і абвяшчэнне пераможцаў
Пасля выніковай імпрэзы экспертная рада адбярэ найбольш цікавыя і абгрунтаваныя праекты, з прадпрымальнай камандай і канкрэтнымі крокамі па рэалізацыі, новымі падыходамі да вырашэння праблем і культурна-сацыяльным кірункам. Кампанія “Будзьма беларусамі!” і “СІМПА” акажуць усю магчымую дапамогу: ад кансультацый да рэалізацыі.
Што трэба ўключыць у прэзентацыю?
- Назва, мэта і сутнасць ідэі;
- Чаму і каму гэты праект неабходны?
- Калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца?
- Якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія — шукаеце? (каманда, партнёры, бюджэт).
Інструкцыя па падрыхтоўцы прэзентацыі:
Як праходзілі Кірмашы праектаў у розных гарадах Беларусі, глядзіце тут.
Ёсць пытанні?
Мы адкажам: kirmash.praektau@gmail.com, (29) 191 22 67, (29) 319 93 09.
Чакаем вашых ідэй! Разам да справы!
Глядзіце таксама: